Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд абмежаваў выезд за мяжу Вользе Кавальковай за неаплачаныя штрафы


Вольга Кавалькова, архіўнае фота
Вольга Кавалькова, архіўнае фота

Суд Савецкага раёну Менску прыняў 13 траўня рашэньне абмежаваць сустаршыні аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Вользе Кавальковай правы на выезд за мяжу і кіраваньне аўтамабілем за неаплачаныя штрафы, прысуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту.

«Усе мае довады пра дастатковасьць прынятых мер для выкананьня выплаты штрафу суд да ўвагі не прыняў», — заявіла БелаПАН Кавалькова.

Паводле яе, рашэньне было прынята ў ходзе судовага паседжаньня, якое працягвалася дзьве гадзіны. На дакумэнтах аб выканаўчым вядзеньні, сьцьвярджае Кавалькова, была адзнака «апазыцыя», акрамя таго, судовыя выканаўцы паведамілі, што яна не зьяўляецца на сустрэчы, было аформлена прымусовае прывядзеньне. Кавалькова падкрэсьліла, што яна рэгулярна мае зносіны са сваім выканаўцам у мэсэнджэры Viber і не ўхіляецца ад аплаты штрафаў.

Як паведаміла Кавалькова, адзін штраф у памеры 1 350 рублёў ужо пагашаны, застаецца заплаціць яшчэ 1147,5 рубля, а таксама аплаціць працу судовых выканаўцаў — каля 250 рублёў. Для выкананьня судовага рашэньня ўжо арыштавалі яе аўтамабіль, кватэру; робяцца адлічэньні з заробку; заблякавалі банкаўскія карткі, увялі абмежаваньні на выкарыстаньне мабільнай сувязі.

«Такія захады ня робяцца для звычайных грамадзян, — упэўнена Кавалькова. — Гэта рэпрэсіўная мадэль пакараньня. Прынятыя меры ніяк ня будуць узьдзейнічаць на хуткасьць, зь якой я заплачу штраф. У мяне ёсьць заробак, зь якога і так робяцца вылічэньні».

Акцыі ў падтрымку незалежнасьці Беларусі прайшлі ў Менску ў сьнежні 2019 году. Вольгу Кавалькову судзілі за іх двойчы, агульная сума штрафаў склала 2 497,5 рубля.

Раней Кавалькова, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, брала ўдзел у праймэрыз па вылучэньні «адзінага кандыдата» ў прэзыдэнты ад шэрагу апазыцыйных партыяў і рухаў. 10 траўня праймэрыз спынілі, замест іх запусьцілі кампанію «За Беларусь без дыктатуры».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG