Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі паведаміла, што ня мае права караць міністэрства здароўя за падман


Намесьнік міністра інфармацыі Павал Лёгкі даў адказ на зварот з сайту Petitions.by, у якім аўтар і 211 падпісантаў прасілі прыцягваць да адказнасьці за фальшывую інфармацыю пра каранавірус, паставіўшы ў прыклад заяву міністра здароўя.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Міністар здароўя Ўладзімер Каранік 25 сакавіка заявіў, што нібыта «ў Эўропе няма санітарна-эпідэміялягічнай службы, і няма інфэкцыйных шпіталёў». Гэтак ён тлумачыў, чаму ў Беларусі сытуацыя з эпідэміяй каранавірусу пойдзе па іншым шляху, чым ідзе ў Эўропе. Гэта падман, і гэта абвяргаў шэраг крыніцаў.

У звароце сьцьвярджалася, што ня раз абвяргалася і інфармацыя ад беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў і дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА.

Павал Лёгкі ў адказе на пэтыцыю згадаў, што за няслушную інфармацыю пра каранавірус ужо каралі — прывёў у прыклад выпадак з выданьнем «Мэдыя-Палесьсе», якому вынесьлі папярэджаньне за паведамленьне аб сьмерці аднаго з хворых на COVID-19. Выданьне сьцьвярджала, што не змагло атрымаць адказаў з афіцыйных крыніцаў, таму зьвярнулася да знаёмага лекара — той сказаў, што пацыент памёр, ды памыліўся, а пра памылку неўзабаве паведамілі калегі пацыента, на сайце яе апэратыўна выправілі, выбачыліся перад жонкай пацыента.

«Што ж тычыцца інфармацыі, якая распаўсюджваецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, то даваць ацэнку яе дакладнасьці Міністэрства інфармацыі ня мае права, — паведаміў Лёгкі. — Па атрыманьне тлумачэньняў у гэтым пытаньні вы можаце зьвярнуцца непасрэдна ў Міністэрства аховы здароўя».

Якім чынам можна пакараць міністра за непраўдзівыя зьвесткі, ён не расказаў.

Пэтыцыя, на якую даў адказ Лёгкі, не адзіная рэакцыя на заявы Міністэрства здароўя, якія лічаць непраўдзівымі.

Былая дэпутатка Ганна Канапацкая 29 красавіка падала заяву ў Генпракуратуру на міністра аховы здароўя, у якой прасіла прыцягнуць Караніка да адказнасьці за «дзеяньні, накіраваныя на максымальны распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі» ў Беларусі, «увядзеньне ў зман шляхам унясеньня фальшывых зьвестак і запісаў у афіцыйныя дакумэнты па захворвальнасьці і сьмяротнасьці» і «дэзынфармаваньне насельніцтва адносна небясьпекі распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі».

Каб прыцягнуць да адказнасьці Караніка, «улічваючы асаблівы парадак прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці службовай асобы ў рангу міністра», яна прасіла зьвярнуцца па згоду да кіраўніка дзяржавы.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG