Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьця і мітынгу ў Менску на ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы ня будзе. Рыхтуюцца онлайн-імпрэзы


Чарнобыльскі шлях – 2019
Чарнобыльскі шлях – 2019

Арганізацыйны камітэт Чарнобыльскага шляху прыняў рашэньне не праводзіць сёлета традыцыйных шэсьця і мітынгу, паведаміў БелаПАН старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

«Лёгіка і здаровы сэнс падказваюць, што выхад людзей на вуліцу недарэчны. Нарадаў аб шэсьці не было, гэтае пытаньне не абмяркоўвалася. Экалягічныя арганізацыі будуць ладзіць свае імпрэзы, прысьвечаныя падзеі», — заявіў палітык.

Беларуская антыядзерная кампанія, у якую ўваходзяць Беларуская партыя «Зялёныя», грамадзкае аб’яднаньне «Экадом», ініцыятыва «Астравецкая атамная — гэта злачынства», рух «Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь» і іншыя, у распаўсюджанай заяве таксама адзначыла нямэтазгоднасьць вулічнай акцыі «Чарнобыльскі шлях» у сувязі з эпідэміяй COVID-19.

«Гэта можа паставіць пад рызыку не камфорт чыноўнікаў, якія прымаюць недальнабачныя рашэньні з нагоды наступстваў Чарнобылю або запуску БелАЭС, а здароўе і жыцьцё грамадзянаў. Мы таксама занепакоеныя, што рэальная эпідэміялягічная карціна распаўсюду COVID-19, як і наступствы Чарнобылю, і парушэньні пры будаўніцтве Астравецкай АЭС, утойваюцца ўладамі, эфэктыўных захадаў ня робіцца», — гаворыцца ў звароце.

Пры гэтым шэраг акцый у рамках Чарнобыльскага тыдня пройдзе ў онлайн-фармаце. 22 красавіка а 20-й адбудзецца прагляд стужкі «Сталкеры Чарнобыля: дасьледчыкі пост-апакаліпсісу». У фільме паказваецца, як праект «Культура супраціву» дасьледуе падпольнае жыцьцё чарнобыльскай зоны адчужэньня, якая вабіць усё больш аматараў экстрыму.

23 красавіка на сайце «Экадому» адбудзецца запуск сэрыі зь пяці падкастаў «Асадачак застаўся» з гісторыямі пратэставага антыядзернага руху. Апоўдні 24 красавіка пройдзе онлайн-дыскусія «Эканоміка БелАЭС — ці выгадны пуск?» 26 красавіка а 20-й заплянавалі онлайн-абмеркаваньне фільму «Сталкеры Чарнобыля ...» з бразыльскай рэжысэркай Іярай Лі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG