Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На журналіста Лупача склалі новы пратакол і загадалі вярнуцца на «суткі» пасьля рэанімацыі


Зьміцер Лупач, архіўнае фота

Журналісту-фрылансэру з Глыбокага Зьмітру Лупачу 15 траўня патэлефанавалі зь міліцыі і загадалі вярнуцца ў пастарунак, каб адбыць пакараньне, адтэрмінаванае 11 траўня пасьля таго, як ён трапіў у рэанімацыю, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Пасьля гэтага да Зьмітра Лупача дамоў прыехаў старшы лейтэнант міліцыі Ўладзімер Чапулёнак з Шаркаўшчыны і склаў на журналіста новы пратакол за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 КаАП РБ) за сюжэт для тэлеканалу «Белсат» пра сытуацыю з каранавірусам у Шаркаўшчыне. Новую справу будуць разглядаць 26 траўня ў 10.00 у Шаркаўшчынскім раённым судзе.

Да таго, раніцай 15 траўня, Лупач накіраваў у Віцебскі абласны суд касацыйную скаргу на рашэньне Глыбоцкага раённага суду, які аштрафаваў яго на 1215 рублёў за іншы тэлесюжэт і асудзіў на арышт на 10 сутак за наведваньне сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім як за «несанкцыянаванае мерапрыемства».

Пасьля таго суду Лупач трапіў у рэанімацыю, але, нягледзячы на дыягнаставаную хваробу сэрца, у панядзелак яго адправяць адбываць адміністрацыйны арышт.

На гэтым тыдні суды пакаралі арыштамі журналістаў Алеся Асіпцова, Міхаіла Аршынскага, Алеся Буракова і ягонага пляменьніка Аляксандра Буракова. Агулам з 6 да 14 траўня ў Беларусі затрымалі каля 120 чалавек у сувязі з акцыямі ў падтрымку Ціханоўскага і супраць правядзеньня вайсковага параду падчас эпідэміі каранавірусу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG