Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30-дзённы бязьвіз і сэкс-турызм. Прагнозы Ганны Бонд, Насты Захарэвіч і Вольгі Шастаковай

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Ці паўплывае 30-дзённы бязьвіз на сэкс-турызм у Беларусь? Ці зьявяцца большыя магчымасьці для пошукаў замежных жаніхоў і нявестаў? Наколькі талерантнае беларускае грамадзтва да адносінаў з замежнікамі? Ці па-ранейшаму выйсьці замуж за замежніка/замежніцу застаецца марай ці мэтай для многіх беларусак/беларусаў? Абмяркоўваюць вядучая Ганна Бонд, блогерка Наста Захарэвіч і журналістка Вольга Шастакова.

Сэкс-турызм, расізм і свабодныя адносіны

Ганна Бонд: Гісторыя сэкс-турызму міма маёй сям’і таксама не прайшла. Муж зьезьдзіў на Кубу прагуляцца, зайшоў у «Трапікану», ведаючы, што Куба — краіна зь нестабільнай эканомікай, і там дзяўчына шукае любую магчымасьць зачапіцца за іншаземца, за белага, каб вырвацца. Муж прывёз адтуль нэгрыцянку. Быў выпадковы сэкс аднойчы, двойчы, а потым у каханьне гэта перарасло. Ня ведаю, назваць гэта сэкс-турызмам ці каханьнем, але гэтая гісторыя разбурыла мой шлюб.

Наста Захарэвіч: Калі я хадзіла па вуліцах Менску са сваім хлопцам, які прыехаў з Мэксыкі, я ніколі не сутыкалася з нэгатыўнымі рэакцыямі, а ў цэнтры Берасьця ісьці было вельмі непрыемна, таму што ўсе глядзелі на мяне так, нібыта я павінна быць зь імі, з усімі адначасова, але не зь ім. Гэта такі расізм, які на самай справе сэксізм, а не расізм.

Вольга Шастакова: Свабодныя жанчыны могуць выбіраць свабодныя адносіны, стасункі на невялікі час — усё тое, што раней выбіралі толькі мужчыны. Жанчына і падумаць нават не магла, што яна таксама можа сказаць, кшталту які клясны бразыльскі хлопец, давай з табой запалім гэтую ноч, і назаўтра праводзіць яго ў аэрапорт і разьвітацца. Я бачыла бразыльскіх фанатаў тут, і ў мяне было адчуваньне, што хтосьці можа так і хацеў зрабіць.

«Сэкс-турызм ёсьць і зараз. Гэта найперш італьянцы, туркі, "сябры" з арабскіх краінаў»

Ганна Соўсь: Яшчэ гадоў пяць таму экспэрты ў сфэры турызму сьцьвярджалі, што Беларусь у значна меншай ступені закранутая праблемай сэкс-турызму адрозна ад той жа Ўкраіны, зь вельмі простай прычыны — складанасьці візавых працэдураў. Цяпер ёсьць магчымасьць прыяжджаць у Беларусь на 30 дзён бязь візаў. Ваш прагноз, ці стане з часам Беларусь папулярным у сьвеце кірункам для сэкс-турызму? Кшталту Тайлянду напрыклад.

Журналістка Вольга Шастакова, фота -- Дзьмітры Ласько.
Журналістка Вольга Шастакова, фота -- Дзьмітры Ласько.

Вольга Шастакова: Памятаю, як больш за 10 год таму я ўпершыню пабачыла, як у Менск прыехалі футбольныя фанаты з Шатляндыі на нейкі матч. Гэта было адно з першых такіх масавых зьяўленьняў, і я памятаю, як рэагавалі нашы дзяўчыны. Мне самой было няшмат гадоў, і я прыкладна так жа рэагавала — мне хацелася з усімі пазнаёміцца, але я ангельскай мовы ня ведала, і проста глядзела, як гэта. І я гэта ўсё добра бачыла на прыкладзе расейскіх дзяўчат на футбольным сьвяце ў Маскве і іншых гарадах, таму і прапанавала гэтую тэму для «Толькі жанчыны». Што тычыцца сэкс-турызму, то гэта крыху іншае.

Сэкс-турызм ёсьць і зараз. Хто часта бывае ў менскіх кавярнях і рэстарацыях, гэта ўсё бачаць ня першы год. Гэта найперш італьянцы, туркі, «сябры» з арабскіх краінаў. Гэта ўсё ёсьць, і сэкс-турызм у нас ёсьць. Дакладна яго было менш з прычыны візавых працэдур. Канешне, ён павялічыцца. Але трэба адрозьніваць сэкс-турыстаў і турыстаў, якія прыяжджаюць і ня супраць завесьці нядоўгія стасункі зь мясцовай жанчынай. І трэба адрозьніваць жанчын, якія прафэсійна працуюць у сэкс-індустрыі, і дзяўчат і жанчын, якія ня супраць завесьці нейкія недаўгавечныя адносіны з іншаземцам. Я ня ведаю, дзе тут мяжа. Ці лічыць паход у рэстарацыю, ці кветкі, парфуму ці нешта яшчэ за «плату», ці гэта ўсё ж такі іншае? Ну, людзі адзін аднаму падабаюцца, чаму б не, мы ўсе дарослыя, калі вы ведаеце, на што ідзяце, чаму не.

«Нават беларуская жанчына робіцца больш свабодная, разумее, што яе жыцьцё залежыць толькі ад яе»

Ганна Соўсь: Ганна, які ваш прагноз? Ці мае шанец Беларусь стаць чымсьці кшталту Тайлянду?

Ганна Бонд.
Ганна Бонд.

Ганна Бонд: Так. На мой погляд арабы, туркі як езьдзілі сюды, так і езьдзяць. Для іх 30-дзённая віза пытаньняў ня вырашыць. Дарэчы, гэта асноўны турыстычны мужчына для нашых дзяўчат на сёньняшні дзень. Мы не прыцягальныя для эўрапейцаў. Яны як езьдзілі на 5 дзён, мінімальна прыяжджала нейкая колькасьць людзей, так жа мінімальна яны і будуць езьдзіць, хоць ты на паўгоду гэтую візу адкрый. З адной простай прычыны: мы для іх не прыцягальныя, таму што мы ня можам прапанаваць для іх ніякіх паслугаў, добрага сэрвісу.

Многім беларускім жанчынам сёньня ня трэба спаць з мужчынам дзеля таго, каб ён здымаў ёй кватэру ці купіў чаравікі.

Нашы дзяўчаты сёньня выязныя. І там свой сэкс дасяжны. Эўрапейцы ў пабочных адносінах больш акуратныя, чым арабы, бо ў іх закон сувора працуе, яны ўсё разумеюць і менш за ўсё шукаюць сабе прыгодаў дасяжнага сэксу. Тым больш у Эўропе сэкс насамрэч вельмі дасяжны і яму ўжо не надаюць такога значэньня, таму што ўсе — дарослыя людзі, мадэль паводзінаў свабодная: чаго хацелі — таго дамагліся, хочаце мужыка — калі ласка. Іншая справа, што нашы жанчыны, можа быць, будуць лавіць мужыка ў надзеі выйсьці замуж і зьехаць за мяжу.

Тэндэнцыя сёньня такая, што нават беларуская жанчына робіцца больш свабодная. Яна разумее, што яе жыцьцё залежыць толькі ад яе. Многім беларускім жанчынам сёньня ня трэба спаць з мужчынам дзеля таго, каб ён здымаў ёй кватэру ці купіў чаравікі, таму што яна самадастатковая і зарабляе грошы. Мадэль паводзінаў, адносінаў мужчыны і жанчыны памянялася. Людзям пакаленьня Савецкага Саюзу цяжка гэта ўспрымаць, таму што мэнтальнасьць у нас усё-такі сядзіць яшчэ бабуліна, бацькоўская — трэба выйсьці замуж, каб быў муж.

Насамрэч мадэль паводзінаў мяняецца ў сьвеце вельмі моцна, і сэксуальнасьці ўжо ня трэба надаваць такое значэньне. Сэкс-турызм і ўсё астатняе... Гэта насамрэч ужо сыходзіць. Тым больш, што асноўны «спажывец» нашых жанчын — гэта арабы і жыхары ўсходніх краінаў. Іх цікавіць тое, чаго ў іх няма, што забаронена. Вось ім у казыно забаронена гуляць, яны прыяжджаюць у Беларусі і гуляюць у казыно. І так жа з жанчынамі вырашаецца. Проста наш беларускі мужык сёньня збольшага ніякі.

Асноўны «спажывец» нашых жанчын — гэта арабы і жыхары ўсходніх краінаў.

Сёньня паглядзіце, як сэкс стаў дасяжным: сёньня не патрэбная жанчына для таго, каб заняцца сэксам — сёньня ёсьць шмат віртуальных рэсурсаў, PornHub, куча ўсялякіх каналаў, куды чалавек спакойна заходзіць з інтэрнэту, выбірае сабе любую катэгорыю, любую жанчыну, і зь ёй займаецца, хай і віртуальна, але каханьнем. І гэта вельмі добра працуе. Тэндэнцыі такія, што сёньня мужыку жанчына патрэбная ўсё менш — ён у інтэрнэце. Ды гэтак жа і жанчыне. Калі вы зойдзеце ў кавярню ці грамадзкі транспарт, вы пабачыце: усе сядзяць у тэлефонах.

«Калі быў футбольны чэмпіянат у Расеі, канцэнтрацыя на сэксе была несправядлівая»

Ганна Соўсь: Наста, як фэміністка, як вы глядзіце на пэрспэктыву Беларусі ў сувязі з 30-дзённым бязьвізам у кірунку сэкс-турызму?

Наста Захарэвіч.
Наста Захарэвіч.

Наста Захарэвіч: Я мяркую, што колькасьць мужчын, якія будуць прыяжджаць у Беларусь для сэкс-турызму, павялічыцца, але я не думаю, што нас чакае велізарны бум. Я збольшага згодная зь іншымі ўдзельніцамі, што так, пэўныя зьмены будуць, але я ня думаю, што ўсе рэзка паедуць, хто ня езьдзіў раней, таму што гэтая зьмена зь пяці дзён на трыццаць настолькі кардынальная.

Адкрываецца такая ніша для беларускіх турыстычных агенцыяў. Ці будуць яны яе выкарыстоўваць, ці яны ўбачаць, што ёсьць такая ніша, ці яны палічаць ганебным, ці палічаць прыстойным выкарыстоўваць менавіта сэкс-турызм для прывабліваньня турыстаў зь іншых краін? Што гэта будуць за турысты, які будзе іх сацыяльны статус, зь якіх краін збольшага будуць ехаць? Зараз цяжка адказаць на гэтыя пытаньні, але будзе вельмі цікава прааналізаваць з часам, што зьмянілася фактычна.

І мне хацелася б асобна зьвярнуць увагу на наступнае. Калі быў футбольны чэмпіянат у Расеі і пасьля гэтага, і ў нас зараз, канцэнтрацыя на сэксе была несправядлівая. Я бачыла столькі выпадкаў, калі жанчын абражалі і ганьбілі за абсалютна звычайныя, прыстойныя вулічныя паводзіны. То бок не за сэксуальныя стасункі з чужынцамі, а за тое, што дзяўчаты проста весяліліся! За тое, што яны пілі разам зь імі піва, танчылі, сьпявалі, фоткаліся. І нават гэтыя паводзіны ўсё адно апісваліся як сэкс.

Ганна Соўсь: Ганна казала, што найбольш тыповы замежнік, які прыяжджае ў Беларусь і які хоча даступнага сэксу, гэта мужчына з краінаў Блізкага Ўсходу. З чым вы гэта зьвязваеце, ці згодная вы з гэтым?

Наста Захарэвіч: Я згодная. Хутчэй за ўсё гэта зьвязана з тым, што тут яны могуць атрымаць тое, што ня могуць свабодна і законна атрымаць у сваіх краінах. Ехаць мужчынам з Заходняй Эўропы, ці са Злучаных Штатаў і Канады, ці з Аўстраліі ў Беларусь па танны ці бясплатны сэкс — мне падаецца гэта не зусім лягічным. Калі паглядзець, як выглядаюць кавярні і рэстарацыі Менску ўвечары, то гэта збольшага пацьвярджаецца.

Замуж за мяжу

Магілёў, Дзень гораду. Замежнікі ласуюцца беларускімі дранікамі. Ілюстрацыйнае фота.
Магілёў, Дзень гораду. Замежнікі ласуюцца беларускімі дранікамі. Ілюстрацыйнае фота.

Ганна Соўсь: Я ведаю сотні беларусак, якія выйшлі замуж за замежнікаў, якія нараджаюць дзяцей, робяць кар’еру ў іншых краінах, і якія, праўдападобна, не вярнуцца ніколі ў Беларусь, толькі што наведаць родных. І ў большасьці выпадкаў гэта быў мэтанакіраваны выбар на адʼезд, на пошук годнага мужа ў больш заможнай і разьвітай краіне. Як вы лічыце, ці гэты працэс будзе пашырацца праз 30-дзённы бязьвіз?

Вольга Шастакова: Я ня ведаю, ці будзе пашырацца працэс, які ўжо ідзе. Я думаю, што ён так і застанецца. Проста магчымасьцяў стане больш. Я думаю, што тыя, хто хоча выехаць замуж, тыя і будуць гэта рабіць. Проста раней яны гэта рабілі праз адмысловыя сайты, цяпер будуць больш аглядацца ў горадзе. Лягчэй, не думаю, што стане.

​Калі быў пяцідзённы бязьвіз, я знаёмілася зь людзьмі, якія прыехалі ў Беларусь (зараз на ангельскай мове я размаўляю добра), і лёгка можна абмеркаваць усе гэтыя пытаньні. Яны ж прыяжджаюць не знаёміцца з дзяўчатамі, не жаніцца на іх, а добра правесьці час, і не абавязкова гэта будзе сэкс. Гэта можа быць проста павесяліцца, паразмаўляць, схадзіць некуды, і ўсё. Але нашы дзяўчаты, канешне, глядзяць на тое, каб знайсьці сабе мужа-іншаземца. Але хто глядзеў, той і глядзець будзе. Проста можа іншымі сродкамі карыстацца, знаёміцца і тут.

«І мужык з-за мяжы ня вырашыць ніякіх праблем, тым больш яны такія ж сквапныя, як і нашы»

Ганна Соўсь: Ці па-ранейшаму многія беларускі глядзяць на замежнікаў як на спосаб пакінуць краіну і палепшыць сваё жыцьцё?

Ганна Бонд: Калі б у нас была «жалезная заслона», калі б мы марылі выехаць за мяжу... Насамрэч дзяўчына самастойна можа выехаць у Эўропу, атрымаўшы візу. Калі браць да ўвагі ўсходнія краіны, то наша і іх мэнтальнасьць абсалютна розныя, і дзяўчына сёньня разглядае мужчыну з Усходу з асьцярогай, тым больш, было шмат сумных выпадкаў што да працяглых адносінаў. А што тычыцца эўрапейцаў, то яны ахвотна часам выбіраюць сабе беларусак у жонкі. Чаму не, калі няма моўнага бар’еру.

Людзям трэба ўлічваць, ці яны сустракаюцца, каб займацца сэксам, ці... выпадковы сэкс таксама можа перарасьці ў каханьне, ніхто ж гэтага не выключае. Мне здаецца, усё менш, каб выехаць за мяжу, разглядаюць мужчыну адтуль. І потым сёньня прасьцей таму ж немцу 20 эўра патраціць на самалёт і зьлётаць у Амстэрдам. Ён там і пакурыць, павесяліцца абсалютна на законных умовах, возьме сабе прастытутку любой таксама катэгорыі за нейкія грошы. І гэта будзе таньней, чым ён прыедзе ў Менск, дзе ён не атрымае добрага жыльля, добрага сэрвісу, ну і дзеўкі ў нас сёньня таксама могуць «вынесьці мозг».

Я ня думаю, што гэта неяк паўплывае на сэкс-турызм. Беларускія дзяўчаты робяцца вельмі свабоднымі маральна. Калі б мы ўзьнялі гэтую тэму гады тры ці пяць таму, гэта было б крута. А зараз, бачыце, і фэміністкі-дзяўчаты, мы ўсе аднаго разуменьня таго, што адбываецца.

Ганна Соўсь: Ганна, вы абсалютна слушна кажыце, што беларускія жанчыны робяцца ўсё больш самадастатковымі, і каб зьехаць ці зрабіць кар’еру за мяжой ім зусім не патрэбны мужчына...

Ганна Бонд: Паглядзіце, дзяўчаты ў нас ужо выходзяць замуж у раёне 30 гадоў, плюс-мінус. Гэта ўжо сьведчыць пра тое, што мы зрушыліся. Дзяўчаты будуюць кар’еру, забясьпечваюць сабе будучыню, і ўсё менш сёньня жанчына залежыць ад мужчыны. Калі раней мужчына мог выбіраць сабе партнэрку, то сёньня дзяўчына з задавальненьнем выбірае, зь кім хадзіць у кіно, зь кім у рэстаран, зь кім займацца сэксам. Дзяўчына робіцца свабоднай. Яна таксама можа сабе сёньня дазволіць, нават будучы замужам, заводзіць каханкаў. Сёньня такая мадэль паводзінаў у грамадзтве. Гэта ж не я прыдумала, а грамадзтва такое дыктуе. І мужык сёньня з-за мяжы не вырашыць табе ніякіх праблем, тым больш яны такія ж сквапныя, як і нашы.

«Калі мужчына зь іншай краіны шукае мэтанакіравана беларуску, то хутчэй за ўсё штосьці там з гэтым мужчынам ня так»

Ганна Соўсь: А ці можна казаць, што беларускія мужчыны часам разглядаюць знаёмства з замежніцамі як спосаб выехаць з краіны?

Ганна Бонд: Ой, мне здаецца, гэта з вобласьці нейкай легенды, фантастыкі...

Наста Захарэвіч: Складана казаць тут за беларускіх мужчын, але хутчэй за ўсё такія мужчыны ёсьць. Але гэта не выглядае як вялікі трэнд. І гэта зноўку цікава, чаму так адбываецца, чаму сярод іншаземцаў беларускі папулярныя, а сярод іншаземак беларусы непапулярныя? Што цэніцца ў іншых краінах, чаго ня могуць даць беларускія мужчыны? Зноў мы кажам пра нейкіх сярэднестатыстычных умоўных беларускіх мужчын і жанчын, а мы ўсе вельмі розныя.

Я згодная, што тыя, хто хацелі зьяжджаць дзеля шлюбу за мяжу, яны і будуць зьяжджаць. Але ў цэлым гэты трэнд вельмі зьмяняецца. Я гляджу, напрыклад, на сваіх аднагодак (мне 24 гады), жанчыны майго веку, плюс-мінус пяць гадоў, зьяжджаюць у іншыя краіны збольшага каб вучыцца, працаваць альбо займацца валянтэрствам. Менавіта шлюбнай міграцыі не заўважна сярод маіх аднагодак. Таму што ўсё больш жанчыны бачаць, што калі мужчына зь іншай краіны шукае мэтанакіравана беларуску, ці ўкраінку, ці польку, то хутчэй за ўсё штосьці там з гэтым мужчынам ня так. Хутчэй за ўсё яму патрэбная абслуга.

Ёсьць розныя непрыемныя гісторыі, як жанчыны старэйшага пакаленьня ехалі ў казку, а аказаліся ў той самай залатой клетцы ў выніку. Нават калі прыбраць гэтыя кепскія гісторыі, усё адно застаецца такі фактар, што ехаць у фінансавую залежнасьць, гэта кепская ідэя ў любым выпадку. Штосьці можа здарыцца з мужам, са стасункамі, і таму жанчыны часьцей і часьцей выбіраюць той варыянт рэалізацыі, які дазволіць быць самастойнымі і незалежнымі ў любым выпадку. І наўрад ці 30-дзённы бязьвіз штосьці тут кардынальна зьменіць. Можа быць у межах статыстычнай пагрэшнасьці.

«Гісторыя сэкс-турызму міма маёй сям’і таксама не прайшла»

Ганна Бонд: Беларускі і ўкраінкі — гэта ня тыя дзяўчаты, якія будуць абслугай! Сёньня гэта свабодныя і з высокай самаацэнкай дзяўчаты. Таму што яны — эўрапейкі. Такімі ж становяцца як і немкі, галяндкі — абсалютна незалежнымі. Сёньня эўрапейскі мужчына ўсё часьцей выбірае якраз-такі для абслугі, для побыту тайляндку якую-небудзь. Ён выбірае менавіта такую дзяўчыну, якая будзе яму пакорліва падпарадкоўвацца.

Уласна, гісторыя сэкс-турызму міма маёй сям’і таксама не прайшла. Я разьвялася з мужам менавіта на гэтай глебе. Ён зьезьдзіў на Кубу прагуляцца, зайшоў у «Трапікану», ведаючы, што Куба — краіна зь нестабільнай эканомікай і там дзяўчына шукае любую магчымасьць зачапіцца за іншаземца, за белага, каб вырвацца. Калі яна працуе ў нейкім прэстыжным шоў, атрымлівае 20 даляраў заробку, вымушаная жыць у жабрацкай краіне, то яна будзе шукаць любую магчымасьць, каб вырвацца адтуль. І мой муж так і прывёз адтуль нэгрыцянку. Таксама быў выпадковы сэкс аднойчы, выпадковы сэкс двойчы, а потым у каханьне ў іх перарасло. Таму мы і рассталіся. Вось вам прыклад, ня ведаю, назваць гэта сэкс-турызмам ці каханьнем. Але такая гісторыя разбурыла мой шлюб. Вось такое здарылася. Ты ж ня ведаеш, дзе гэта будзе сэкс-турызм, а дзе гэта перарасьце ў каханьне, і як яно наогул потым закруціць.

Ці патрэбны Беларусі сэкс-турызм?

«Мужчыны ў нас усё болей ніякія. Такое меркаваньне вельмі пашыранае»

Вольга Шастакова: Ты ня бачыш мяжы і ня ведаеш, і ніхто ня можа ведаць. Я б хацела ўзьняць яшчэ пытаньне, чаму беларускі выбіраюць іншаземцаў. Мужчыны ў нас усё болей ніякія. Такое меркаваньне вельмі пашыранае, я яго чула ўжо ня раз. Нашы дзяўчыны могуць выбіраць ня грошы — яны выбіраюць проста цікавага мужчыну, зь якім можна бавіць час. Згодная, што беларускі ўсё больш свабодныя, і гэта значыць, што яны ідуць за тым, каб добра правесьці час: пачуць камплімэнты, схадзіць у рэстарацыю, адчуць сябе прыгожай...

Ганна Бонд: Так!

Вольга Шастакова: ... і адчуваць, што окей, праз тыдзень мы скажам адзін аднаму «да пабачэньня», і наступныя сто год мы будзем слаць у фэйсбуку віншаваньні з днём народзінаў. І гэта будзе ўсё, мы гэта разумеем. Вось такі добры прыклад таго, якія стасункі могуць быць. Зь іншага боку, дзяўчаты, якія ўчора прыехалі з маленькага гарадку ці вёскі, якія жывуць у інтэрнаце, у якіх грошай няма, то ў іх больш матэрыяльныя мэты. Не прастытуцыя, канешне ж, але такое ёсьць.

Ганна Бонд: Схадзіць у рэстаран павячэраць і папіць шампанскае за кошт нейкага турка ці араба — гэта норма, клясыка. Зразумела, што ёй будзе лепей. То бок тут таксама трэба глядзець на сацыяльны статус дзяўчыны.

Ганна Соўсь: Дый заходні мужчына прывучаны напалам плацяць у рэстарцыі, кожны сам за сябе.

Вольга Шастакова: Тыя, хто прыяжджаюць сюды, ведаюць, што за партнэршу яны будуць плаціць. Збольшага яны ўсё ж разумеюць іншыя, мясцовыя культурныя коды ці даведваюцца пра гэта з адпаведных форумаў, як тут сябе паводзяць і мужчыны, і жанчыны. Хачу згадаць, што ў Расеі мужчыны вельмі нэгатыўна паставіліся да стасункаў жанчын з замежнікамі падчас чэмпіянату, і нават, як Наста сказала, ганьбілі іх за тое, што дзяўчаты проста весяліліся з іншаземцамі. Нават не сэкс, а проста «ты здраджваеш нацыі», напэўна. Як да гэтага паставяцца беларускія мужчыны? Таму што адчуваньне, што яны прайграюць, усё ж ёсьць.

«Мы — не талерантныя, як бы мы не заяўлялі пра сваю дабрыню і душэўнасьць»

Ганна Соўсь: А як вы думаеце, Вольга, такія заклікі, як былі ў Расеі, ня мець сэкс з замежнікамі, магчымыя ў Беларусі?

Вольга Шастакова: Абсалютна, канешне! Гэта такая натуральная «дзялёжка» тэрыторыі. Чаму вы ідзяце да гэтых незразумела каго, калі мы тут такія ёсьць? Але ў нас няма такіх маштабаў, параўнаць няма з чым. Але не зьдзіўлюся.

Ганна Соўсь: На вуліцах беларускіх гарадоў усё часьцей можна пабачыць людзей іншых нацый і веравызнаньняў, але іх істотна меней у параўнаньні з эўрапейскімі сталіцамі. Ганна, як вы мяркуеце, наколькі талерантныя беларусы да дачыненьняў з замежнікамі з усходу, якіх цяпер даволі шмат у Беларусі?

Ганна Бонд: Мы, беларусы, талерантныя толькі да таго моманту, калі мы ня сталі востра адчуваць гэтую праблему. Зараз мы гэта ня востра адчуваем. Але як толькі мы пабачым большую колькасьць іншаземцаў на нашай зямлі, то, канешне, і настроі зьменяцца. Мы — не талерантныя, як бы мы не заяўлялі пра сваю дабрыню і душэўнасьць. На жаль, беларус на самай справе не такі. Пэўныя настроі ў грамадзтве існуюць.

Кітайцы ў Добрушы. Ілюстрацыйнае фота.
Кітайцы ў Добрушы. Ілюстрацыйнае фота.

Глядзіце, кітайцам усё аддаём. Але кітайцаў мы ня бачым, яны жывуць сваімі схаванымі камунамі пакуль што, і мы ня можам сказаць, што яны неяк на нас уплываюць. Мы рэдка сустрэнем на вуліцы кітайца зь беларускай дзяўчынай. Але калі ў нас будзе вялікі паток турыстаў, і мы пачнём гэта адчуваць (гэта будзе ня хутка), то і нэгатыў, натуральна, будзе. Хоць я за тое, каб усё было добра, але добра не будзе, гэта дакладна.

Яны ж, мужчыны, таксама думаюць, што жанчыны гэта ж усе нашы, гэта ж наша баба, а што нехта тут яе... Настрой будзе такі ж як у Расеі. Але, на жаль, нам няма чаго зараз прапанаваць турысту наогул. Гэта Расея пад чэмпіянат гэта ўсё рыхтавала. А мы не гатовыя, у нас няма тут ніякага сэрвісу для такога патоку турыстаў, пра які мы загаварылі, пра які мы марым. Ня трэба браць Менск пад ўвагу. Я многа ежджу па Беларусі, у рэгіёнах бываю, таму я ведаю, пра што я гавару.

«Гэта такі расізм, які на самай справе сэксізм»

Ганна Соўсь: Наста, што б вы дадалі да такіх ацэнак талерантнасьці беларусаў?

Наста Захарэвіч: У Беларусі вельмі выбарачны расізм. Было трапнае пытаньне, як паставяцца да ўсходніх мужчын. Калі зьнешне мужчына ня будзе пазнавацца на вуліцы як іншаземец, умоўна кажучы, белы мужчына ў вопратцы больш-менш падобнай да таго, як апранаюцца тут, то ніякіх нэгатыўных рэплік у свой адрас ён чуць ня будзе. І жанчына, якая будзе ісьці побач з ім, таксам ня будзе адчуваць на сабе нейкія злыя позіркі. У той жа час, калі гэта будзе мужчына, падобны да нейкага турка, араба, то гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Трапна згадаліся рэгіёны, таму што Менск — гэта адно, іншыя гарады — гэта зусім іншае. Калі я хадзіла па вуліцах Менску са сваім хлопцам, які прыехаў з Мэксыкі, я ніколі не сутыкалася з нэгатыўнымі рэакцыямі, а ў цэнтры Берасьця ісьці было вельмі непрыемна, таму што ўсе глядзелі на мяне так, нібыта я павінна быць зь імі, з усімі адначасова, але не зь ім. То бок гэта такі расізм, які на самай справе сэксізм, а не расізм. Тут, у Беларусі, усё складана. Няма адкрытага агрэсіўнага расізму зараз, але зноўку ж гэта пытаньне колькасьці — калі будзе вельмі шмат іншаземцаў прыяжджаць, магчыма і рэакцыі будуць зьмяняцца. У мяне няма ілюзій наконт таго, што такія тут усе сьветлыя і добрыя людзі. Вельмі шмат ёсьць і агрэсіўных, і такой патрыярхальнай пазыцыі, што гэта ж «наша баба».

Вольга Шастакова: Вельмі трапна, што гэта часьцей сэксізм, а не расізм. Таксама цікавае пытаньне, як мяняюцца паводзіны жанчын, калі становіцца больш адкрыты сьвет і больш магчымасьцяў. Зьяўляецца іншае стаўленьне да адносінаў: больш свабодныя жанчыны, яны могуць выбіраць самі, яны могуць выбіраць свабодныя адносіны, стасункі на невялікі час — усё тое, што раней выбіралі толькі мужчыны. Жанчына і падумаць нават не магла, што яна таксама можа сказаць, які клясны бразыльскі хлопец, давай з табой запалім гэтую ноч, і назаўтра сказаць «кляс», праводзіць яго ў аэрапорт і разьвітацца.

Я бачыла бразыльскіх фанатаў тут, і ў мяне было адчуваньне, што хтосьці можа так і хацеў зрабіць. Але ж гэта вызывае канкрэтна такую ўжо сэксісцкую рэакцыю, як яна можа рабіць тое, што ёй па полу не прадугледжана рабіць? Яна павінна сядзець дома і чакаць, калі мужчына нагуляецца дзе-небудзь там! Гэта новая, цікавая рэакцыя.

Наста Захарэвіч: Гэта і пытаньне разьмеркаваньне ўлады таксама, і пытаньне страху. Як гэта так, што жанчыны самі штосьці будуць выбіраць? Гэтым мужчынам, якія выступаюць агрэсіўна супраць іншаземцаў, проста страшна, што яны неканкурэнтназдольныя, што жанчыны ня стануць абіраць іх. Яны адчуваюць сябе няўпэўнена.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG