Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы год прэзыдэнцтва Зяленскага: што казаў і што зрабіў?


У кабінэтах чыноўнікаў ва Ўкраіне няма партрэтаў прэзыдэнта. Што яшчэ зьмянілася за год кадэнцыі Ўладзіміра Зяленскага?

20 траўня споўніўся адзін год, як Уладзімір Зяленскі атрымаў прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. З гэтай нагоды ён правёў трохгадзінную прэсавую канфэрэнцыю і расказаў, як ён ацэньвае першыя вынікі сваёй дзейнасьці на пасадзе прэзыдэнта, што зрабіў за першы год і што будзе рабіць у наступныя 4 гады прэзыдэнцтва.

Свабода параўнала сёньняшнія выказваньні Зяленскага з заявамі ў часе выбарчай кампаніі і адразу пасьля яе завяршэньня і пашукала адказу на пытаньне, чаго яму ўдалося дамагчыся насамрэч.

«Каранавірусны фармат» сустрэчы з журналістамі

Ва ўмовах карантыну для папярэджаньня пашырэньня каранавірусу прэсавая канфэрэнцыя была арганізаваная пад адкрытым небам каля Марыінскага палаца — ён побач з будынкам Вярхоўнай Рады і служыць адной з рэзыдэнцый прэзыдэнта, у ім праводзяцца ўрачыстыя цырымоніі.

На прэсавую канфэрэнцыю трапілі ня ўсе журналісты, хто хацеў. А дапушчаных разьмясьцілі на неабходнай сацыяльнай дыстанцыі.

Уладзімір Зяленскі ў масцы
Уладзімір Зяленскі ў масцы

Пра мір на Данбасе

Заява 2020 году. Уладзімір Зяленскі 20 траўня 2020 году сказаў, што будзе да апошняга прытрымлівацца менскага перамоўнага працэсу, але ў ім павінны браць удзел не прадстаўнікі так званай «ЛДНР», якія маюць расейскае грамадзянства, а грамадзяне Ўкраіны, які пражываюць на часова акупаваных тэрыторыях.

Прэзыдэнт Украіны перакананы ў неабходнасьці правядзеньня сваіх сустрэч наўпрост з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, нягледзячы на тое, што грамадзтва гэтага не ўспрымае:

«Я ўпэўнены, што мы павінны рабіць гэта... Ёсьць некаторыя рэчы, якія вы можаце зразумець, толькі калі вы сам-насам».

Апроч таго, Зяленскі падкрэсьліў, што ніколі не заклікаў не страляць на фронце ў адказ:

«Мы не правакуем, мы змагаемся за нашу краіну. Калі ў нас будуць страляць, мы адкажам, але ня будзем першымі страляць».

Цягам году былі разблякаваныя перамовы ў нармандзкім фармаце і працэс абмену палоннымі (адбыліся тры абмены, баевікі з акупаваных тэрыторый перадалі ўкраінскай уладзе 135 чалавек), але сярод вызваленых аказаліся людзі, якіх падазраюць у катаваньнях.

Што казаў Зяленскі ў 2019 годзе? Перад уступленьнем на пасаду прэзыдэнта Ўладзімір Зяленскі заявіў, што сваёй найгалоўнейшай задачай бачыць спыненьне вайны на Данбасе і дзеля гэтага «гатовы на ўсё»:

«Я дакладна не баюся ўхваляць складаныя і непапулярныя рашэньні, губляць сваю папулярнасьць і рэйтынгі. І калі будзе трэба, я без ваганьняў гатовы страціць сваю пасаду, каб толькі наступіў мір». Гэтыя словы ў парлямэнце сустрэлі аплядысмэнтамі.

Што адбылося? Цягам году былі разблякаваныя перамовы ў нармандзкім фармаце і працэс абмену палоннымі (адбыліся тры абмены, баевікі з акупаваных тэрыторый перадалі ўкраінскай уладзе 135 чалавек), але сярод вызваленых аказаліся людзі, якіх падазраюць у катаваньнях.

Пра адзін тэрмін на пасадзе і зьмену сыстэмы

2020 год. Уладзімір Зяленскі прызнаў складанасьць дзейнасьці на пасадзе прэзыдэнта і тое, што яму ня ўсё ўдалося зрабіць. І дадаў — каб зрабіць усё, аднаго тэрміну недастаткова.

«Шчыра? Адной кадэнцыі ня хопіць. Я іду на адзін тэрмін, як я сказаў. Я бачу, што праца складаная, ніхто ня скажа дзякуй, але калі будзе вялікая падтрымка з боку ўкраінскага народу, я змагу пра гэта думаць. Буду думаць, у мяне ёсьць чым».

2019 год. Перад сваім удзелам у прэзыдэнцкіх выбарах Уладзімір Зяленскі заяўляў, што ідзе ў прэзыдэнты на адзін тэрмін, каб зьмяніць сыстэму дзеля будучыні.

Што адбылося? Адным зь лёзунгаў выбарчай кампаніі Зяленскага было абяцаньне распрацаваць і ўхваліць у парлямэнце праект закону аб народаўладзьдзі. Аднак дагэтуль ініцыятыва не рэалізаваная.

Пра ўрад і новых палітыкаў

2020 год. Уладзімір Зяленскі заявіў, што ва Ўкраіне дэфіцыт «прафэсійных і чыстых кадраў»:

«Зараз я не магу знайсьці добрага міністра культуры. Разам з прэм’ер-міністрам мы шукаем, мы зьвярталіся да нашай культурнай супольнасьці. Нам вельмі цяжка знайсьці міністра адукацыі, энэргетыкі. Незалежна ад таго, каго мы бяром у сфэры энэргетыкі, на наступны дзень СМІ пішуць: гэта менавіта чалавек Ахметава, альбо чалавек Каламойскага альбо спадара Пінчука. Дык скажыце мне, дзе незалежныя энэргетыкі краіны? Яны ёсьць? Дайце мне! Я не магу знайсьці шмат людзей, якія былі б і прафэсійныя, і чыстыя, на жаль».

2019 год. «Урад не вырашае нашых праблем, урад і ёсьць наша праблема», — такую цытату Рональда Рэйгана скарыстаў Уладзімір Зяленскі ў сваёй інаўгурацыйнай прамове.

«Маё абраньне даводзіць: грамадзяне стаміліся ад дасьведчаных сыстэмных, надзьмутых палітыкаў, якія за 28 гадоў стварылі краіну магчымасьцяў адкатаў, патокаў і дзерыбанаў».

Што адбылося? Праз паўгода пры ўладзе ўрад, сфармаваны Зяленскім большасьцю галасоў у Вярхоўнай Радзе, падаў у адстаўку. Ужо чацьвёрты раз зьмянілі міністра аховы здароўя, а міністар унутраных спраў застаецца адзіны з часоў прэзыдэнцтва Пятра Парашэнкі. Ва ўладу вярнуліся шэсьць чыноўнікаў эпохі Януковіча. Дзяржаўныя пасады атрымалі больш як 30 чалавек, якія раней працавалі ў структурах студыі «Квартал 95».

«Прысуд Парашэнку»

2020 год. Уладзімір Зяленскі ня выключыў, што папярэднія вышэйшыя чыноўнікі Ўкраіны будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці. Такім чынам ён адказаў на пытаньне, ці працягвае ён сябе лічыць «прысудам Парашэнку».

«Наконт выраку спадару Парашэнку. Я ўпэўнены, што ўсё яшчэ наперадзе. Мяркую, што яны так кіравалі дзяржавай, што іх чакае вельмі шмат розных прыгод і розных прысудаў. Не хачу пра гэта гаварыць, бо гэта паўнамоцтвы не мае, а прысуды — гэта суд».

Напярэдадні апублікавалі аўдыёзапіс размовы нібыта прэзыдэнта Пятра Парашэнкі з высокімі амэрыканскімі чыноўнікамі таго часу, якая сьведчыць пра зьнешні ўплыў на кіраўніцтва Ўкраіны і карупцыйныя дзеяньні апошняга. Пасьля іх апублікаваньня Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу аб дзяржаўнай здрадзе. Раней у дачыненьні да Пятра Парашэнкі праваахоўныя органы расьсьледавалі 13 спраў, але пакуль па ніводнай зь іх ня выстаўленае падазрэньне ці абвінавачаньне.

Архіўнае фота. Пятро Парашэнка і Уладзімір Зеленскі падчас дэбатаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Кіеў, 19 красавіка 2019 году
Архіўнае фота. Пятро Парашэнка і Уладзімір Зеленскі падчас дэбатаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Кіеў, 19 красавіка 2019 году

2019 год. «Я ня ваш апанэнт, я ваш прысуд!» — заявіў год таму кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімір Зяленскі дзейнаму на той момант кіраўніку дзяржавы Пятру Парашэнку.

Што адбылося? У траўні 2020 году быў апублікаваны аўдыёзапіс размовы нібыта прэзыдэнта Пятра Парашэнкі з высокімі амэрыканскімі чыноўнікамі таго часу, якая сьведчыць пра зьнешні ўплыў на кіраўніцтва Ўкраіны і карупцыйныя дзеяньні апошняга. Пасьля іх апублікаваньня Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу аб дзяржаўнай здрадзе. Раней у дачыненьні да Пятра Парашэнкі праваахоўныя органы расьсьледавалі 13 спраў, але пакуль па ніводнай зь іх ня выстаўленае падазрэньне ці абвінавачаньне.

Без партрэтаў у кабінэтах

2020 год. Уладзімір Зяленскі заклікаў журналістаў не крытыкаваць ягоную жонку Алену і дзяцей:

«Яны ня маюць да гэтага дачыненьня. Яны, апроч дабра для мяне і калі нейкія сацыяльныя праекты маёй жонкі, нічога не нясуць».

Прэзыдэнт Украіны прызнаўся, што ён, як і раней, кепска ставіцца да крытыкі, але ўспрымае яе спакойна.

2019 год. У часе ўступленьня на пасаду прэзыдэнта Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў кабінэтах чыноўнікаў больш ня будуць вывешваць партрэты прэзыдэнта:

«Я хачу, каб у вашых кабінэтах не было маіх выяваў, калі ласка, не было маіх партрэтаў. Таму што прэзыдэнт — ня вобраз, ня ідал. Прэзыдэнт — гэта не партрэт. Павесьце туды фатаздымкі сваіх дзяцей і перад кожным сваім рашэньнем глядзіце ім у вочы».

Што адбылося? Гэты заклік чыноўнікі пачулі і выконваюць.

Высновы экспэртаў: за год выканаў 6 з 70 абяцанак

Украінскі аналітычны партал «Слово і діло», які сыстэмна адсочвае абяцаньні палітыкаў і стан іх выкананьня, падлічыў, што ў перадвыбарчай праграме ды інаўгурацыйнай прамове Ўладзіміра Зяленскага прагучала 71 абяцанка — 6 зь іх ён выканаў.

Галоўныя зь іх:

  • Вярхоўная Рада Ўкраіны з ініцыятывы Ўладзіміра Зяленскага ўхваліла закон аб адкліканьні народнага дэпутата
  • Ухвалены закон аб імпічмэнце прэзыдэнта
  • Ухвалены новы Выбарчы кодэкс, згодна зь якім Украіна адмовілася ад зьмяшанай сыстэмы парлямэнцкіх выбараў, цалкам перайшоўшы на прапарцыйную (партыйную) сыстэму.
  • Уведзены інстытут заахвочваньня для тых, хто паведамляе пра карупцыю. Згодна з законам памер узнагароджаньня можа скласьці 10% ад сумы карупцыйнага злачынства. Але за год ня быў пакараны ніводзін з вышэйшых карумпаваных чыноўнікаў, нягледзячы на лёзунг кампаніі: «Вясна прыйдзе, садзіць будзем».
  • Уладзімір Зяленскі выканаў абяцаньне спрыяць лічбавай пісьменнасьці грамадзян незалежна ад узросту. На пачатку 2020 году была адкрытая адпаведная нацыянальная інтэрнэт-плятформа.

Рэйтынг Зяленскага скарачаецца, але не крытычна

Уладзімір Зяленскі падчас прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве 20 траўня 2020 году
Уладзімір Зяленскі падчас прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве 20 траўня 2020 году

Год таму Ўладзімір Зяленскі заявіў, што цягам усяго свайго ранейшага жыцьця стараўся рабіць так, каб украінцы ўсьміхаліся, а пасьля перамогі на выбарах паабяцаў, што ў наступныя 5 гадоў зробіць усё, каб украінцы ня плакалі.

Згодна з дасьледаваньнямі сацыялягічнай групы «Рэйтынг», праведзенымі ў траўні, 4% грамадзян лічаць вынікі дзейнасьці прэзыдэнта Зяленскага выдатнымі, 27% — добрымі, 37% — здавальняючымі, 19% — нездавальняючымі, і 12% — жахлівымі.

Калі адштурхоўвацца ад вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, узровень даверу да Ўладзіміра Зяленскага скараціўся да 57% (на выбарах ён здабыў 73% падтрымкі).

Аднак, калі б выбары адбываліся ў найбліжэйшы час, іхныя вынікі фактычна паўтарылі б мінулыя — 39,3% падтрымалі б кандыдатуру Зяленскага ў першым туры і 75% — у другім, калі б у яго выйшаў папярэдні прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG