Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мама ў шпіталі, пляменьнік захварэў на COVID-19 у войску, — Ганна Бонд аб працы ў самаізаляцыі і цкаваньні на парадзе


Ганна Бонд

Блогерка і вядоўца Ганна Бонд у часе пандэміі самаізалявалася, бо яна ў групе рызыкі. Найбольш трывожыцца за маці, якая з інсультам трапіла ў шпіталь, і за пляменьніка, які заразіўся каранавірусам у войску. Знаходзячыся пераважна дома, Ганна ўзяла ўдзел у беларускамоўным онлайн-праекце чытаньня швэдзкіх казак, схавала электронную вагу пад ложак, каб не стрэсаваць, і рыхтуе новы праект для youtube.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сьцісла

  • Калі ва ўсім сьвеце пажар, усё гарыць, гэта ня значыць, што мы нейкая сьвятая выспа, якую цяжкая хвароба абміне.
  • Я самаізалявалася па магчымасьці максымальна. У мяне астма, я ў зоне рызыкі таксама, я ведаю, што такое задыхацца.
  • Людзі рэагуюць на каранавірус, калі гэта тычыцца іх саміх ці сям’і, тады перастаюць сьмяяцца і гаварыць, што гэта змова кітайцаў, амэрыканцаў, масонаў ці каго яшчэ.
  • У мяне ёсьць падушка бясьпекі. Я адмовілася ад дарагой пакупкі, якую плянавала — матацыкла Harley-Davidson з салёну.
  • Мяне за чытаньне казкі «Мама Му» па-беларуску «захэйцілі» свае ж.
  • За гэтым інстаграмным вобразам і вечаровым макіяжам на парадзе схаваліся ўсе заслугі Кацюшы, яе добрая адукацыя, чырвоныя дыплёмы, веданьне моваў.

«Пляменьнік, які служыць у войску, заразіўся там каранавірусам»

— Як сябе адчуваеце? Як вашыя родныя, блізкія людзі? Ці закрануў каго-небудзь з вашага атачэньня каранавірус?

— Дзякуй Богу, я больш-менш нармальна, але пандэмія закранула маю сямʼю. Мой пляменьнік, які служыць у войску, заразіўся там каранавірусам. З 20 красавіка ён хварэе на пнэўманію, і ўрэшце яму паставілі дыягназ — каранавірус. Цяпер лечыцца ў вайсковым шпіталі.

У часе пандэміі маці трапіла з інсультам у цяжкім стане ў шпіталь, ляжыць у нэўралягічным аддзяленьні. У яе частковы параліч. Раней да цяжкіх хворых пускалі па спэцыяльных пропусках, а цяпер, улічваючы тое, што ў шпіталі лечаць хворых на каранавірус, цалкам забаранілі наведваньні. Магу толькі праз тэлефон даведвацца пра стан яе здароўя. Зразумела, я перажываю, хвалююся, каб яна не захварэла, бо яна ў зоне рызыкі. Але трэба зьмірыцца, бо ва ўсім сьвеце такая цяжкая сытуацыя. Ня мы адны такія. Дай Бог сіл і цярпеньня нашым мэдычным работнікам, ведаю, што яны працуюць цяпер на знос, рызыкуючы сваім жыцьцём і бясьпекай сваіх родных.

Іншая справа, што ў нас няма дыстанцыяваньня, праходзяць масавыя падзеі, няма належнага карантыну. Я разумею, што мы ня можам дазволіць сабе карантын, але хаця б нейкія засьцерагальныя захады трэба было праводзіць адпачатку. Калі ва ўсім сьвеце пажар, усё гарыць, гэта ня значыць, што мы нейкая сьвятая выспа, якую цяжкая хвароба абміне.

Ганна Бонд
Ганна Бонд

Я самаізалявалася па магчымасьці максымальна, нідзе не гуляю, толькі ў краму пры патрэбе. На вуліцу выходжу толькі тады, калі людзей вельмі мала. У мяне астма, я ў зоне рызыкі таксама. Я ведаю, што такое задыхацца, што такое адчуваць сябе дрэнна.

— Ці ставіліся вы да пагрозы адпачатку сурʼёзна, ці праходзілі праз розныя стадыі прыняцьця?

— Я вельмі сурʼёзна ставілася да пагрозы яшчэ тады, калі ў Беларусі мала хто захварэў — каля 100 чалавек. Гэта цяпер у нас па 800–900 новых выпадкаў за дзень. Пры гэтым адчуваецца стомленасьць ад інфармацыйнага поля. Хочацца, каб хутчэй скончылася, каб ужо перахварэць, каб ня жыць з гэтым сталым страхам. Я заўважыла, што, калі пацяплела, людзі расслабіліся. Гэта падманліва. Калі чалавек доўга хварэе і раптам становіцца лягчэй, яму здаецца, што ён папраўляецца, і яго накрывае яшчэ болей. Мне думаецца, цяпер гэта адбываецца. У выходныя столькі людзей было ў горадзе, большасьць гулялі бяз масак. Цёпла, і звонку натоўп людзей. Я зьдзіўляюся, чаму, калі самы пік, людзі расслабіліся.

«Каб не баяцца сьмерці, трэба жыць сумленна»

— Ці баіцеся вы захварэць? Ці баіцеся сьмерці?

— Калі мы нараджаемся, адразу падпісваем сабе сьмяротны прысуд. Гэта пытаньне часу. У мяне ёсьць сямʼя. Я маю адказнасьць за людзей, якім я павінна дапамагаць, быць апорай сваім бацькам. Ці баюся я сама? Не. Я дастаткова экстрэмальны чалавек, але мазгі ёсьць. Цяжка сказаць. Каб не баяцца сьмерці, трэба жыць сумленна. Разважаць пра сьмерць мне складана. Не хацелася б, вядома.

— Як пачуваецца ў часе пандэміі ваш сын?

— Ён у больш бясьпечным месцы, чым я. Трэці год ён вучыцца ва ўнівэрсытэце ў Манака. А там увялі карантын у сакавіку. Цяпер яго паступова паслабляюць. Італія блізка, таму яны хутка ўсе меры прынялі, і слушна зрабілі. У Манака амаль два месяцы трымалі жорсткі карантын і абышліся «малой крывёй», нягледзячы на тое, што прынц Альбэрт хварэў на каранавірус.

Людзі рэагуюць на каранавірус, калі гэта тычыцца іх саміх ці іх сямʼі. Я гэта ўжо зразумела. Тады яны перастаюць сьмяяцца, усьміхацца і гаварыць, што гэта змова кітайцаў, амэрыканцаў, масонаў ці каго яшчэ. Калі іх гэта тычыцца, яна разумеюць, што гэта ня жарт, а цяжкая хвароба. Сын казаў: «У вас няма карантыну; паглядзіце, што ў вас будзе». Так і адбылося. Расказваў, што ў Манака спачатку масак не хапала, каштавалі яны дорага, па 20–30 эўра за маску. Штрафы ўвялі. Сына аднойчы аштрафавалі, калі выйшаў далей ад дома, чым было можна, і заплаціў штраф 120 эўра.

«Мяне ратуе тое, што я працую ў інтэрнэце»

— Як паўплывала на вашую працу тое, што вы практычна з дому не выходзіце? Што зьмянілася? Як пандэмія мяняе блогерства?

— Мяне ратуе тое, што я ўжо некалькі гадоў грунтоўна працую ў інтэрнэце. Частку працы перавяла ў інтэрнэт, таму не адчуваю спаду. Фінансы ідуць. Што тычыцца правядзеньня імпрэз, прэзэнтацый, то ўсё гэта ў сакавіку (часткова), красавіку і траўні скасавалася. Я страціла фінансава, але мяне ратуе тое, што я працую ў інтэрнэце, часам кансультую невялікія кампаніі ў галіне піяру і прасоўваньня, кансультую аб працы ў сацсетках нейкія фірмы. Паціху капае.

З другога боку, карантын — гэта добра. Цяпер я рыхтую праект на YouTube, пішу сцэнар. Будзе працаваць вялікая каманда. Спадзяюся, што гэты праект будзе карысны ўсім. Я ведаю, што цяпер час, каб вычакаць, сабрацца з думкамі, сканцэнтравацца і выдаць нейкі новы прадукт. За час карантыну я закладваю аснову на будучую працу.

Часта я працавала ў шалёным, хуткім рэжыме, цяпер усе асабліва не працуюць, і ты не працуеш у тым рэжыме, як раней, і сумленьне не грызе. Не магу сказаць, што ў мяне няма грошай. У мяне ёсьць падушка бясьпекі. Я адмовілася ад дарагой пакупкі, якую заплянавала. Гэта мне забясьпечвае стабільна добры настрой, і ня трэба з гэтай нагоды нэрвавацца. Бывае, людзі моцна нэрвуюцца, калі ў іх грошы заканчваюцца; перажываюць, бо трэба карміць сямʼю, плаціць крэдыты, камуналку. Тут мне пашанцавала.

— Калі не сакрэт, што плянавалі купіць?

Ганна Бонд. Архіўнае фота.
Ганна Бонд. Архіўнае фота.

— Матацыкл Harley-Davidson — з салёну, новы. Я амаль падпісала дамову. У той дзень у Расеі Пуцін абвясьціў карантын, і я падумала, што Беларусь пацерпіць таксама, і на наступны дзень не паехала падпісваць дамову. Але ад ідэі пакупкі не адмаўляюся. Спадзяюся, што мы ў чэрвені, ліпені станем неяк вырульваць, і праца пойдзе ў звыклым рэжыме. Калі шчыра, я думаю, што мы яшчэ нават не адчулі ўсю трагедыю, якая ў нас атрымалася праз каранавірус.

Будзе моцны эканамічны спад. Колькі людзей не працуюць, колькі гандлёвых цэнтраў не працуе! Гэта ж усё прадпрымальнікі. Закрытыя рэстараны. Няма людзей, трэба плаціць арэнду, заробкі. Але рэстаранны бізнэс — гэта і тыя ж аграрыі, якія харчы пастаўляюць у рэстараны. Гэта кіроўцы, прыбіральніцы, кухары, бармэны, афіцыянты, тысячы людзей, якія сёньня засталіся без работы.

«Сацыяльныя сеткі — гэта для кожнага свой выхад у сьвет»

— Чаму новаму вы навучыліся падчас пандэміі? Напрыклад, чытаньню па-беларуску?

— Швэдзкая амбасада прапанавала мне ўзяць удзел у праекце і зачытаць швэдзкую казку па-беларуску. Мне было вельмі прыемна. Рыхтавалася, таіць ня буду. Зь вялікай радасьцю гэта зрабіла. Прымушала маіх знаёмых і саміх паслухаць, і дзецям прапанаваць. Здорава, што такое ёсьць. Гэта гаворыць пра тое, што ўсё сыходзіць у онлайн, шмат усяго хутка туды пяройдзе. Трэба ўсім такое рабіць, тым больш цяпер, калі кожны мае магчымасьць трансьляцыі. Сацыяльныя сеткі — гэта для кожнага свой выхад у сьвет. І ад цябе толькі залежыць, будуць цябе глядзець ці не. У мяне ў інтэрнэце, у сацсетках ёсьць добрая аўдыторыя, шмат падпісчыкаў. Для маіх падпісчыкаў гэта будзе цікавы досьвед, як я магу гаварыць па-беларуску.

— Вы як расейскамоўная папулярная блогерка можаце даць прыклад многім людзям, гаворачы па-беларуску...

— Так, але ў «Фэйсбуку» было шмат крытыкі, прычым ад людзей, якія гавораць на добрай беларускай мове. Людзі ня будуць гаварыць па-беларуску, калі іх будуць так моцна крытыкаваць, таму што яны будуць баяцца. У мяне няма комплексаў, а іншыя людзі будуць баяцца, што іх гэтак жа затроляць, як мяне, таму што дрэнна канчатак вымавіла, нешта ня выгаварыла, ня там націск паставіла. Проста трэба спрабаваць гаварыць, няважна, дрэнна ці добра. Гэта галоўнае правіла пры вывучэньні той жа ангельскай мовы — трэба гаварыць. Як — ня важна, трэба проста гаварыць. А мяне за чытаньне казкі «Мама Му» па-беларуску «захэйцілі» свае ж. Гэта ўвогуле такая мэнтальнасьць.

Памятаю, як, калі прабегла маратон зь бел-чырвона-белым сьцягам, мяне «захэйцілі» — якое права я мела бегчы зь ім. Потым пераплыла Басфор, узьняла чырвона-зялёны сьцяг — мяне таксама «захэйцілі», чаму ня зь бел-чырвона-белым сьцягам. Увесь час такое будзе. Так і зь беларускай мовай. Не чапайце людзей, хай гавораць, добра ці дрэнна, хай пачынаюць гаварыць. Тым больш што дэфіцыт мовы ў краіне калясальны.

«У чым пракалолася Каця на парадзе»

— Калі гаварыць пра саму зьяву, то нядаўні прыклад — калі «захэйцілі» жанчыну-маёра на парадзе.

— «Наша ніва» калісьці рабіла матэрыял пра гэтую дзяўчыну, тады я нават камэнтары пакідала. Яна мне потым адпісвалася, падзякавала. Я была адзінай жанчынай, хто яе падтрымаў, таму што яе ўсе «хэйцілі».

У чым пракалолася Каця на парадзе? Людзі пачалі абмяркоўваць, адкуль у яе, такой маладой, столькі мэдалёў. У яе цывільныя мэдалі, юбілейныя, зразумела, што ўзнагароды не за ваенныя дзеяньні. Ня ў гэтым сутнасьць.

Быў памылковым сам вобраз дзяўчыны, якая прыйшла на парад і стаяла ў мундзіры з шматлікімі мэдалямі. Цяжкі вечаровы макіяж, такі інстаграмны, вобраз «інстадзівы». Кацюша маладая, ёй 30 гадоў, але там яна выглядае значна старэйшай ад макіяжу. У іх таксама ёсьць пратакол, правілы. Калі паглядзець на брытанскую каралеўскую сямʼю, то там нюдавы манікюр носяць пажыцьцёва з кароткімі пазногцямі.

Ёсьць этыкет, пэўны вобраз, як ты павінен выглядаць. Нельга прыходзіць у такой «баявой расфарбоўцы» на парад Перамогі. На мой погляд, гэта сыграла зь ёю злы жарт і выклікала такі розгалас. Гэтыя вялікія вусны, якія цяпер ужо ня ў трэндзе... Мне гэта нагадала нешта з прыроды, калі жывёлы, птушкі, каб прывабіць самку, раскрываюць крылы, маюць асаблівую афарбоўку. Так і тут. Каця прыцягнула зашмат увагі і выклікала многа крытыкі. За гэтым вобразам схаваліся ўсе яе заслугі, яе добрая адукацыя, чырвоныя дыплёмы, веданьне моваў. Як важна выглядаць дарэчы ў той ці іншай сытуацыі!

— Вы яркая і прыгожая жанчына, пры гэтым не злоўжываеце касмэтыкай. Ці перагледзелі гардэроб у часе пандэміі? Як ва ўмовах самаізаляцыі з манікюрам, пэдыкюрам, прычоскамі ды іншымі сталымі працэдурамі прыгажосьці?

Ганна Бонд
Ганна Бонд

— Я прыхільніца натуральнай прыгажосьці, не карыстаюся касмэтыкай агрэсіўна. У мяне ёсьць манікюрны набор, і ў карантыне я сама даглядаю пазногці. Уцякала да цырульніка некалькі разоў. Да яго прыходзіла, калі ўсё было зачынена, каб не было больш людзей. Сёньня ўсё даступна, я не раблю доўгачасовага пакрыцьця на пазногці, я максымальна натуральная.

Я зразумела, што мне ня трэба столькі адзеньня. У мяне ў каробках некалькі пар новых красовак. Навошта? Разумею, што не патрэбны. У мяне больш спартовы стыль, хаця ўсё ж трэба надзяваць джынсы, каб зразумець, што ты ў іх яшчэ ўлазіш, бо хатняе адзеньне і піжама падступныя. Мой цяперашні стыль — спартовы, зручны, кэжуал.

«Зьбіраюся ў жніўні пераплыць Басфор»

— Што зь фізычнай актыўнасьцю? Ці адкладаецца плян пераплыць Басфор яшчэ раз?

Ганна Бонд
Ганна Бонд

— Пераплываць Басфор я зьбіралася ў ліпені. Многія ўдзельнікі заплыву цяпер не трэнуюцца, мы кантактуем увесь час праз чат. Я таксама не трэнуюся ў басэйне. Хоць доктар і кажа, што ў хлёрцы вірус не жыве, але ёсьць разьдзявальні і калідоры, дзе людзі ходзяць. Нядаўна мне прыйшоў ліст з Алімпійскага камітэту Турэччыны, пад патранатам якога праходзіць міжкантынэнтальны заплыў праз Басфор, у якім мяне паінфармавалі, што яго перанесьлі на 22 жніўня. Цяпер трэба хутка прыходзіць у спартовую форму, каб выдаць добрыя вынікі. Для сябе найперш. Я ня ведаю, ці набрала лішніх кіляграмаў. Паводле адчуваньняў, так, але я засунула вагу пад ложак і не дастаю, каб не стрэсаваць.

— Ці зьмянілася ваша харчаваньне падчас пандэміі? Што з алькаголем?

— Выпіваць увогуле ня хочацца чамусьці. Калі да мяне прыяжджаў пляменьнік, я гатавала, нешта запякала ў духоўцы. Я імкнуся прытрымлівацца прынцыпу: мяса ці рыба і гародніна. Гэта мой рэжым. Салодкага я не люблю. Гатую я смачна. А калі я адна, то ўсё проста — адвару 200 грамаў рыбы ці курыцы і зраблю лёгкі салацік з гарбузовымі семкамі, аліўкавым алеем, памідорамі і агуркамі. Сытна і ёсьць лёгкасьць. Вітаміны, нейкі фрэш, кава — такое маё мэню падчас карантыну.

«Падчас пандэміі людзі сталі больш душэўныя і сямейныя»

— Як зьмяніўся ваш погляд на сьвет? Што стала больш ці менш важна?

— За гэты пэрыяд людзі сталі больш душэўныя і сямейныя. Гэта відаць, бо многія сталі праводзіць больш часу дома з роднымі і блізкімі. Унутранае цяпло зьявілася. Гледзячы на «Інстаграм», усе сталі такія дамашнія, гатуюць ежу, аб прыбіраньні расказваюць. Людзі зразумелі, што ня трэба столькі ўсяго, не патрэбна гэтая гонка; зразумелі, што гэта ня самае галоўнае, што можна быць задаволеным тым, што ёсьць. З другога боку, людзі хутка забываюць пра дрэннае, і як зноў пачнецца шалёны рытм жыцьця, яны забудуць гэта як страшны сон. Людзі адаптуюцца да іншай працы, шукаюць варыянты рэалізацыі сябе. Усё больш людзей будуць працаваць у інтэрнэце, увогуле будуць шукаць новыя спосабы працы.

— Што першае зробіце, калі гэта скончыцца?

— Хачу павесяліцца, адарвацца, як я люблю. Сабраць сяброў, кампанію, атрымаць асалоду, выдыхнуць, пакуражыцца. Гэта першае, што зраблю. Дай Бог усім нашым людзям здароўя і шчасьця. Зьвярніце ўвагу на сябе ў гэты складаны пэрыяд, у душу зазірніце і супакойцеся, а тады, як вырвецеся на свабоду, рэалізуеце ўсе свае назапашаныя сілы і энэргію.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG