Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паралізаваная прафэсарка Дадзіёмава пракамэнтавала абвешчаны ў ЗША збор сродкаў на яе лячэньне


Вольга Дадзіёмава

Беларуска-амэрыканскі музыкант, кіраўнік ансамблю «Літвакі» Зісл (Зьміцер) Сьляповіч ініцыяваў збор сродкаў на плятформе gofundme пад дэвізам «Дапаможам прафэсарцы закончыць кнігу».

Доктарка мастацтвазнаўства, прафэсарка Беларускай акадэміі музыкі Вольга Дадзіёмава змагаецца зь цяжкім анкалягічным захворваньнем. Яна амаль цалкам паралізаваная, працуюць адна рука і адно вока.

Нягледзячы на хваробу, Вольга дыктуе сваю сямнаццатую кнігу, прысьвечаную музычнай культуры Беларусі, і пачала працу над «Энцыкляпэдыяй музыкантаў Беларусі XVI—ХІХ стст.», якую, як яна спадзяецца, закончаць яе вучні.

Вольга Дадзіёмава вядомая тым, што знайшла ў замежных архівах тысячы помнікаў музычнай культуры Беларусі і стварыла гісторыю беларускай музыкі.

У чэрвені сёлета ў Беларусі быў распачаты збор сродкаў праз краўдфандынгавую плятформу Molamola.by.

На просьбу Радыё Свабода Вольга Дадзіёмава пракамэнтавала збор сродкаў у Беларусі і новую ініцыятыву неабыякавых амэрыканцаў:

«Абвестка мела ня толькі матэрыяльныя вынікі (удалося працягнуць неабходны штодзённы догляд), але і маральныя. Ізноў пераканалася, што на Беларусі жывуць сьвятыя людзі. Не называючы сваіх прозьвішчаў, застаючыся невядомымі, яны дзейсна дапамагаюць у складаных абставінах. Нізкі паклон усім вам!

Дзякую і ўсім сваім сябрам, кіраўніцтву і калектывам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Нацыянальнаму акадэмічнаму канцэртнаму аркестру Беларусі, Беларускаму саюзу музычных дзеячаў, выхаванцам, калегам.

Шаноўныя! У сытуацыі, калі невыносны боль і параліч (як вынік апошняй стадыі раку) не пакідаюць надзеі, я ўсё ж абавязана жыць... Каб не падвесьці ўсіх вас, каб працягнуць распачатыя працы. Адну зь іх — кнігу, якую дыктую сваёй выхаванцы і калезе Натальлі Капыцько, гатова часткова прапанаваць чытачам, шматлікім чальцам свайго фан-клюбу ў сацсетцы „УКантакце“, які сабрала Люба Шпакоўская, дасьледчыца беларускіх і грэцкіх праваслаўных старажытнасьцяў.

Другі праект толькі распачынаю (няхай завершаць калегі і вучні). Гэта энцыкляпэдыя музыкантаў Беларусі XVI–ХІХ стст. Для яе напісаньня патрэбна шмат часу, якога няма. Зусім. Таму варта канцэнтравацца і ў гадзіну ўкладаць дзень, у дзень — месяц, а ў месяц — год. Але надзея на ласку Божую і падтрымку сяброў дае спадзеў на працяг жыцьця і працы. Спадзяюся, што яна прынясе плён беларускай культуры, яе шчырым прыхільнікам ва ўсім сьвеце.

З павагай —​ Вольга Дадзіёмава»

Ранейшыя кнігі Вольгі Дадзіёмавай:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG