Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і космас. Чаму на спадарожнікі Менск траціць у 1,8 раза болей, чым на дзіцячыя садкі


Комплекс кіраваньня спадарожнікам «Белінтэрсат-1» на Койданаўшчыне

10,8 мільёна рублёў закладзена ў бюджэт Беларусі на «выкарыстаньне касьмічнай прасторы ў мірных мэтах». Беларускі спадарожнік зандаваньня ўжо 8-ы год лятае на арбіце, а ўсяго Беларусь мае 3 спадарожнікі. Свабода даведалася, чым гэта карысна.

Паводле чыноўнікаў, беларускі спадарожнік (БКА) ужо акупіўся. Яшчэ ў 2012 годзе паведамлялася, што ягоны кошт разам з запускам — 16 мільёнаў даляраў. Гэты спадарожнік для дыстанцыйнага зандаваньня зямлі. Яшчэ адзін спадарожнік, Belintersat-1, для сувязі, Беларусь запусьціла на арбіту ў 2016 годзе. Трэці беларускі малы спадарожнік для навуковых мэтаў запусьціў у космас БДУ ў 2018 годзе.

Глядзім, якая карысьць Беларусі ад засваеньня космасу і хто выкарыстоўвае гэтыя зьвесткі.

«Выкарыстоўваем, але вельмі рэдка»

Пры запуску БКА ў далёкім 2012 годзе згадвалася, што здымкі зь яго будуць бясплатна аддаваць дзяржаўным службам — сыноптыкам, ратавальнікам, міністэрствам лясной і сельскай гаспадарак.

У Міністэрстве лясной гаспадаркі праз 8 гадоў пасьля запуску спадарожніка Свабодзе паведамілі, што здымкі з космасу выкарыстоўваюць раз на пяцігодку. Гэта трэба падчас нейкіх надзвычайных сытуацый.

«Выкарыстоўваем, але гэта адзінкавыя выпадкі, раз на пяцігодку, калі нейкія глябальныя падзеі. Напрыклад, у 2016 годзе выкарыстоўвалі, калі ад моцнага ветру валіўся лес».

У «Белгідрамэце» паведамілі без падрабязнасьцяў, што дадзеныя зь беларускага спадарожніка выкарыстоўваюць.

У МНС здымкамі зь беларускага спадарожніка БКА карыстаюцца «ў пастаянным рэжыме».

«Гэта маніторынг цеплавых анамалій, а таксама разьвіцьцё паводак. Што праўда, сёлета паводка неактуальная з прычыны надворʼя», — расказаў прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі.

Па стане на мінулы год МНС за здымкі ня плаціць.

Дык на чым зарабляюць беларускія спадарожнікі?

Пры запуску спадарожніка паведамлялася, што здымкі зь яго могуць быць запатрабаваныя ў іншых краінах, на чым можна зарабляць. На сайце «Геаінфармацыйныя сыстэмы» НАН Беларусі, якая і займаецца спадарожнікам, пазначаны шэраг партнэраў. Сярод іх 11 расейскіх як дзяржаўных, так і прыватных кампаній, адна эгіпэцкая і адно міжнароднае абʼяднаньне касьмічных апэратараў.

У красавіку мінулага году намесьнік дырэктара «Геаінфармацыйных сыстэм» НАН Беларусі Барыс Чарнуха паведамляў, што за 7 гадоў спадарожнік зарабіў 18 мільёнаў даляраў.

У 2013 годзе кіраўніцтва «Геаінфармацыйных сыстэм» казала, што за год спадарожнік зарабіў 2 мільёны даляраў.

А ў 2015 годзе Нацыянальная акадэмія навук паведамляла, што ён зарабіў 48 мільёнаў даляраў.

Спадарожнік сувязі Belintersat першапачаткова быў запушчаны для экспарту паслуг сувязі і інтэрнэту, пра што паведамлялі чыноўнікі. Ён каштаваў 300 мільёнаў даляраў. Ці акупіўся гэты праект, праз 4 гады пасьля запуску нідзе не паведамляецца. Але першапачатковы тэрмін эксплюатацыі быў намечаны на 15 гадоў.

На прэс-канфэрэнцыі ў красавіку мінулага году кіраўнік праекту спадарожніка сувязі Belintersat Андрэй Абрамаў казаў пра загружанасьць спадарожніка на 30-40%. Сярод кліентаў ён называў Афрыку, беларускія дзяржаўныя органы і Расею. Ці акупляецца спадарожнік, кіраўнік праекту не паведаміў.

Колькі трацяць на «беларускі космас»

Беларуская дзяржаўная праграма «выкарыстаньне касьмічнай прасторы ў мірных мэтах» абыходзіцца бюджэту на гэты год у 10,8 мільёна рублёў. На дашкольную адукацыю закладзена амаль удвая меней, 5,7 мільёна, а гэта фінансаваньне ўсіх дзіцячых садкоў. Менш трацяць (7,2 мільёна) на ўсе друкаваныя дзяржаўныя сродкі інфармацыі. Праграма разьвіцьця ўсяго малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Беларусі на гэты год каштуе бюджэту ўтрая таньней, чым засваеньне космасу. Дзяржаўная праграма «Абарона інфармацыі» таньнейшая за засваеньне космасу ў 14 разоў. На дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі дзяржава траціць на 3,8 мільёна рублёў менш, чым на космас.

Беларусь і космас

Першы беларускі спадарожнік «БелКА» ня здолеў вылецець у космас. У 2006 годзе над расейскім касмадромам «Байканур» у яго аварыйна адключыліся рухавікі, рэшткі спадарожніка ўпалі ў казахстанскім стэпе.

Спадарожнік Belintersat запусьцілі з касмадрому Січан у Кітаі. Рэалізацыяй праекту займалася кітайская карпарацыя «Вялікая сьцяна».

Спадарожнік «BSUSat-1» запусьцілі ў 2018 годзе з касмадрому ў Кітаі для навуковых мэтаў. Гэта малы спадарожнік вагой 1,6 кіляграма для навуковых мэтаў.

У 2024 годзе Беларусь сумесна з Расеяй плянуе запусьціць на арбіту яшчэ адзін спадарожнік.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG