Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп і Пуцін абмеркавалі кантроль над узбраеньнямі і каранавірус


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў расейскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну аб неабходнасьці ўцягнуць Кітай у дамоўленасьці аб кантролі над узбраеньнямі. Трамп падкрэсьліў, што важна пазьбегнуць «дарагой гонкі ўзбраеньняў».

Пра гэта паведамілі ў Белым доме, спаслаўшыся на тэлефонную размову Трампа і Пуціна, якая адбылася ў чацьвер. «Прэзыдэнт Трамп пацьвердзіў, што ЗША адданыя эфэктыўнаму кантролю над узбраеньнямі, у якім будзе задзейнічаная ня толькі Расея, але і Кітай, і ён з нецярпеньнем чакае далейшых дыскусіяў», — падкрэсьлілі ў Белым доме.

Летась паміж Расеяй і ЗША перастала дзейнічаць Дамова аб ліквідацыі ракет сярэдняга і меншага дасягу (РСМД), падпісаная больш за 30 гадоў таму. Першым аб выхадзе з пагадненьня абвясьціў Вашынгтон, абвінаваціўшы Маскву ў парушэньні дамоўленасьцяў. Гэтую пазыцыю падтрымала NATO. Расея абвінавачаньні адкінула, але таксама абвясьціла аб выхадзе з дамовы.

Злучаныя Штаты таксама прыгразілі не працягваць Дамову аб захадах далейшага скарачэньня і абмежаваньня стратэгічных наступальных узбраеньняў (СНУ-3), дзеяньне якой канчаецца ў наступным годзе. Як адзначае Associated Press, гэтае пагадненьне, якое абавязвае бакі сярод іншага паменшыць удвая колькасьць ракетных пускавых установак і ўсталяваць новы рэжым праверкі, лічыцца апошняй буйной дамовай аб абмежаваньні ядзерных арсэналаў.

У чацьвер Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін таксама абмеркавалі становішча на сусьветным рынку нафты і сытуацыю з пашырэньнем каранавірусу. Трамп заявіў, што амэрыканскія ўлады шмат робяць для абароны ад эпідэміі сваіх суграмадзян, але таксама гатовыя аказаць дапамогу любой іншай краіне, уключаючы Расею, у выпадку неабходнасьці.

Прэзыдэнты дзьвюх краін таксама абмяняліся віншаваньнямі з нагоды 75-годзьдзем Перамогі над нацызмам, дадалі ў прэс-службе Крамля.

Пасьля анэксіі Крыму і пачатку канфлікту на ўсходзе Ўкраіны ў 2014 годзе адносіны паміж Расеяй і Захадам, у тым ліку ЗША, рэзка абвастрыліся. Некаторыя экспэрты параўноўвалі пагаршэньне з пэрыядам халоднай вайны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG