Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паралізаваная прафэсарка Дадзіёмава: пакуты прыводзяць да ісьцін, здольных ператварыць хваробу ў шчасьце


Вольга Дадзіёмава да хваробы.

Хворая на анкалягічнае захворваньне 4-й ступні, амаль цалкам паралізаваная прафэсарка Беларускай акадэміі музыкі Вольга Дадзіёмва ў інтэрвію Свабодзе расказала, што ўжо ня можа працаваць на кампутары, таму надыктоўвае сваю новую кнігу. Таксама Вольга падзялілася сваімі адчуваньнямі, думкамі і плянамі.

— Ці трапіла ўжо да вас тая грашовая дапамога, якую зьбіралі амэрыканскія беларусы?

— Так. Дзякуй вялікі ўсім! Прыехаў Дзіма Сьляповіч восеньню на фэстываль і перадаў. А празь яго я перадала усім тым, хто ахвяраваў на платформе gofundme, маю ўдзячнасьць. На пару месяцаў дакладна хопіць.

Таксама і на плятформе MolaMola паціху працягваецца збор сродкаў. Але тут аказалася, што некаторыя людзі проста перадалі мне грошы праз знаёмых. Таксама працягвае дапамогу і зьбіраецца фінансаваць маю кнігу Юры Зісер. Усім мой нізкі паклон.

— Значыцца, вы сказалі, што грошай хопіць на месяц-два?

— Так. Маё жыцьцё і праца забясьпечваюцца цяпер менавіта гэтай дапамогай.

— Вы сама ўжо на кампутары ня пішаце. Як цяпер арганізаваная ваша праца?

— Так, я ўжо не магу працаваць на кампутары. Гэта і боль, і адсутнасьць сіл. Няма магчымасьці нават сесьці на інвалідны вазок, каб пад’ехаць да кампутара. Таму засталося адзінае выйсьце — дыктаваць. Да мяне прыходзіць мая былая асьпірантка Натальля Капыцько і запісвае на дыктафон мае словы. Пасьля яна іх расшыфроўвае і апрацоўвае. Ужо мы так зрабілі каля 50 старонак.

Гэта тая кніга, якую я плянавала раней за ўсе іншыя. Гэта такі навуковы запавет, які абагульняе і ўспаміны, і мэтадалягічную працу, парады тым, хто прыйдзе на зьмену. Гэтыя парады будуць даступныя ўсім, хто хацеў бы займацца гісторыяй беларускай музыкі.

— Як кніга будзе называцца?

«Пацук на столі». Гэта прамаўляе пакуль яшчэ жывы чалавек, які адхіляецца ў розныя бакі, каб асьвятліць той дыямэнт, якім зьяўляецца музычная культура Беларусі.

«Пацук на столі» — гэта і мой дзіцячы ўспамін, калі я, лежачы ў дзіцячым ложку, убачыла на столі пацука і зьдзівілася, як ён там трымаецца, і своеасаблівы вобраз маіх паводзінаў у жыцьці і самога майго жыцьця, нелягічнасьці яго разгортваньня. Я заўсёды была ўніз галавой, а ўсе астатнія людзі — нармальна стаялі на нагах.

Кніга будзе завяршацца камэнтаром, які напісаў чытач да папярэдняй нашай з вамі гутаркі на Свабодзе. Варта было захварэць і вытрымаць усе жахі і пакуты, каб прачытаць той пранікнёны, шчыры тэкст.

— Значыцца, кніга, за якую вы браліся летам, «Беларуская музычная культура ў падзеях і асобах» пакуль адкладзена?

— Так, бо я разумею, што час абмежаваны, і таму трэба пашырыць кола зацікаўленых айчыннай музычнай культурай. Мая мэта — не распужаць іх, а менавіта зацікавіць. Гэта надзвычай складаная галіна, таму важна паказаць, што гэта цікава і можа даць асалоду тым, хто пойдзе па шляху яе дасьледаваньня.

Таму я ўзялася за працу незаплянаваную, але наканаваную — бо становіцца горш і трэба пасьпець першачарговае.

— Вы раней казалі пра сваю мару напісаць тры кнігі. Якая трэцяя?

— Трэцяя — гэта вельмі сур’ёзная праца, якая, як мне падаецца, павінна стаць плянавай для цэлага калектыву аўтараў. Гэта энцыкляпэдыя музыкантаў Беларусі ад ХІІ да ХІХ стагодзьдзя. Такое акадэмічнае сур’ёзнае выданьне, як усе беларускія энцыкляпэдыі. Многія імёны нашых музыкантаў яшчэ адсутнічаюць у іншых энцыкляпэдыях. Я магу зрабіць шаблён, па якім гэтую энцыкляпэдыю трэба рабіць,

Матэрыялы ў мяне ёсьць, я іх перадаю ўсім сваім асьпірантам, якія далей тэхнічна ўсё падрыхтуюць. Гэта і рукапісы, і замежны энцыкляпэдыі на розных мовах, і мае напрацоўкі. Гэта складаная праца, але высілкамі калектыву яе можна ажыцьцявіць.

Але ў мяне гэтая праца другая па чарзе. Першая — гэта «Пацук». Тое, што ўжо зроблена ў кнізе «Пацук на столі», я зьбіраюся хутка разаслаць сваім сябрам і прыхільнікам.

— Як цяпер адбываецца ваша лячэньне? Лекары працягваюць рабіць хіміятэрапію? Ці вам цяпер дапамагаюць толькі патранажныя сёстры?

— Цяпер толькі патранажныя сёстры. Іх тры, яны вельмі прафэсійныя і робяць тое, што магчыма ў пляне догляду. Трэба разумець, што паралюш пры хіміятэрапіі пагаршаецца, нэрвовая сыстэма цярпіць ад хіміятэрапіі.

Таму лекары вырашылі зьнізіць хімічную нагрузку і паглядзець, што будзе, калі ў большай ступені працягваць лячэньне ўласна паралюшу, нэрвовай сыстэмы. А гэта вымагае часу і вельмі пільнага нагляду. Як вы разумееце, гэта цяжкае спалучэньне — і анкалёгія, і паралюш.

Хачу сказаць, што сур’ёзнае майстэрства лекараў у Бараўлянах і маіх сёстраў дазваляе мне працягваць жыцьцё і нават працу.

Спадзяюся яшчэ на Бога і добрых людзей, бо трэба было захварэць, каб адчуць і ўбачыць ласку Божую і дапамогу столькіх незнаёмых і абсалютна розных людзей — розных і па месцы жыхарства, і па нацыянальнасьці, і па веравызнаньні. Усе яны аб’ядналіся ў сваім жаданьні дапамагчы. Мне нават здаецца, што мая хвароба дапамагла ім, у пэўнай ступені, адкрыць свае цёплыя пачуцьці. І ня толькі да мяне, але наогул да бліжняга. Як сказана ў Эвангельлі, усё гэта дзеіцца на маіх вачох і дапамагае. Вельмі спадзяюся, што дапамагае.

— Раней вы пісалі адной рукой на кампутары. У вас дзейнічала адна рука і адно вока. Як цяпер фізычна вы даяце радцы працаваць?

— Хоць мяне вельмі інтэнсіўна лечаць ад паралюшу, але левай рукой я па ранейшаму не магу працаваць. Застаецца толькі правая рука. Таксама і левае вока не працуе. Уся левая частка ў мяне ў парэзе. Раней можна было сесьці на інвалідны вазок і даехаць да кампутара.

— Наколькі рэгулярна вам удаецца дыктаваць сваю кнігу?

— Як у Наташы ёсьць час, яна забягае, я дыктую, яна запісвае на дыктафон. А пасьля я яшчэ раблю праўкі.

Больш за тое. Мае мэдычныя сёстры навучыліся мяне на ложку ўсаджваць. Сьпіна не трымае, але яны кладуць такія падпоркі, ногі з ложка спускаюць, і гэта выглядае не катастрафічна. У такім палажэньні лягчэй дыктаваць і нават чытаць. Так што нейкае выйсьце знойдзена і, паўтаруся, дзякуючы дапамозе розных людзей. Так што нічога страшнага, нічога жахлівага не адбываецца.

Болі мяне не адпускаюць, канечне, але калі ня будзе выбуху анкалёгіі, то можна неяк існаваць і працаваць. Я нават даволі аптымістычна гэтую сытуацыю ўспрымаю. Калі ёсьць магчымасьць працаваць, то гэта ўжо добра. Калі інтэлектуальныя здольнасьці ня страчаныя, значыць, жыцьцё доўжыцца — і нават бурлівае, інтэнсіўнае і плённае.

— Як вы атрымліваеце інфармацыю з навакольнага сьвету? Гэта тэлевізар, інтэрнэт, радыё?

— У мяне ў правай рабочай руцэ смартфон. Ёсьць у мяне і пульт ад тэлевізара, але адным вокам вельмі цяжка глядзець. Але гэтае абмежаваньне і добрае. Адмежаванасьць ад вонкавых плыняў дае магчымасьць засяродзіцца на ўнутраным жыцьці. Я шмат што слухаю з таго, што ніколі б ня стала слухаць у здаровым стане. Гэта пропаведзі і гісторыя рэлігійных вучэньняў. Гэтага мне не ўдалося атрымаць у часе фундамэнтальнай прафэсійнай адукацыі. Таксама слухаю аўдыёкнігі.

Ад усяго гэтага ёсьць вялікі плён і вялікія вынікі, таму што цяпер я жыцьцё ўспрымаю абсалютна інакш. Як той пацук, я гляджу са столі на сьвет...

У здаровым стане я б не дайшла да тых, здавалася б, простых ісьцін, якія спасьцігаю цяпер, хай вельмі позна, хай праз такія жудасныя пакуты. Госпад для нечага прыводзіць да іх.

Але як Госпад пакліча, то цяпер я б ужо пайшла з радасьцю ў іншы сьвет. Так вось я цяпер настроена. Жыцьцё з жудаснымі пакутамі дало мне такое вось цёплае сьвятло, у якім я цяпер літаральна лячу. Разумееце? Фізычная нерухомасьць дала палёт думкі, уражаньняў і пачуцьцяў. Вось таму і ўзьнік намер напісаць перш за ўсё незаплянаваную кніжку. у якой гэты палёт трэба абавязкова перадаць.

Дарэмна думаць, што хто-небудзь з жывых цяпер будзе пазбаўлены пакутаў. І параіць усім шлях, якім можна праз гэтыя пакуты прайсьці — гэта звышмэта, звышзадача маёй кнігі.

І не таму, што гэта адзіны шлях, але гэта адзін з шляхоў, якім можна прайсьці праз хваробу і дайсьці да пэўных ісьцін, якія тваю хваробу ператвараюць у шчасьце.

***

Вольга Дадзіёмава аўтарка 16 кніг. Яна вядомая тым, што знайшла ў замежных архівах тысячы невядомых помнікаў музычнай культуры Беларусі і стварыла гісторыю беларускай музыкі. . Гэтыя пошукі і шматлікія замежныя паездкі былі ўласнай ініцыятывай спадарыні Вольгі і не аплачваліся ўстановамі, дзе яна працавала. На ўсё гэта былі патрачаныя асабістыя зьберажэньні апантанай шукальніцы беларускіх музычных скарбаў.

Кнігі Вольгі Дадзіёмавай.
Кнігі Вольгі Дадзіёмавай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG