Прадстаўнікі Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) не прыедуць у Туркмэністан на гэтым тыдні, паведамляе туркмэнская служба Радыё Свабода. Паводле экспэртаў, улады краіны адмянілі запрашэньне для місіі САЗ.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Місія САЗ цяпер знаходзіцца ў Таджыкістане, дзе напярэдадні яе візыту ўлады 30 красавіка афіцыйна пацьвердзілі наяўнасьць пацыентаў, якія захварэлі на COVID-19. Улады Туркмэністану афіцыйна пакуль пра выпадкі захворваньня не паведамлялі і адмаўляюць, што каранавірус ў краіне ёсьць. Аднак у Туркмэністане пры гэтым увялі абмежаваньні на перамяшчэньне па краіне, а для пасадкі на цягнікі і міжгароднія аўтобусы ад пасажыраў патрабуюць здаць аналізы.
Экспэрты САЗ зьбіраліся наведаць шпіталь у Туркмэністане. Аднак незадоўга да іх візыту праваабаронцы Amnesty International заявілі, што ўлады Туркмэністану наўмысна прыніжаюць сур’ёзнасьць пандэміі і прапагандуюць неэфэктыўныя спосабы лячэньня. У прыватнасьці, прэзыдэнт Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, паводле іх сьцьвярджэньня, забараніў згадваць COVID-19 і параіў спальваць лісьце расьліны «гармала», каб пазбавіцца ад хваробы.