Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская пэрспэктыва пандэміі: успамін пра будучыню


Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі па стане на 23 красавіка было 8022 хворыя на каранавірус, на гэты дзень памерлі ад пандэміі 60 чалавек. Гэта 849 хворых і 6 чалавек памерлых на мільён насельніцтва.

Возьмем гэтыя беларускія паказьнікі за пункт адліку.

Калі ў розных краінах сьвету быў такі самы ўзровень захворваньня на каранавірус і якая там была тады сытуацыя са сьмяротнасьцю ад яго?

Адказы на гэтыя пытаньні дазваляе знайсьці сайт Worldometer, які дае падрабязную інфармацыю пра ход пандэміі ў сьвеце, у тым ліку і ў рэтраспэктыве.

Беларусь на фоне іншых

Даволі шмат краінаў сьвету яшчэ не дасягнулі цяперашняга беларускага ўзроўню распаўсюду захворваньня — 849 чалавек на мільён насельніцтва. Менш хворых адносна насельніцтва ва ўсіх краінах-суседзях Беларусі, у 10 разоў гэты паказьнік ніжэйшы за беларускі ў Кітаі, зь якога пандэмія пачалася.

Але нямала і краінаў, у якіх «пункт 849» ужо пройдзены даўно.
У табліцы, якая прыводзіцца ніжэй, другі слупок – дата, калі ў адпаведнай краіне колькасьць выпадкаў захворваньня на 1 мільён чалавек дасягнула 849, трэці слупок – колькасьць памерлых ад каранавірусу на мільён чалавек на гэты дзень, чацьвёрты слупок – адсотак памерлых ад хворых на гэты дзень.

Табліца 1. Даты «пункту 849» і сьмяротнасьць ад каранавірусу ў ім у розных краінах сьвету

Краіна

Дата, 849 выпадкаў/1M

Сьмерцяў/1M

Сьмерці/Выпадкі, %

Вялікая Брытанія

7.04

91

10.7

Галяндыя

2.04

78

9.2

Швэцыя

8.04

69

8.1

Італія

20.03

67

7.9

Гішпанія

24.03

64

7.5

Францыя

1.04

62

7.3

Іран

13.04

55

6.4

Бэльгія

29.03

37

4.4

Данія

7.04

36

4.2

Канада

17.04

35

4.1

ЗША

3.04

26

3.1

Ірляндыя

3.04

24

2.9

Партугалія

1.04

19

2.2

Турэччына

15.04

18

2.1

Люксэмбург

21.03

13

1.6

Эстонія

6.04

12

1.4

Швайцарыя

22.03

11

1.3

Нямеччына

31.03

9

1.1

Нарвэгія

31.03

7

0.9

Аўстрыя

27.03

6

0.8

Беларусь

23.04

6

0.8

Ізраіль

3.04

5

0.5

Ісьляндыя

18.03

0

0.0

Роскід датаў – у межах аднаго месяца, ад Ісьляндыі, дзе пункт 849 быў пройдзены 18 сакавіка, да Канады, дзе столькі хворых на мільён было 6 дзён таму.

Ня выключана, што нейкія з гэтых прыкладаў – зусім недалёкая будучыня Беларусі.

Але якія менавіта – сказаць складана. У паказьніках сьмяротнасьці роскід значна большы, ад ніводнага памерлага ў Ісьляндыі (на той момант) да амаль 100 чалавек на мільён насельніцтва ў Вялікай Брытаніі.

З гэтых прыкладаў можна зрабіць дзьве высновы. Альбо ў Беларусі статыстыка сьмяротнасьці ад каранавірусу вельмі сумнеўная, альбо — што маюць значэньне нацыянальныя асаблівасьці, магчыма, яшчэ незразумелыя, якія ня зводзяцца да адрозьненьняў у дзяржаўнай палітыцы барацьбы з пандэміяй.

Цяперашні беларускі паказьнік сьмяротнасьці ад вірусу на мільён насельніцтва – на ўзроўні гэтага паказьніка ў «пункце 849» у такіх краінах, як Нямеччына, Аўстрыя, Нарвэгія. Дэмакратычных краінах з празрыстай справаздачнасьцю.

Так што падобны паказьнік – само па сабе ня нешта ўнікальнае і супярэчнае законам прыроды.

І можна дапусьціць, што лёс іншых краін, у якіх ужо пры 849 хворых на мільён лічбы памерлых ад хваробы былі жахлівыя – гэта ня лёс Беларусі ў любым выпадку. Такія лічбы ў Беларусі не дасягнутыя сёньня, можа і пашанцуе і яны ня будуць такімі і тым больш яшчэ горшымі і ў далейшым.

Часам выказваецца думка, што Беларусь у разгортваньні пандэміі проста адстае ад іншых. Але ў «пункце 849» іншыя былі на цяперашняй беларускай стадыі. І тагачасныя вынікі былі істотна адрозныя ад цяперашніх афіцыйных беларускіх.

Зь іншага боку, дадзеныя табліцы 1 даюць падставы паставіць пад сумнеў цяперашні беларускі паказьнік сьмяротнасьці ад каранавірусу. Усё ж у большасьці краін у «пункце 849» ён быў значна большы, нават у шмат разоў большы, чым сёньня ў Беларусі. І гэта ня вельмі залежала ад палітыкі барацьбы зь вірусам, абранай у той ці іншай краіне.

Урад Вялікай Брытаніі практыкаваў адносна мяккую палітыку, пакуль лічбы сьмерцяў ня сталі шалёнымі, а краіна ня трапіла ў сумныя лідэры паводле сьмерцяў на мільён чалавек.

Швэцыя карантын ня ўводзіла тады і ня ўводзіць цяпер. Паводле паказьніку сьмяротнасьці яна ў «пункце 849» была на трэцім месцы сярод краін, пазначаных у табліцы. Тады, два тыдні таму, сьмяротнасьць ад вірусу ў Швэцыі была большая, чым у Беларусі цяпер, у 10 (!) разоў.

Ці то беларусам так пашанцавала, ці то статыстыка складаецца даволі дзіўна. Прынамсі, беларуская лічба ў 25–30 сьмерцяў на мільён насельніцтва ў «пункце 849» выглядала б нашмат больш праўдападобнай і адпаведнай сусьветнай карціне дынамікі хваробы.

Магчымая будучыня

Ну, а цяпер – пра магчымую будучыню Беларусі ў праекцыі досьведу краін з папярэдняй табліцы, пра тое, як іх паказьнікі распаўсюду хваробы і сьмяротнасьці ад яе зьмяніліся з «пункту 849».

У наступнай табліцы прыводзяцца дадзеныя з сайта Worldometer. Другі слупок – колькасьць захворваньняў на каранавірус на мільён насельніцтва на 23 красавіка, трэці слупок – рост колькасьці захворваньняў у параўнаньні з «пунктам 849» з папярэдняй табліцы для адпаведнай краіны, трэці слупок – колькасьць сьмерцяў ад каранавірусу на мільён насельніцтва на 23 красавіка, чацьверты слупок – рост колькасьці сьмерцяў ад пандэміі з «пункту 849» да 23 красавіка, пяты слупок – адсотак сьмерцяў ад каранавірусу ад колькасьці захварэлых на 23 красавіка.

Табліца 2. Дынаміка захворваньня на каранавірус і сьмерцяў ад яго ад «пункту 849» да 23 красавіка

Краіна

Выпадкі/1M

23.04

Рост колькасьці выпадкаў з «пункту 849» да 23.04, у разы

Сьмерці/1M

23.04

Рост колькасьці сьмерцяў з «пункту 849» да 23.04, у разы

Сьмерці/

Выпадкі, %

23.04

Люксэмбург

5855

6.9

133

10.0

2.3

Ісьляндыя

5243

6.2

29

-

0.6

Гішпанія

4556

5.4

474

7.4

10.4

Бэльгія

3822

4.5

576

15.5

15.1

Ірляндыя

3566

4.2

161

6.6

4.5

Швайцарыя

3293

3.9

179

15.7

5.4

Італія

3142

3.7

423

6.3

13.5

ЗША

2679

3.2

152

5.8

5.7

Францыя

2423

2.9

335

5.4

13.8

Партугалія

2192

2.6

80

4.3

3.6

Галяндыя

2085

2.5

244

3.1

11.7

Вялікая Брытанія

2034

2.4

276

3.0

13.6

Нямеччына

1828

2.2

67

7.2

3.7

Ізраіль

1719

2.0

22

4.7

1.3

Аўстрыя

1666

2.0

58

9.0

3.5

Швэцыя

1659

2.0

200

2.9

12.1

Данія

1417

1.7

68

1.9

4.8

Нарвэгія

1365

1.6

36

5.0

2.6

Эстонія

1210

1.4

35

3.0

2.9

Турэччына

1207

1.4

30

1.7

2.5

Канада

1116

1.3

57

1.6

5.1

Іран

1036

1.2

65

1.2

6.3

Беларусь

849

1

6

1

0.8

Тэмп распаўсюду хваробы шмат у якіх краінах табліцы 2 даволі высокі. Хоць роскід тэмпаў вельмі значны: ад амаль сямікротнага ў Люксэмбургу да павелічэньня ўсяго на 20% у Іране. Пры гэтым для ўсіх краін без выключэньня тэмп росту сьмяротнасьці ад хваробы перавышаў тэмп яе распаўсюду. За прыкладна месяц і нават меней яна стала больш сьмертаноснай практычна ва ўсіх краінах табліцы.

У Ісьляндыі ў «пункце 849» ніхто з хворых яшчэ не памёр, цяпер паказьнік сьмяротнасьці на мільён чалавек у гэтай краіне – большы за беларускі на бягучы момант у 5 разоў.

Бэльгія, якая ў «пункце 849» была на пачатку другой траціны сьпісу паводле паказьніку сьмяротнасьці ад хваробы на мільён насельніцтва, цяпер выйшла на сумнае абсалютнае першае месца ў сьвеце паводле гэта паказьніку з ростам яго за тры тыдні ў 15 разоў.

У Швэцыі, якую ў Беларусі часта ставяць у прыклад як яшчэ аднаго «дысыдэнта», які ня ўвёў карантын, распаўсюд захворваньня павялічыўся ўдвая, а паказьнік сьмяротнасьці – у тры разы.

Падводзячы вынікі і экстрапалюючы досьвед іншых краінаў на Беларусь, можна зрабіць выснову, што тэмп распаўсюду пандэміі ў Беларусі будзе, безумоўна, павялічвацца. Таксама можна ўпэўнена прагназаваць павелічэньне ступені сьмяротнасьці ад каранавірусу. Прынамсі, у сапраўдных лічбах, а не ў схаваных у «рэсьпіраторнае захворваньне» і «пнэўманію». Але пытаньне ў памерах, якія маюць значэньне.

У такіх краінах, як Гішпанія і Італія, паказьнікі сьмяротнасьці былі і ў «пункце 849» у шмат разоў большыя, чым у цяперашні момант у Беларусі паводле афіцыйных дадзеных. Шмат у каго беларускія афіцыйныя дадзеныя выклікаюць вялікія сумневы. Але ўпэўненасьць, што сапраўдныя лічбы сьмяротнасьці ад пандэміі ў Беларусі большыя за афіцыйныя ў шмат разоў, ёсьць у нямногіх.

Што ў некалькі разоў большыя – так, многія так думаюць, і, напэўна, яно так і ёсьць. Але ў тое, што ў Беларусі сытуацыя бэльгійская, гішпанская ці італьянская, вераць нямногія. Гэта ў значнай ступені пытаньне веры.

Паводле міжнароднага апытаньня ў Беларусі, дзе афіцыйна 6 памерлых ад вірусу, ня вераць у слушнасьць палітыкі ўладаў адносна пандэміі 86%, а ў Бэльгіі, дзе іх амаль у сто разоў больш, – 40%.

Аднак суб'ектыўныя народныя меркаваньні робяцца абʼектыўным фактарам, які прымушае ўлады рабіць тыя ці іншыя крокі. Як казаў Карл Маркс, ідэя, якая авалодвае масай, робіцца матэрыяльнай сілай.

Ну, і парады шаноўным чытачам пасьля ўсіх міжнародных параўнаньняў – мыйце рукі часьцей, сядзіце дома, калі ёсьць магчымасьць, асабліва калі гады немалыя, не хадзіце на зборы, дзе шмат людзей, трымайце дыстанцыю ў месцах, дзе шмат народу, калі ўжо вы туды трапілі. Статыстыка – рэч цікавая, але не хацелася б, каб асабіста вы трапілі ў статыстыку хворых на каранавірус, а тым больш памерлых ад яго.

Перадрук з парталу TUT.BY

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG