Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Быкаў ня радаваўся 9 мая


Васіль Быкаў называў перамогу над нацызмам галоўным бясспрэчным дасягненьнем свайго пакаленьня, але лічыў яе няпоўнай. І, як я мог заўважыць у апошнія гады адзначаў гэты дзень без асаблівай радасьці.

Прычынай быў ня толькі сум па забітых баявых таварышах, па Аляксею Карпюку, Алесю Адамовічу, іншых сябрах — удзельніках вайны, якія адзін за другім сыходзіла з жыцьця.

«Здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды» — сказаў ён у інтэрвію Радыё Свабода 9 мая 2001 году (кнігу "Быкаў на Свабодзе" можна спампаваць тут).

Быкаў мог параўнаць, як жылі і як жывуць тыя, хто ваяваў супраць нацысцкай Нямеччыны — ягоныя брытанскія, амэрыканскія, францускія равесьнікі. Я зараз нават ня маю на ўвазе матэрыяльныя даброты — ясна, што жыцьцё 40-гадовага амэрыканскага фэрмэра ў якім-небудзь 62- м годзе адрозьнівалася ад побыту савецкага калгасьніка, а рабочы ў Манчэстары ці Дэтройце мог дазволіць сябе куды больш, чым жыхар Гомлі ці Навачаркакску. У Навачаркаску 62-м рабочыя выйшлі на вуліцы з патрабаваньнем зьнізіць цэны на мяса — і былі расстраляныя вайсковымі падразьдзяленьнямі.

Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў
Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў

Я маю на ўвазе ступень свабоды.

Амэрыканскі фэрмэр быў свабодным чалавекам. Савецкі калгасьнік быў фактычна рабом. Прыгонным. Па-руску — «крепостным». Моладзь ня ведае, а старыя неяк забыліся, але да пачатку 70-х гадоў савецкія калгасьнікі — дзясяткі мільёнаў чалавек — ня мелі пашпартоў і фактычна ня мелі права пакідаць свае вёскі без адмысловага дазволу.

Скажам, калі б годзе ў 1965 мой дзед, удзельнік вайны, пажадаў ускласьці кветкі да помніка Перамогі ў Менску і прыехаў у беларускую сталіцу са сваіх Сідаравічаў з-пад Магілёву — ён бы мусіў узяць даведку ад старшыні сельсавета ці старшыні калгасу, што яго адпусьцілі на некалькі дзён зь вёскі. Інакш, калі б патрапіў на вочы міліцыянту — штраф, адміністрацыйны арышт, іншыя непрыемныя варыянты. У другой палове 60-х на такія парушэньні ўжо глядзелі скрозь пальцы, але закон заставаўся.

Тое ж магло быць з бацькамі Быкава, ягоным братам, якія жылі ва Ўшаччыне.

І гэта — свабода? Мы ўжо ня кажам пра выбары, пра свабодную прэсу.

І яшчэ адна цытата Быкава, таксама з інтэрвію Радыё Свабода, у маі 2003-га, у апошнія тыдні ягонага жыцьця.

«Я лічу, што перамогу сапраўды адабралі. І ў беларусаў, і ў расейцаў, і не толькі. Але гэтае адбіраньне адбылося адразу пасьля перамогі. І адабраў яе ні хто іншы, як самы вялікі кумір гэтых народаў — „вялікі“ Сталін....Што атрымалі народы Савецкага Саюзу? Зноў жа тую камуністычную кабалу, тую заняволенасьць і галечу».

«Камуністычную кабалу»...

Быкаў шкадаваў, што калі нацызм быў асуджаны ў Нюрнбэргу, дык камунізм не атрымаў належнай ацэнкі.

Вось таму ён дапамог Пазьняку апублікаваць праўду пра Курапаты, таму быў сузаснавальнікам антысталінскага «Мартыралёгу Беларусі», антыкамуністычнага Народнага Фронту.

Тым часам як улада, якая і пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці заставалася пракамуністычнай, надавала Дню перамогі камуністычнае, савецкае аздабленьне.

Вось таму 9 мая 94 года Быкава не пускалі на Плошчу Перамогі — бо ён, як і вэтэран вайны Артур Вольскі і партызан Мікола Крукоўскі, быў у калёне з тымі, хто выступаў супраць аднаўленьня старых парадкаў.

Групу БНФ не пускаюць ускласьці кветкі да манумэнту Перамогі. Сяргей Навумчыяк, Зянон Пазьняк, Васіль Быкаў. Фота з газэты "Свабода". 9 траўня 1994.
Групу БНФ не пускаюць ускласьці кветкі да манумэнту Перамогі. Сяргей Навумчыяк, Зянон Пазьняк, Васіль Быкаў. Фота з газэты "Свабода". 9 траўня 1994.

Ну а неўзабаве сьвята перамогі рабілася ўжо сталінскім. Пройдзе зусім няшмат часу, і па дзяржаўным тэлебачаньні прапагандысты будуць называць Быкава — «літаратурным уласаўцам», «Іванам, ня памятаючым радзтва».

Я зразумеў адчуваньні Быкава, калі прыехаў у Беларусь пасьля 20-гадовай адсутнасьці. Краіна была незалежнай, але таго, пра што марылася нам у 91-м, у ёй не было. Тыя, хто ў свой час зрабіў дасягненьне Незалежнасьці сваёй мэтай, хто ўрэшце і дамогся яе — Вінцук Вячорка і Сяргей Дубавец, Пётра Садоўскі і Ўладзімер Арлоў, Лявон Баршчэўскі і Юрась Беленькі, тысячы іх паплечнікаў — адчуваюць гэта штодня.

Дасягненьнем Незалежнасьці скарыстаўся той, хто ня меў да яе ніякага дачыненьня. І, як у свой час Сталін, пазбавіў народ Беларусі таго, што Быкаў называў «найвялікшай чалавечай каштоўнасьцю» — свабоды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG