Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэрарызуюць усю сям'ю». Жыхар Гомля заяўляе, што на яго тыдзень палюе міліцыя за акцыю ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага


Акцыя ў Гомлі ў падтрымку Ціханоўскага. Гомель. Ціханоўскі
Акцыя ў Гомлі ў падтрымку Ціханоўскага. Гомель. Ціханоўскі

Жыхар Гомля Дзьмітрый Лукомскі 7 траўня браў удзел у акцыі падтрымкі арыштаванага блогера Сяргея Ціханоўскага. Пасьля акцыі 20 чалавек былі затрыманыя, некаторыя атрымалі «суткі».

Дзьмітрый пазьбегнуў затрыманьня, але заяўляе, што ўжо тыдзень за ім палюе міліцыя.

Пасьля акцыі 7 траўня на плошчы Леніна ў Гомлі былі затрыманыя 20 чалавек. Большасьць зь іх адпусьцілі. 15 сутак арышту атрымаў Юрый Уласаў. Пазьней стала вядома, што на 15 сутак быў асуджаны таксама youtube-блогер Іван Рэмязоўскі (канал Real Belarus). Пасьля акцыі і затрыманьня яго адпусьцілі, а назаўтра зноў затрымалі. За гэтую акцыю атрымаў 15 сутак і жыхар Жлобінскага раёну Віталь Грыцкоў.

«Мяне і маю сям'ю пачалі тэрарызаваць з мінулай пятніцы. Я зарэгістраваны па адрасе бабулі — туды ў пятніцу і прыйшлі людзі ў цывільным. Шукалі мяне. Бабуля сказала, што ня ведае, дзе я. Яны прыйшлі да маёй маці. Былі ў цывільным і не паказвалі дакумэнты. Маці таксама сказала, што ня ведае — дзе я. Яны яшчэ гадзіну стаялі пад домам. У суботу зноў прыйшлі да бабулі, разам з участковым. Сказалі, што нібыта шукаюць мяне як сьведку нейкай бойкі», — распавёў Свабодзе Дзьмітрый Лукомскі.

Паводле ягоных словаў, незнаёмыя тэлефанавалі на яго нумар, але міліцыяй не прадстаўляліся.

«У панядзелак зноў прыходзілі да маці. Потым хадзілі па суседзях — распытвалі пра мяне. Бабулі пачалі казаць, каб я не хаваўся, бо ўсё роўна мяне знойдуць. Я і не хаваўся. Але афіцыйна мяне не выклікалі, не давалі позвы — мусіць, хацелі па-ціхаму „прыхапіць“, як і іншых удзельнікаў акцыі. Так тыдзень і хадзілі, тэрарызавалі бабулю і маці, стаялі ў пад’езьдзе, палохалі толькі суседзяў», — зазначыў жыхар Гомля.

Пасьля, паводле ягоных словаў, міліцыянты ў цывільным прыходзілі на працу да яго дзяўчыны. Так як наведвальнікі не прадставіліся, яна адмовілася з імі размаўляць. Наведалі «людзі ў цывільным» і начальніка дзяўчыны — яна працуе ў прыватнай фірме.

«У пятніцу маю дзяўчыну Віялету Майшук вымусілі прыехаць у Цэнтральны РАУС Гомля. У яе пыталіся — дзе я, і яна тэлефанавала мне. Слухаўку браў міліцыянт, і казаў мне, што я павінен быць цяпер на месцы Віялеты, у Цэнтральным РАУС. Я адказаў, што гэта немагчыма, я ў іншым горадзе, і буду толькі ў панядзелак. У выніку мне перадалі позву на панядзелак, на 10.30. Думаю, гэта скончыцца „суткамі“, як было і з іншымі ўдзельнікамі акцыі. Але тое, якімі мэтадамі яны дзейнічаюць — проста шок, калі ціснуць на ўсіх блізкіх. Як паліцаі нейкія», — выказаўся Дзьмітрый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG