Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошт нафты WTI апусьціўся ніжэй за 15 даляраў за барэль упершыню з 1999 году


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кошт травеньскіх фьючэрсаў на нафту маркі WTI упаў ніжэй за $15 за барэль, гэта вынікае з дадзеных лёнданскай біржы (ICE). Такое зьніжэньне адбылося ўпершыню з 1999 году, піша Bloomberg. Нафта Brent з пастаўкамі ў чэрвені да гэтага часу таргавалася на ўзроўні $27,22 за барэль.

Па дадзеных Bloomberg, зьніжэньне зьвязана ростам асьцярогаў, што з прычыны рэкордна нізкага ўсясьветнага попыту неўзабаве ня будзе дзе захоўваць сыравіну. Цэны паказваюць, што скарачэньне нафтаздабычы ў рамках угоды OPEC+ на 9,7 мільёна барэляў ня можа зрабіць істотнага ўзьдзеяньня на рынак, таму што цэны на нафту зноў аказаліся пад уплывам пандэміі каранавірусу, лічыць выканаўчая дырэктарка кампаніі Vanda Insights у Сынгапуры Вандана Хары. Паводле яе ацэнкі, кошт нафты можа падаць ніжэй або заставацца на цяперашнім узроўні, «пакуль мы не наблізімся да зьняцьця абмежаваньняў у ЗША».

Аб’ём сыравіны ў нафтасховішчах расьце, бо нафтаперапрацоўчыя заводы зьніжаюць вытворчасьць з прычыны падзеньня попыту. Аналітык CMC Markets Майкл Мак-Карці лічыць, што падзеньне цэнаў на нафту WTI адлюстроўвае зьніжэньне попыту і перапаўненьне асноўных нафтасховішчаў у ЗША ў Кушынгу. Па дадзеных ANZ Bank, запасы сыравіны ў Кушынгу, галоўным пункце дастаўкі нафты ў ЗША, павялічыліся амаль на 50% з пачатку сакавіка.

Стратэг па сыравінных рынках ANZ Даніэль Хайнс лічыць, што адной з прычын абвалу цэнаў на нафту ў ЗША стала маючае адбыцца ў аўторак заканчэньне тэрміну травеньскага фьючэрснага кантракту на нафту. Тым ня менш кошты, хутчэй за ўсё, застануцца пад ціскам, як мінімум, на працягу наступнага месяца, кажа экспэрт. Міжнароднае энэргетычнае агенцтва прагназуе, што попыт на нафту сёлета зьнізіцца на рэкордныя 9,3 мільёна барэляў у дзень, а па выніках красавіка — на 29 мільёнаў барэляў у дзень.

  • На пачатку сакавіка краіны OPEC+ не змаглі дамовіцца наконт новага пагадненьня аб скарачэньні здабычы нафты, гэта справакавала абвал цэнаў. Кошт Brent у сакавіку апускаўся ніжэй, чым $22 за барэль. Празь месяц бакам удалося дамовіцца зьнізіць здабычу нафты на 9,7 мільёна барэляў у дзень у траўні — чэрвені 2020 году. Аднак гэта не дапамагло. Цана Brent часова паднялася да $36 за барэль, але потым зноў пачала падаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG