Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Псыхалёгія ці прага ўлады? Чаму Лукашэнка дзейнічае насуперак усяму сьвету


Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем на Вялікдзень у вёсцы Новыя Ляды

Сьцісла

  • Пазыцыя Лукашэнкі ўсё больш набывае характар выкліку, дэманстрацыі.
  • Заклік кіраўніка БПЦ да вернікаў вельмі не спадабаўся кіраўніку Беларусі.
  • Лукашэнка апынуўся ў цэнтры ўвагі ўсясьветных мэдыя. А яму бяз гэтага сумна.
  • Імкненьне ісьці не ў нагу з суседзямі мае пад сабой ня толькі палітычны, але і псыхалягічны грунт.
  • Сапраўдная ўлада — гэта ўлада над жыцьцём і сьмерцю сваіх падданых.

Большасьць экспэртаў, якія спрабуюць аналізаваць своеасаблівую пазыцыю кіраўніцтва Беларусі адносна каранавірусу, тлумачаць яе ў асноўным эканамічнымі прычынамі. Маўляў, такі прагматычны, утылітарны падыход.

Аднак чым далей разгортваюцца падзеі, тым больш становіцца відавочна, што эканоміка тут на дзясятым месцы. Пазыцыя Лукашэнкі ўсё больш набывае характар выкліку, дэманстрацыі, пагарды да той праблемы, якая хвалюе ўвесь сьвет. Бо якое дачыненьне да эканомікі мае парад, суботнік, футбол?

Таксама шмат хто з экспэртаў выказваў меркаваньне, што па меры росту колькасьці інфікаваных, памерлых Лукашэнка будзе вымушаны рабіць усё больш жорсткія захады супраць распаўсюду вірусу. Аднак насамрэч усё адбываецца з дакладнасьцю да наадварот.

Возьмем дзеля прыкладу загад аднавіць заняткі ў школах. Лёгіка такога рашэньня моцна дзівіць. Вакацыі працягнулі 3 красавіка, калі ў краіне быў 351 чалавек, заражаны каранавірусам. 17 красавіка, калі Лукашэнка загадаў аднавіць заняткі, такіх было 4779.

Ня менш дзіўная пазыцыя Лукашэнкі наконт наведваньня храмаў. 13 красавіка ён перасьцярог кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) ад заклікаў да людзей не хадзіць у царкву на Вялікдзень. Але кіраўнік БПЦ мітрапаліт Павел яго не паслухаўся, зьвярнуўся да вернікаў з просьбай застацца дома і не наведваць на сьвяты храмы, а на Радаўніцу — могілкі.

Гэта вельмі не спадабалася Лукашэнку. 19 красавіка, знаходзячыся ў храме ў Смалявіцкім раёне, ён заявіў: «Я не вітаю тых, хто закрыў людзям дарогу да храма. Я не вітаю такой палітыкі». Магчыма, ён меў на ўвазе ня толькі Паўла, але і Пуціна.

Таму насамрэч тут мы маем справу зь нечым экзыстэнцыйным, псыхалягічным.

Найперш, Лукашэнка апынуўся ў цэнтры ўвагі ўсясьветных мэдыя. Такога даўно ўжо не было. А бяз гэтага яму сумна. Шмат краінаў трансьлюе матчы чэмпіянату Беларусі па футболе. Усе асноўныя ўсясьветныя мэдыя абавязкова ўзгадаюць пра парад на 9 траўня. Бо ён будзе адзіны ў сьвеце. Некалькі месяцаў славы, няхай гэта і слава Герастрата.

Затым, ня ў першы раз Лукашэнка праводзіць палітыку насуперак усясьветным трэндам. Беларусь у 1990-я гады не пайшла ўсьлед за іншымі постсацыялістычнымі краінамі па шляху рынкавых рэформаў і дэмакратыі. Быў абраны альтэрнатыўны варыянт (гэтак званая беларуская «сацыяльная мадэль»), якім Лукашэнка дасюль моцна ганарыцца.

Гэтае імкненьне ісьці не ў нагу з суседзямі мае пад сабой ня толькі палітычны грунт. Тут шмат ад псыхалёгіі. Для псыхатыпу Лукашэнкі характэрная канфліктагеннасьць, дрэнная адаптаванасьць да дамінуючых сацыяльных нормаў.

Нарэшце, самае галоўнае. Магчыма, у гэтай сытуацыі мы маем справу з прагай улады, даведзенай да свайго лягічнага канца. Мой калега Юры Дракахруст неяк выказаў думку, што з гледзішча Лукашэнкі сапраўдная ўлада — гэта ўлада над жыцьцём і сьмерцю сваіх падданых. Таму беларускі кіраўнік так упарта трымаецца за захаваньне ў краіне сьмяротнага пакараньня. Але такі прысуд у Беларусі выносяць толькі некалькім чалавекам у год. А вось ад каранавірусу ў Беларусі паміраюць ужо дзясяткамі, а хутка, верагодна, лік пойдзе на сотні. І ад яго, ягоных рашэньняў залежыць, павялічыць ці зьменшыць гэты трагічны лік. Вось ён, апатэоз улады, яе кульмінацыя, вышэйшая асалода.

Цалкам дапускаю, што такія высновы не да канца ўсьведамляюцца на рацыянальным узроўні — магчыма, мы маем справу з падсьвядомымі імпульсамі, якія адбываюцца на ўзроўні інтуіцыі.

Уся трагедыя ў тым, што ад гэтых імпульсаў моцна залежыць здароўе і жыцьцё вялікай колькасьці беларусаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG