Дырэктар — на бальнічным, настаўніца памерла. Што адбываецца ў гомельскай школе № 61

61-я сярэдняя школа, Гомель
61-я сярэдняя школа, Гомель

У Гомлі памерла 58-гадовая настаўніца пачатковых клясаў Марыя К. Яна працавала ў сярэдняй школе № 61. Па словах бацькоў школьнікаў, апошнім часам настаўніца была на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх і хварэла на каранавірус.

Пра сьмерць настаўніцы паведамілі «Cильные новости». Школа № 61 па стане на 18 траўня працавала. Бацькі, якія забіралі дзяцей — вучняў малодшых клясаў, з групы падоўжанага дня, пацьвердзілі сьмерць настаўніцы.

Дырэктар школы знаходзіцца на бальнічным — паведамілі ў адміністрацыі. Якая прычына бальнічнага — адмовіліся казаць.

«Мы водзім дзяцей у школу. Наша дзіцё вучыцца ў паралельнай той клясе, дзе памерла сёньня настаўніца. Але мы лічым, што школа — бясьпечнае месца для дзяцей. Карантыну ж не ўводзілі, усе мы ходзім на працу, у краму, дзеці гуляюць на пляцоўках», — выказалася адна з маці.

Намесьнік дырэктара адмовілася ад камэнтароў. «Зразумейце — у нас гора. Мы нічога ня будзем камэнтаваць. Усе спачуваньні мы выкажам блізкім людзям», — зазначыла намесьнік дырэктара.

«Яна была вельмі добрым чалавекам, вельмі! Пра яе можна сказаць толькі ўсё самае лепшае. Але я не магу больш нічога распавядаць вам», — сказала адна з выхавацелек групы падоўжанага дня.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

​
XS
SM
MD
LG