Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША распрацоўваюць дамову аб здабычы карысных выкапняў на Месяцы. Расею як партнэра не разглядаюць


Выява-канцэпт базы на Месяцы, ©Shutterstock

Адміністрацыя Дональда Трампа распрацоўвае юрыдычны праект для здабычы выкапняў на Месяцы ў рамках фундаванага ЗША міжнароднага пагадненьня пад назвай Artemis Accords, паведамілі Reuters крыніцы, знаёмыя з праектам дамовы.

Пагадненьне зьяўляецца спробай ЗША знайсьці саюзьнікаў для рэалізацыі пляну NASA ў адпраўцы астранаўтаў і заснаваньні касьмічнай станцыі на Месяцы на працягу наступнага дзесяцігодзьдзя. Праект пакту афіцыйна пакуль не перададзены краінам — саюзьніцам ЗША.

Злучаныя Штаты ды іншыя касьмічныя дзяржавы разглядаюць Месяц у якасьці ключавога стратэгічнага актыву ў космасе. Месяц таксама мае значэньне для доўгатэрміновых навуковых дасьледаваньняў, якія маглі б забясьпечыць магчымасьць будучых палётаў на Марс. Гэтая дзейнасьць падпадае пад рэжым міжнароднага касьмічнага права, якое мае патрэбу ў мадэрнізацыі.

Пагадненьне Artemis, названае ў гонар новай праграмы NASA для дасьледаваньня Месяца, прадугледжвае стварэньне «зон бясьпекі». Яны будуць акаляць будучыя месяцовыя базы, каб прадухіліць шкоду або перашкоды ад краін-канкурэнтак або кампаній, якія дзейнічаюць у непасрэднай блізкасьці.

Па словах крыніц, задача пагадненьня таксама ў тым, каб, у адпаведнасьці зь міжнародным правам, стварыць аснову для валоданьня рэсурсамі, якія будуць здабывацца на Месяцы.

У наступныя тыдні амэрыканскія ўлады плянуюць афіцыйна дамовіцца аб пагадненьнях з партнэрамі ў дасьледаваньні космасу, такімі як Канада, Японія і эўрапейскія краіны, а таксама з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі. Адміністрацыя Трампа лічыць гэтыя краіны «аднадумцамі», у якіх з ЗША могуць быць агульныя інтарэсы ў здабычы выкапняў на Месяцы.

Паводле крыніц, Расею, якая зьяўляецца асноўнай партнэркай NASA ў сумесным выкарыстаньні Міжнароднай касьмічнай станцыі, у якасьці магчымага партнэра не разглядаюць, бо Пэнтагон усё часьцей лічыць, што Масква варожа сябе паводзіць, вывучаючы амэрыканскія шпіёнскія спадарожнікі, якія круцяцца вакол Зямлі.

ЗША ўдзельнічаюць у Дамове аб космасе, заключанай у 1967 годзе. Прапанова аб стварэньні «зон бясьпекі» на Месяцы разглядаецца ў якасьці рэалізацыі аднаго з спрэчных палажэньняў, якiя зьмяшчаюцца ў дамове 1967 году. У ёй гаворыцца, што Месяц ды іншыя нябесныя целы «не падлягаюць нацыянальнаму прысваеньню ні шляхам абвяшчэньня на іх сувэрэнітэту, ні шляхам выкарыстаньня або акупацыі, ні любымі іншымі сродкамі”.

Па словах адной з крыніц, зоны бясьпекі, памер якіх будзе вар'іравацца, дазволяць каардынаваць дзеяньні касьмічных удзельнікаў, пры гэтым тэхнічна тэрыторыя не зьяўляецца сувэрэннай.

«Ідэя ў тым, што, калі вы зьбіраецеся падысьці да чыёйсьці базы, і яе акаляе зона бясьпекі, вы павінны загадзя зьвязацца, пракансультавацца і высьветліць, як вы можаце зрабіць гэта бясьпечна для ўсіх», — патлумачыла крыніца.

Пагадненьне Artemis — частка пляну адміністрацыі Трампа адмовіцца ад шматбаковых міжнародных пагадненьняў у Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і замест гэтага заключаць дамовы з «аднадумцамі», заявіў Reuters высокапастаўлены чыноўнік адміністрацыі.

Паколькі сусьветныя дзяржавы ўсё часьцей разглядаюць космас як прастора для вядзеньня вайны, пагадненьне на чале з ЗША таксама сымбалізуе ўзрастаньне ролі NASA ў якасьці інструмэнту амэрыканскай дыпляматыі і, як чакаецца, выкліча спрэчкі з канкурэнтамі Вашынгтона ў космасе, уключаючы Кітай.

NASA інвэстуе ў праграму Artemis («Артэміда») дзясяткі мільярдаў даляраў. Праграма прадугледжвае пачатак палётаў астранаўтаў на Месяц у 2024 годзе, стварэньне «ўстойлівай прысутнасьці» ЗША на паўднёвым полюсе Месяца, а таксама здабычу месяцовых парод і падземных вод, якія могуць быць ператвораныя ў ракетнае паліва, з дапамогай прыватных кампаній.

У 2015 годзе ў ЗША быў прыняты закон, які дае кампаніям права ўласнасьці на рэсурсы, якія яны здабываюць у касьмічнай прасторы, аднак у міжнародным прававым полі такіх законаў не існуе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG