Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўда горкая і прыгожая. Вольга Дадзіёмава пра свайго студэнта Юрыя Зісера


Юры Зісер, 2017 год
Юры Зісер, 2017 год

«Кажучы пра Юрыя Зісера, разумею, што ў маім уяўленьні ён аказваецца зусім ня тым чалавекам, якога ведае інтэрнэт-супольнасьць, а значыць, увесь сьвет». Прыкутая да ложка прафэсарка музыкі Вольга Дадзіёмава расказвае пра свайго студэнта Юрыя Зісера.

— Заснавальнік парталу TUT. BY шмат у чым фармаваў грамадзкую думку ў нашай краіне і пра саму краіну. Сьмелы і нават дзёрзкі публіцыст, чые погляды я не заўсёды падзяляла, ён заўсёды бударажыў грамадзтва сваімі артыкуламі, інтэрвію і заявамі. Буйны бізнэсовец, мэцэнат, вядомы сваімі дабрачыннымі акцыямі. Такі вобраз Юрыя Анатолевіча вядомы і даўно звыклы для ўсіх. Менавіта такім яго паказваюць электронныя рэсурсы.

Мне ж Юры Зісер найперш быў знаёмы як студэнт нашай Акадэміі музыкі, які атрымаў там другую адукацыю як арганіст. Наведваючы мае лекцыі па гісторыі музычнай культуры Беларусі, ён, здавалася, не праяўляў асаблівага жаданьня. Было відавочна, што ён надзвычай заняты чалавек, які вымушаны заставацца на сувязі і не выпускае з рук тэлефона.

Аднак першае маё ўражаньне сталася памылковым: ён ня толькі засвоіў праграму, але і выйшаў далёка за яе рамкі і спэцыяльна вывучыў мае працы, у тым ліку складаныя для асэнсаваньня навуковыя манаграфіі. Калі ж я прачытала тэкст ягонага дыплёма аб львоўскіх арганах, зразумела, наколькі паглыблены ён у сьвет музычнай культуры. Гэтаму спрыяла як генэтыка, сямейная традыцыя (ягонай мама была музыкантам), так і шлюб з рознабакова адоранай, вядомай сваімі аўтарскімі песьнямі, культуралягічнымі дасьледаваньнямі, літаратурнымі творамі Юліяй Чарняўскай. Я, дарэчы, добра памятаю яе дзеда, буйнога беларускага пісьменьніка і калегу майго бацькі Васіля Вітку.

Аднак у Зісера заўсёды было сваё асаблівае, самабытнае і не падобнае на звычайныя ўяўленьні бачаньне музычнага сьвету, што выдавала ў ім шырока адукаванага гуманітарыя і музыканта-выканаўцу. Больш за тое, менавіта музычная адоранасьць прадвызначыла, на маё перакананьне, ягоную крэатыўнасьць і дзіўныя посьпехі ў іншых прафэсійных сфэрах. Бо, як сьцьвярджае вядомая дасьледчыца дзейнасьці мозгу Тацяна Чарнігаўская, спасылаючыся на фэномэн Эйнштэйна, музычная дзейнасьць стымулюе здольнасьці да творчасьці ў цэлым.

Яму былі знаёмыя і блізкія творы майстроў мінулых эпох, і сучасная музыка. Ён думаў, як філёзаф і матэматык, мог адчуць прапорцыі сьветабудовы ў іх адзінстве, дасканаласьці і бясконцасьці.

Пры гэтым дзівіла ягоная самакрытычнасьць, якая не дапускала самай малой фальшы і кампрамісаў у творчасьці, як і ў палітычнай сфэры. Гэта тычыцца ацэнак выступленьняў выканаўцаў (на мой погляд залішне жорсткіх), а яшчэ — гранічна сумленнай самаацэнкі. Пасьля свайго канцэрту ён прыняў рашэньне аб спыненьні публічных выступленьняў як арганіст: або бездакорна, бо ніяк.

Тое ж і ў жыцьці. Лепш бы ня ведаць яму (і мне) тых страшных яго бакоў, якія аб’ядналі нас — сьмяротную хваробу, якая паразіла адначасова вясной 2016 году.

Да гэтага часу я ўжо страціла Зісера з-пад увагі, толькі зрэдку знаёмячыся зь яго выступленьнямі на партале — як заўсёды, яркімі і нетрывіяльнымі, якія нікога не пакідалі абыякавымі, выклікалі эмацыйна магутную рэакцыю ў кожнага наведніка сайту.

Сустрэліся ж мы выпадкова — у Бараўлянах, дзе праходзілі «тэрмаядзернае» лячэньне, ці ня больш разбуральнае, чым хвароба, якая яго патрабавала. Не лічу магчымым гаварыць пра тагачасны стан Юрыя Анатолевіча, які нікому, акрамя родных, не паведамляў свой дыягназ. Але можаце паверыць майму досьведу, які не завершаны да гэтай пары...

Гэта не паддаецца адэкватнай вэрбалізацыі. Ня толькі таму, што боль — рэжучы, ныючы, які не здымаецца ніякімі прэпаратамі. Але і таму, што яму спадарожнічае апатыя, слабасьць і поўная страта жыцьцёвай энэргіі. Толькі той, хто прайшоў усе колы хімічнага пекла, можа ўявіць гэты жахлівы стан.

Мы сталі перапісвацца. Ня сьмеючы цытаваць электронныя паведамленьні, скажу толькі аб тым, што яны не былі падобныя на споведзь асуджаных. Не. Хоць было мноства «зводак з франтоў», у якіх мы дзяліліся сваімі праблемамі. Але часьцей пісалі пра творчасьць, музыку, працу. Дарэчы, увесь час і нават цяпер працягваем інтэнсіўна працаваць, пра што сьведчылі па-ранейшаму актуальныя, на злобу дня і на злобу некаторых чытачоў, парадаксальныя ў сваёй адкрытасьці выступу Зісера.

Я зусім не лічу гэта нечым асаблівым, ведаючы са свайго досьведу пра ўзьдзеяньне творчай дзейнасьці на сьвядомасьць і падсьвядомасьць — а ня толькі пра падсьвядомую цягу да актыўнай дзейнасьці. І калі мне гавораць пра маю сілу волі і подзьвіг, дзіўлюся. Подзьвіг — гэта ахвяраваньне сабой дзеля іншых, сваёй зямлі, як было ў гады вайны, пра якую ведаю зь першых вуснаў — ад бацькі. А ў нашым выпадку праца была адзіным выратаваньнем, гэта праца для выжываньня.

І ўсё ж было ў ягоным нежаданьні гаварыць пра хваробу і скардзіцца нешта справядлівае. Ён зусім шчыра не разумеў, у адрозьненьне ад мяне, сэнсу публічных выказваньняў пра гэта. «І што, — кажа, — паведамляць, што ўчора было дрэнна, а цяпер лепш?»

Даведаўшыся, што я скончыла чарговую манаграфію, Юры Анатолевіч ўзяўся чытаць яе і рэдагаваць, а пасьля прапанаваў фінансаваць кнігу, якая ўжо вытрымала тры выданьні.

Паралельна ён выратаваў мяне — у літаральным сэнсе, калі насьціг мяне нечаканы параліч, які запатрабаваў неадкладнай дапамогі высокакваліфікаваных мэдсясьцёр круглыя суткі, дома. Калі б там была проста матэрыяльная дапамога, я была б бязьмерна ўдзячная. Як і ўсім маім сябрам, калегам і вучням, якія не пакінулі ў бядзе. Але мне дапамог чалавек, які сам быў на грані і за граньню.

Некалькі месяцаў таму, быўшы ў цяжкім стане, прывёз мне лекарку — сам быў за стырном. Уважліва выслухаў яе рэкамэндацыі і правяраў іх выкананьне.

Увесь гэты час Зісер не пераставаў падтрымліваць і іншых людзей, а таксама маштабныя творчыя праекты. Асабліва ў галіне вывучэньня арганаў і навучаньня ігры на іх. Падарыў некалькім музычным школам і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі гэтыя цудоўныя інструмэнты. Фінансаваў экспэдыцыі для збору інфармацыі аб арганах ў розных гарадах і мястэчках Беларусі, дзякуючы чаму ўдалося ажыцьцявіць буйны выдавецкі праект. Падтрымаў фэстываль клезмэрскай музыкі і многія іншыя акцыі, пра якія нават ня згадваў.

Наша перапіска працягвалася, дазваляючы выказаць тое, пра што нікому не раскажаш. Што жывеш як у сьне, да гэтага часу не жадаючы верыць у рэальнасьць таго, што адбываецца. Што немагчыма больш трываць гэты кашмар, але трываньне і пакора прыходзяць як узнагарода за пакуты і спачуваньне. Мы перасьцерагалі адно аднаго ад адчаю, заклікалі да утапічнай надзеі і, вядома, да веры ў лепшае...

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG