Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«5 інтэрнатаў для інвалідаў ужо сталі асяродкамі каранавірусу». Праваабаронцы б’юць у званы з прычыны сытуацыі ў інтэрнатах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

7 грамадзкіх арганізацый, якія апякуюцца інтэрнатамі для састарэлых, інвалідаў і хворых на псыхічныя хваробы, падпісалі адкрыты зварот у сувязі з распаўсюдам у гэтых установах каранавірусу.

На плятформе molamola актывісты абвясьцілі збор грошай і сродкаў, якія пойдуць на дапамогу сацыяльным установам, а таксама прапануюць зрабіць тэрміновыя захады, каб прадухіліць у інтэрнатах масавае захворваньне на каранавірус.

«Вельмі важна зьменшыць шчыльнасьць пражываньня і максымальна аддзяліць тых, хто пражывае ў інтэрнатах, адзін ад аднаго», — лічаць праваабаронцы і прапануюць у вырашэньні гэтай задачы сваю дапамогу.

«Мы прапануем скарыстаць магчымасьці „хатніх“ адпачынкаў (часовае знаходжаньне па-за сьценамі інтэрнатаў у сваякоў ці валянтэраў). Гэта могуць быць ня толькі гасьцявыя сем’і, але таксама гатэлі і санаторыі, якія пустуюць (не выкарыстоўваюцца ў дадзены момант), дзе частка ўтрыманцаў і пэрсаналу маглі бы бясьпечна разьмясьціцца на час эпідэміі», — прапануюць аўтары звароту.

Актывісты лічаць, што нельга пакінуць без дапамогі і сацыяльных работнікаў, якія працуюць у інтэрнатах і разам з утрыманцамі гэтых устаноў апынуліся ў зоне рызыкі. На думку аўтараў звароту, дзяржава павінна забясьпечыць ім працу вахтавым мэтадам ды прадугледзець дадатковую аплату.

Камэнтар Свабодзе даў адзін з падпісантаў звароту, кіраўнік «Офіса па правах людзей з інваліднасьцю» Сяргей Драздоўскі.

Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі 82 установы сацыяльнага абслугоўваньня, у якіх на ўтрыманьні дзяржавы знаходзяцца каля 20 тысяч чалавек. У гэтых установах працуюць некалькі тысяч супрацоўнікаў, якія таксама апынуліся ў зоне рызыкі.

Сяргей Драздоўскі
Сяргей Драздоўскі

Па дадзеных Сяргея Драздоўскага, ужо ў 5 інтэрнатах зарэгістраваныя выпадкі захворваньня на каранавірус, іх ужо некалькі дзясяткаў, але афіцыйна гэтыя зьвесткі не агалошваюцца. Актывіст не выключае, што колькасьць тых, хто захварэў, сярод пастаяльцаў і супрацоўнікаў інтэрнатаў для састарэлых, інвалідаў і псыхічна хворых будзе павялічвацца.

«На жаль, мы бачым вельмі слабую гатоўнасьць інтэрнатаў да таго, каб пазьбегнуць масавага заражэньня. Усе нашы інтэрнаты пабудаваныя паводле падобных калідорных праектаў, якія нібыта створаныя для хуткага распаўсюду каранавірусу, бо асноўныя камунікацыі ідуць праз адну артэрыю. Дадайце шчыльнасьць пацыентаў у пакоях, якая не дазваляе ўтрымаць бясьпечную дыстанцыю: калі захварэў адзін чалавек, абавязкова захварэюць іншыя.

Як мэдыкі ў шпіталях, на пярэднім краі аказаліся і супрацоўнікі інтэрнатаў. Хутчэй за ўсё, калі захварэюць жыхары інтэрнатаў, то і яны захварэюць. Але трэба ўлічваць, што большасьць інтэрнатаў знаходзяцца ў сельскай мясцовасьці, і супрацоўнік інтэрнату, які захварэе, стане распаўсюднікам хваробы ў гэтым населеным пункце. А сродкаў засьцярогі ў іх дакладна меней, чым у мэдыкаў. Таму мы просім зьбіраць ня толькі грошы, але найперш сродкі засьцярогі: гэта рэсьпіратары і адмысловыя касьцюмы», — сказаў Сяргей Драздоўскі з «Офіса па правах людзей з інваліднасьцю».

Таксама адкрыты зварот падпісалі ўстанова «Цэнтар судзеяньня нармалізацыі жыцьця ўразьлівых групаў насельніцтва „Ёсьць справа“», Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, аб’яднаньне «Беларуская асацыяцыя сацыяльных працаўнікоў», «Спажыўцы псыхіятрычных паслуг», дабрачынная арганізацыя «Крыніца Адраджэньня» і Цэнтар падтрымкі маладых інвалідаў са Століна.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG