Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны проста называюцца „маскі“, гэта каб людзі не датыкаліся да твару». Разьбіраемся ў асартымэнце беларускіх вытворцаў


Ці наладзілі на прадпрыемствах «Беллегпрама» выраб масак зь фільтравальным кампанэнтам, якія забясьпечваюць бактэрыялягічны бар’ер згодна зь міжнародным стандартам?

Пасьля таго як Генпракуратура выявіла пастаўленыя ў лякарні маскі, эфэктыўнасьць якіх складае ня больш за 10%, у канцэрне «Беллегпрам» разьмежавалі выпуск масак пад рознымі стандартамі і найменьнямі — маска бытавая, санітарна-гігіенічная і мэдычная.

«Калі было даручэньне наладзіць выраб масак, ня быў урэгуляваны парадак прысваеньня ім стандарту, бо ўсё рабілася апэратыўна з прычыны пагаршэньня эпідсытуацыі. Потым гэтыя нюансы былі ўрэгуляваныя зь Міністэрствам аховы здароўя і Дзяржстандартам. Прадпрыемствы сёньня маюць даволі шырокі асартымэнт масак: ад простых бытавых марлевых павязак і да вырабаў мэдычнага прызначэньня. Адпаведна, у іх розная ступень абароны», — сказала карэспандэнту Свабоды прэс-сакратарка канцэрну Марына Васькевіч.

На маскі распрацаваныя тэхнічныя рэглямэнты і атрыманы дазвол на іх выраб у Міністэрстве аховы здароўя.

«Адзінае, калі гэта павязка з баваўнянай тканіны і марлі, то яна, безумоўна, не падыходзіць для мэдыкаў, якія працуюць непасрэдна з хворымі на каранавірус, бо ў яе ня тая ступень абароны. Але калі гэтыя вырабы выкарыстоўваюцца простымі грамадзянамі дзеля мінімізацыі рызыкі, то гэта магчыма», — сказала Марына Васькевіч.

Гарадзенскае прадпрыемства «Медлен» пачынала з выпуску трохслойных масак з баваўняным фільтрам. Цяпер там наладзілі выраб 5–6-слойных масак з высокай ступеньню засьцярогі. На баранавіцкім «Блакіце» выпускаюць маскі з тканіны з кішэнькай, куды можна ўставіць медленаўскі фільтар зь нятканага матэрыялу. Такія маскі таксама маюць даволі высокую ступень абароны, але фільтар трэба мяняць кожныя 2 гадзіны. Наладжаны таксама выпуск масак са спанбелу.

«На „Медлене“ ёсьць унікальная, адзіная ў Беларусі лінія па вытворчасьці мэдычных масак высокай засьцярогі. Яны і працуюць у гэтай нішы санітарна-гігіенічных вырабаў. Яны яе мадэрнізавалі пад патрэбы рынку і цяпер выпускаюць гэтую маску», — патлумачыла прадстаўніца канцэрну «Беллегпрам».

Рэалізацыяй засьцерагальных вырабаў займаюцца «Белфармацыя» і «Белмэдтэхніка». У «Белфармацыі» карэспандэнта Свабоды запэўнівалі, што «масак у аптэках поўна». У бліжэйшых аптэках, якія наведаў карэспандэнт Свабоды, маскі сапраўды былі, але не было масак зь фільтравальным элемэнтам. Па даведцы знайшлі ў адной з аптэк чатырохслойную маску з баваўняным фільтрам (пакунак 200 штук за 148 рублёў). Таксама прапанавалі набыць кіслародную маску, да якой трэба набываць фільтар, які засьцерагае ад вірусаў і бактэрый цягам 12 гадзін (кошт 12,65 рубля).

«Для іх выпуску патрэбныя спэцыяльныя машыны»

На ААТ «Стужка» канцэрна «Беллегпрам» карэспандэнту Свабоды сказалі, што выпускаюць маскі двух узораў, але безь фільтравальнага кампанэнта.

«Адзін від масак — баваўняныя зь бінтоў. Яны проста называюцца „маскі“, гэта каб людзі не датыкаліся да твару. І мэдычныя маскі са спанбелу, якія нам рэкамэндавала Міністэрства аховы здароўя. А такога ноу-хаў, як маскі зь фільтравальным кампанэнтам, у нас няма. Але зь фільтравальным гэта ўжо будзе ня маска, а рэсьпіратар. Для іх выпуску патрэбны спэцыяльныя машыны, агрэгаты, гэта ня так проста, як усім здаецца», — сказала начальнік упраўленьня якасьцю і сэртыфікацыяй прадукцыі «Стужкі» Алена Ярмоленка.

Сайт tabletka.by прапануе засьцерагальныя «маскі-павязкі» ад розных вытворцаў, у тым ліку ад прадпрыемства ААТ «Сьвітанак». Ці выпускаюць там маскі зь фільтравальным элемэнтам?

Дырэктар ААТ «Сьвітанак» Юры Лукашэвіч сказаў, што на прадпрыемстве выпускаюць «пераважна павязкі».

«Гэта азначае, што гэта ня маска мэдычнага прызначэньня, а павязка з трыкатажнага палатна для спажыўцоў. Яна не для мэдыкаў. Мэдычныя маскі павінны выпускацца зь нятканых матэрыялаў і зь фільтравальным элемэнтам. Цяпер у нас такога фільтравальнага элемэнта няма. Таму тыя прадпрыемствы, якія выпускаюць менавіта мэдычныя маскі, неяк гэтую праблему вырашаюць. Мы больш для спажыўцоў, для людзей, якія набываюць іх у аптэках або ў фірмовых крамах», — сказаў Юры Лукашэвіч.

«Сьвітанак» выпускае ў суткі 80–90 тысяч такіх павязак. Але ці магчыма наладзіць выпуск масак зь фільтравальным элемэнтам?

«Прапановы ёсьць, але наколькі гэта адпавядае патрабаваньням — трэба праводзіць выпрабаваньні. Нехта прапануе фільтар з тканіны, нехта вугальны фільтар, які выкарыстоўваецца ў рэсьпіратарах. У некага ёсьць апрацоўка срэбрам. Але гэта ўсё навука, выпрабаваньні, і пытаньне вельмі сур’ёзнае».

Раней Генпракуратура загадала старшыні канцэрну «Беллегпрам» і міністру аховы здароўя наладзіць вытворчасьць масак з абавязковым ужываньнем фільтраў, якія забясьпечваюць бактэрыялягічны бар’ер, і спыніць выпуск масак безь фільтравальнага кампанэнта як для бальніц і паліклінік, так і для рэалізацыі ў аптэках. Таксама неабходна распрацаваць тэхнічны нарматыўна-прававы акт, які рэглямэнтуе якасныя характарыстыкі вырабаў мэдпрызначэньня.

У Генпракуратуры заявілі, што прадпрыемствы канцэрну «Беллегпрам» «актуалізавалі патрабаваньні да характарыстык масак».

«У выніку мер, прынятых сумесна з Саветам міністраў і Міністэрствам аховы здароўя, маскі рэалізуюцца з улікам іх мэтавага прызначэньня».

У прэс-службе Генпракуратуры карэспандэнту Свабоды сказалі, што «быў прыняты комплекс мер для таго, каб маскі са спэцыяльным фільтравальным кампанэнтам пастаўляліся ў мэдычныя ўстановы і ў аптэчную сетку».

«Маскі ёсьць розныя, ёсьць бытавога прызначэньня. Гаворка ішла пра тое, каб упарадкаваць іх мэтавае прызначэньне, не спыніць выпуск, а разьмеркаваць і кантраляваць плыні, каб маскі выпускаліся і разьмяркоўваліся адпаведна іх прызначэньню».

Генпракуратура зьвярнула ўвагу на выпуск масак, пасьля таго як выявіла малаэфэктыўныя маскі, пастаўленыя ў 6-ю гарадзкую клінічную бальніцу ў Менску, дзе лечаць хворых на COVID-19 і кантактаў першага ўзроўню. Гэтыя «марлевыя павязкі», якія ня мелі «эфэктыўнай фільтравальнай здольнасьці», паставіла ў лякарню праз УП «Белмэдтэхніка» ААТ «Стужка» канцэрну «Беллегпрам».

На думку нагляднага органа, распрацаваныя 19 гадоў таму тэхнічныя стандарты для вытворчасьці масак «утрымліваюць толькі патрабаваньні да матэрыялу маскі і дызайну». Пры гэтым адсутнічаюць «крытэрыі эфэктыўнасьці дадзенага вырабу мэдычнага прызначэньня, у тым ліку характарыстыкі, якія забясьпечваюць дасягненьне прафіляктычнага эфэкту, уключаючы бактэрыялягічны барʼер, а таксама іх клясыфікацыя».

На думку спэцыялістаў-эпідэміёлягаў, узровень эфэктыўнасьці такіх вырабаў не перавышае 10%.

У «Беллегпраме» паведамілі, што агулам у Беларусі ўжо выпускаецца каля 2 мільёнаў масак у суткі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG