Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Поўнае тармажэньне. Нямецкі лекар дзеліцца досьведам барацьбы зь вірусам


Мэдык бярэ ў пацыента тэст на каранавірус у адмысловым пункце, дзе абслугоўваюцца «людзі небясьпечных прафэсій» — паліцыянты, мэдсёстры, пажарныя. Кёльн
Мэдык бярэ ў пацыента тэст на каранавірус у адмысловым пункце, дзе абслугоўваюцца «людзі небясьпечных прафэсій» — паліцыянты, мэдсёстры, пажарныя. Кёльн

Нямеччына здолела карантыннымі мэтадамі запаволіць пашырэньне эпідэміі каранавірусу. Такую выснову робяць спэцыялісты: колькасьць ачунялых усё больш перавышае колькасьць тых, хто захварэў. Міністар аховы здароўя Нямеччыны Енс Шпан заявіў у мінулую пятніцу: «Стала магчымым трымаць пад кантролем разьвіцьцё эпідэміі».

Ён канстатаваў, што зь сярэдзіны сакавіка Нямеччына прайшла пэрыяд «поўнага тармажэньня», так міністар ахарактарызаваў строгія абмежаваньні ў грамадзкім і эканамічным жыцьці. Так званы каэфіцыент распаўсюджваньня зьнізіўся ў краіне з 3 у пачатку сакавіка да 0,7: паўтара месяца таму кожны інфікаваны заражаў у сярэднім трох чалавек, а цяпер менш за аднаго. Як улады Нямеччыны і нямецкая мэдыцына здолелі дамагчыся такога выніку?

Паводле дадзеных на раніцу 19 красавіка колькасьць выяўленых тэстамі заражаных каранавірусам склала 143 724 чалавек, зь якіх 88 тысяч ужо паправіліся. Памерлі 4538 чалавек, сярэдні ўзрост памерлых перавышае 80 гадоў. У Нямеччыне ў цэлым пратэставана больш за 1,7 мільёна грамадзян.

Суразмоўца Радыё Свабода — доктар Вадзім Бас, лекар клінікі Артэнаў ў невялікім горадзе Кель. Клініка цяпер перапрафіляваная ў каранавірусны цэнтар.

Вадзім Бас
Вадзім Бас

— Вось ужо месяц нашая клініка закрытая для наведваньняў і мы сталі назапашваць пацыентаў з COVID-19.

Плян разгортваньня абслугоўваньня пацыентаў з каранавірусной інфэкцыяй быў распрацаваны загадзя. Мы да гэтага рыхтаваліся, паступова вызваляючы палаты, і калі да нас 6 сакавіка даставілі жанчыну з запаленьнем лёгкіх, мы адразу правялі тэст, і аказалася, што ў яе каранавірусная інфэкцыя. Якраз у тыя дні нашу клініку канчаткова афіцыйна перапрафілявалі ў каранавірусны цэнтар. Гэтая пацыентка, дарэчы, выжыла.

Яшчэ некалькі дзён таму ў нас было 47 пацыентаў, зь іх 90% з даказанай каранавірусной інфэкцыяй, а іншыя пацыенты пакуль альбо з канчаткова не пацьверджаным дыягназам, альбо з цяжкім рэсьпіраторным захворваньнем. Частка пацыентаў знаходзіліся на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх у аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі. На жаль, за апошнія дні ў нас памерлі 19 чалавек.

Цяпер ва ўсіх пацыентаў з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй першапачаткова падазраюць каранавірусную, але на стацыянарнае лячэньне мы прымаем ня ўсіх пацыентаў з рэсьпіраторнай інфэкцыяй. Калі ў пацыента маюцца прыкметы рэсьпіраторнай недастатковасьці — павялічаная частата дыханьня і ўзровень кіслароду ў крыві ніжэйшы за вызначаны адсотак, то гэта зьяўляецца падставай для стацыянарнага прыёму. Калі пацыент ужо знаходзіцца на стацыянарным лячэньні, праводзіцца дыягностыка і тэставаньне на каранавірусную інфэкцыю. Гэта значыць, калі паступае пацыент з запаленьнем лёгкіх, яго ўсё адно ізалююць, хоць на той момант вынікаў тэстаў яшчэ няма. Такія хворыя знаходзяцца ў нас мінімум пару дзён. Пацыенты, у якіх каранавіруснай інфэкцыі няма, альбо пераводзяцца ў іншыя шпіталі, альбо, калі іх стан ужо палепшылася, проста выпісваюцца дадому.

У цэлым статыстыка пры цяжкай форме каранавірусной інфэкцыі ў пацыентаў, падлучаных да апаратаў ШВЛ, несуцяшальная. Каля 80% пацыентаў не атрымоўваецца выратаваць.

— Якія магчымасьці вашай клінікі, колькі ложкаў у вас свабодна, колькі хворых вы маглі б прыняць?

— Пакуль пацыенты ў нас ляжаць па адным у пакоі. Інстытут Робэрта Коха (Інстытут імя Робэрта Коха, разьмешчаны ў Бэрліне інстытут па вывучэньні хваробаў — РС) дазваляе некалькі пацыентаў, у якіх даказаная інфэкцыя, зьмяшчаць у адну палату, але да таго часу, пакуль існуе магчымасьць ізаляцыі, кожны пацыент знаходзіцца ў асобным пакоі.

Біяхімічная лябараторыя ў Боне
Біяхімічная лябараторыя ў Боне

— Апаратура ШВЛ, як паказвае практыка, у выніку ня ўсім дапамагае. Ці ёсьць пэрспэктывы зьяўленьня іншых спосабаў лячэньня?

— Цяпер у сьвеце разглядаецца вельмі шмат тэрапіі, плянаў лячэньня. У Нямеччыне ў дадзены момант афіцыйнага мэдыкамэнтознага лячэньня яшчэ не існуе, гэта значыць няма афіцыйна зацьверджаных плянаў спэцыфічнага лячэньня. Таму праводзіцца сымптаматычная тэрапія. Пацыентаў падлучаюць да апаратаў штучнага дыханьня, таму што ў іх дыягнаставана лёгачная недастатковасьць.

Скажам так, нашае цела спрабуе кампэнсаваць недахоп кіслароду, а пры каранавірусной інфэкцыі, пры запаленьні лёгкіх, недахоп кіслароду ў крыві выклікаецца пашкоджаньнем лёгачнай тканкі. Характэрная прыкмета гэтай інфэкцыі — пашкоджаньне ніжніх доляў лёгкіх. Для таго каб кампэнсаваць гэты недахоп кіслароду, альбо частата дыханьня павінная павялічыцца, альбо ў лёгкіх неабходна задзейнічаць пэўныя ўчасткі, якія пры нармальнай, спакойнай працы лёгкага ў дыхальным акце ня ўдзельнічаюць.

Да нейкага моманту чалавек сам кампэнсуе недахоп кіслароду — у хворых зьяўляецца дыхавіца, яны пачынаюць дыхаць часьцей. Але ў нейкі момант (у людзей сталага веку гэта адбываецца хутчэй) дыхальная мускулатура стамляецца, і ўзьнікае стадыя, калі яна ня ў стане забясьпечыць дыханьне. Гэта і зьяўляецца падставай для падлучэньня да апарату штучнага дыханьня.

У прынцыпе, паводле статыстыкі, з тых, хто захварэў, 80% перанясуць захворваньне на каранавірусную інфэкцыю, магчыма, нават не заўважыўшы яго, і толькі 20% пацыентаў атрымаюць, хутчэй за ўсё, цяжкую форму хваробы. А з гэтых 20%, у якіх будзе так званая атыповая двухбаковая пнэўманія, таксама прыкладна яшчэ 20% урэшце апынуцца падлучанымі да апаратаў штучнага дыханьня. У першую чаргу гэта, вядома, пацыенты з узростам 80+, якія маюць дадатковыя захворваньні (залішняя вага, гіпэртанія, дыябэт, ну, і анкалягічныя захворваньні, і захворваньні сардэчна-сасудзістай сыстэмы і лёгкіх).

— Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель яшчэ ў сакавіку, зьвяртаючыся да грамадзян Нямеччыны, заявіла: спэцыялісты пераканалі яе ў тым, што праз каранавірусную інфэкцыю давядзецца прайсьці, так ці інакш, 70% немцаў. Што азначае гэтая фраза? Што рана ці позна, у той ці іншай форме, можа быць, у лёгкай, у Нямеччыне перахварэюць больш за 50 мільёнаў чалавек?

— Так, безумоўна, таму што заразнасьць каранавірусу вельмі высокая. Але пры гэтым трэба сказаць, што хоць Ангеле Мэркель, мабыць, усё патлумачылі, яна хацела сказаць нешта іншае. Рэч у тым, што, калі 70% насельніцтва будзе заражаная, гэта не значыць, што ўсе яны захварэюць. Галоўнае, мы спадзяемся, што яны не захварэюць адначасова, а гэта будзе адбывацца на працягу многіх тыдняў, месяцаў, а можа быць, будзе доўжыцца год ці два. Але пры 70-адсоткавым паражэньні папуляцыі інфэкцыяй у нейкі момант паўстане такая сытуацыя, што ў асяродзьдзі чалавека будуць знаходзіцца толькі людзі, якія перахварэлі, якія маюць ужо імунітэт да каранавірусной інфэкцыі. Калі вакол мяне знаходзяцца толькі людзі, якія не могуць заразіць мяне, то і я, адпаведна, ужо не змагу захварэць. Калі 70% насельніцтва пройдуць праз інфэкцыю, яна проста зьнікне. Ці яна, можа быць, будзе ўзьнікаць як сэзонны грып, ня больш.

— У Нямеччыне многія СМІ цытавалі выступ гамбурскага патолягаанатама, прафэсара Кляўса Пюшэля. Яго мэтай было, па-першае, супакоіць людзей, патлумачыць ім, што так, гэта вельмі вострае, заразнае захворваньне, трэба берагчыся, выконваць усе загады, але тым ня менш сьмерць ад яго і ў сувязі зь ім пагражае ўсё ж такі больш тым людзям, у якіх ёсьць нейкія іншыя захворваньні.

— Я чытаў інтэрвію доктара Пюшэля і магу сказаць, што ня згодны з ім. Ён напісаў, што пры ўскрыцьці ва ўсіх памерлых былі выяўленыя іншыя захворваньні, якія прывялі да сьмерці, што ён яшчэ ня бачыў ніводнага пацыента, які памёр ад каранавірусной інфэкцыі. Я лічу, гэта няправільная, не адпаведная рэаліям фармулёўка. Вядома, цяжкую форму каранавіруснай інфэкцыі перш за ўсё атрымліваюць людзі з хранічнымі захворваньнямі, але, калі б не было гэтай інфэкцыі, многія пацыенты былі б цяпер жывыя.

Магчыма, яны памерлі б ад наступстваў сваіх захворваньняў празь месяцы ці гады, але ў дадзеным выпадку сьмерць адбылася менавіта праз тое, што яны захварэлі на каранавірусную інфэкцыю. Магу пацьвердзіць, што, пацыенты, якія, на жаль, паміраюць у нашай клініцы, безумоўна паміраюць у выніку каранавіруснай інфэкцыі.

— У нашай перапісцы вы згадалі трагічны выпадак, які адбыўся на вашых вачах, калі ў адной нямецкай сям’і амаль усе памерлі. Што гэта быў за выпадак?

— Нягледзячы на тое што карантынныя мерапрыемствы ўведзеныя больш за тры тыдні таму, вы, напэўна, таксама бачыце, што людзі працягваюць выходзіць на вуліцы, усё роўна маюць зносіны. І вось гэты выпадак, вядома, увесь наш пэрсанал уразіў. Адна сямʼя вырашыла сабрацца і адзначыць юбілей, нягледзячы на тое што ўвесь час гаварылася: калі ласка, не зьбірайцеся больш чым па двое. Асабліва гэта тычыцца людзей сталага веку. Але адна сямʼя ўсё ж сабралася адзначыць 85-годзьдзе прадзядулі, дзядулі, бацькі. У выніку праз 7 дзён да нас паступіў спачатку сам імяніньнік, герой вечарыны, потым паступіў брат, потым жонка, потым дачка, затым жонка брата... У выніку вялікая нямецкая сямʼя ўвадначасьсе пазбавілася старэйшага пакаленьня.

Самога юбіляра мы тры дні інтубіравалі, потым зьнялі з штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, і нам здавалася, што ён выжыве. Мы турбаваліся за ягоную псыхіку, ня ведалі, як сказаць яму, што ягоная жонка, двое ягоных братоў і жонка аднаго зь іх (усім за 80 гадоў) — усе памерлі. Вось такая сумная гісторыя. Сямейнае сьвята ператварыўся ў сямейную трагедыю.

Вадзім Бас
Вадзім Бас
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG