Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Узбэкістану на паўгода забараніў міністэрствам прымаць новыя прававыя акты


Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў

Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў забараніў усім міністэрствам і ведамствам краіны прымаць новыя ведамасныя нарматыўна-прававыя акты ў пэрыяд з 1 ліпеня 2020 году да 1 студзеня 2021 году.

Як паведамляе тэлеграм-канал Міністэрства юстыцыі Ўзбэкістану, абмежаваньне ўведзенае, каб «сыстэматызаваць заканадаўства» і скараціць «залішняе прававое рэгуляваньне».

У парадку выключэньня ведамствы могуць прымаць рашэньні аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў ва ўжо дзейнае заканадаўства, прызнаваць нейкія рэгуляцыі несапраўднымі або аб’ядноўваць некалькі рэгуляцый у адну.

У прэзыдэнцкім указе асобна адзначана, што нормы аб адказнасьці фізычных і юрыдычных асобаў усталёўваюцца выключна законамі, а ня ведамаснымі або іншымі актамі.

Міністэрствам таксама на паўгода забаронена самастойна ўсталёўваць плацяжы i зборы з грамадзянаў і арганізацый, у тым ліку за дазвольныя дакумэнты.

Мірзіёеў раней ужо абяцаў спрасьціць дзяржрэгуляваньне для бізнэсу і прыватных асобаў, сярод іншага, увесьці сыстэму «аднаго акна» пры атрыманьні дапамог і афармленьні дакумэнтаў. Але пакуль многія яго ініцыятывы ў гэтай галіне застаюцца дэкляратыўнымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG