Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН і ЗША заклікалі не абмяжоўваць мэдыя ва ўмовах пандэміі


Сусьветны дзень свабоды друку, які адзначаецца кожны год 3 траўня, на гэты раз праходзіць на фоне перасьледаў і запалохваньняў журналістаў у шэрагу краін, дзе ўлады абмяжоўваюць публікацыі матэрыялаў аб пандэміі каранавірусу.

Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо, заклікаўшы неадкладна спыніць цэнзуру і вызваліць журналістаў, якія апынуліся за кратамі. Пампэо ў сваім выступе, аднак, не ўдакладніў, пра якія дзяржавы канкрэтна ідзе гаворка.

«Ва ўмовах пандэміі вельмі важна дазволіць прафэсійным журналістам і іншым пішучым людзям свабодна паведамляць пра тое, што яны бачаць і чуюць, і адкрыта выказваць сваё меркаваньне», — падкрэсьліў Пампэо. Аднак, паводле яго, у той час як афіцыйныя асобы павінны абараняць незалежныя СМІ, некаторыя ўрады наўмысна распаўсюджваюць дэзінфармацыю, падвяргаюць цэнзуры дакладныя і карысныя зьвесткі і «агрэсіўна абмяжоўваюць» журналістаў у іх працы на карысьць грамадзтва.

Раней Майк Пампэо казаў, што ў Злучаных Штатах ведаюць пра праблемы са свабодным распаўсюдам інфармацыі ад лекараў у Кітаі, зь якога пачалася пандэмія. У Пэкіне, мяркуючы па ўсім, спрабуюць схаваць дэталі таго, як пачаў распаўсюджвацца новы каранавірус, рэзюмаваў дзяржсакратар. Ён таксама нагадаў пра высылку кітайскім кіраўніцтвам у сакавіку некалькіх амэрыканскіх журналістаў.

Арганізацыя «Рэпартэры бяз межаў» называла ў ліку іншых краінаў, дзе журналісты сутыкаюцца з цяжкасьцямі пры перадачы зьвестак аб каранавірусе, Казахстан. Улады тлумачаць выклік супрацоўнікаў СМІ на допыты і разьбіральніцтвы ў дачыненьні да іх тым, што «хочуць пазьбегнуць панікі», перадаюць «Рэпартэры бязь межаў». Яшчэ адной дзяржавай, дзе ў журналістаў узьнікаюць праблемы, называюць Іран.

Amnesty International з нагоды Дня свабоды друку выпусьціла даклад аб сытуацыі зь дзейнасьцю СМІ ў Эгіпце. Праваабаронцы адзначаюць, што за апошнія чатыры гады ўлады гэтай краіны фактычна зрабілі журналістыку злачынствам. І гэтая сытуацыя адбілася на асьвятленні цяперашняга крызісу з COVID-19.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш адзначыў, што ў сувязі з пандэміяй каранавірусу назіраецца ўсплёск неправераных дадзеных, шкодных для здароўя парадаў і «дзікіх тэорый змовы». «Мэдыя служаць свайго кшталту проціядзьдзем для такіх гісторый, паколькі распаўсюджваюць правераныя, заснаваныя на фактах і навуковым аналізе навіны», — падкрэсьліў Антонію Гутэрыш.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG