Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жонку з каранавірусам пакінулі дома, але дазволілі хадзіць у краму і аптэку», — мянчук пра карантын у сваёй сям’і


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Мая цешча памерла, калі абвясьцілі, што з COVID-19 памерлі 33 чалавекі, — кажа мянчук Сяргей. — Ня ведаю, ці ўваходзіць яна ў гэты сьпіс, але каранавірус у яе быў».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Цешча Сяргея памерла 15 красавіка. Расказаць сваю гісторыю Сяргея прымусіла тое, як у Беларусі ставяцца да эпідэміі.

«Пажылыя людзі звычайна глядзяць тэлевізар, а там кажуць: „Усё добра, не хвалюйцеся, гэта не хвароба, гэта псыхоз“, — кажа Сяргей. — Я хачу сказаць, што тую лухту, якую Лукашэнка нясе па тэлевізары, ён нёс усе свае гады ва ўладзе. Проста мы не зьвярталі на гэта ўвагі. А цяпер гэта закранула кожнага, і кожны можа памерці».

З прычыны сямейных абставін Сяргей у гэтай сытуацыі аказаўся ня разам зь сям’ёй. Ягоная жонка жыла разам у кватэры са сваёй 74-гадовай маці.

«Угаварыць цешчу нікуды не хадзіць было праблематычна, — кажа Сяргей. — Яна хадзіла ў паліклініку, бо ёй трэба былі рэцэпты на лекі. З хваробаў у яе была арытмія. Калі ёй стала кепска, зьявілася цяжкае дыханьне, выклікалі хуткую і адвезьлі ў шпіталь».

Сяргей са словаў жонкі кажа, што ўжо тады, на пачатку красавіка, дактары ў спэцкасьцюмах 40 хвілін сядзелі ў кватэры і не маглі знайсьці шпіталь, які прыняў бы жанчыну. Аналізы ўзялі на месцы і ў жонкі, і ў цешчы. У абедзьвюх яны далі станоўчы вынік.

Цешчу лячылі 10 дзён у 10-м менскім шпіталі.

«Калі яе адвезьлі ў рэанімацыю, забралі тэлефон, усё адзеньне, — кажа Сяргей. — Пасьля ёй стала трохі лепш, і яе на два дні вярнулі ў звычайную палату. Там выдавалі тэлефон на гадзіну ў дзень. Але ёй усё адно стала горш, і празь некалькі дзён у 5.25 ранку пазванілі і сказалі, што яна памерла».

Жонку, кажа Сяргей, пакінулі дома.

«Сказалі, што раз вам ня кепска, то сядзіце дома. Аніякага ўказу яшчэ не было тады пра тое, што хворыя са слабымі сымптомамі застаюцца дома, — кажа Сяргей. — Жонку пакінулі адну ў пустой кватэры, у яе была тэмпэратура, зьнік нюх на некалькі дзён. Ёй забаранілі некуды хадзіць, але дазволілі хадзіць у аптэку і ў краму. Як чалавеку, які хворы на каранавірус, дазваляюць хадзіць у аптэку і ў краму? Зранку ёй тэлефануюць з паліклінікі, увечары міліцыя званіла ў дамафон і прасіла памахаць рукой з вакна».

У такіх умовах пахаваць старую жанчыну стала сапраўднай праблемай.

«Трэба было ўскрыцьцё, аналіз на каранавірус. Усё гэта зацягнулася на 4 дні, увесь гэты час яна ляжала ў моргу, — кажа Сяргей. — Пасьля ніхто яе забраць ня мог, бо жонка і сын пад самаізаляцыяй. Запатрабавалі аплаціць труну, грузчыкаў, урну, тады яе адвезьлі на крэмацыю, а урну ўчора аддалі».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG