Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская інфэкцыяністка — аб працы ў шпіталі, дзе ад COVID-19 памерла найбольш палякаў


Польшча
Польшча

Беларуска Анастасія М. трэці год працуе ў адным са шпіталяў у горадзе пад Варшавай. Насельніцтва гораду 212 тысяч чалавек. У Мазавецкім ваяводзтве больш хворых на каранавірус, чым у гэтым горадзе, толькі ў 2-мільённай сталіцы. А памерлых тут найбольш.

У Польшчы зрабілі жорсткія захады барацьбы з распаўсюджаньнем інфэкцыі, за парушэньне якіх караюць штрафамі ад пяці тысяч да трыццаці тысяч злотых ($1200–7200).

Паводле апошняй інфармацыі, у краіне зафіксаваны 5341 выпадак каранавіруснай інфэкцыі. Ад COVID-19 памерлі 164 чалавекі. Кожная пятая ахвяра ў краіне — у горадзе, дзе працуе беларуска. Ехаць туды ад Варшавы гадзіну. Усяго там чатыры шпіталі, але інфэкцыйнае аддзяленьне ёсьць толькі ў тым, дзе працуе Анастасія М. За час эпідэміі ад COVID-19 там памерлі каля 30 чалавек.

Некалькі дзён таму гэты шпіталь стаў цалкам інфэкцыйным, усіх хворых з каранавірусам накіроўваюць туды.

«Нават калі чалавек памірае ад раку, то пішам каранавірус, калі ён быў»

«Хворых рабілася штораз больш, і мы надалей не маглі іх класьці да людзей зь іншымі хваробамі. Пацыентаў без каранавірусу перавялі ў іншыя шпіталі, — кажа Анастасія. — Рэч у тым, што пунктам эпідэміі ў гэтым павеце сталі два шпіталі. У адным зь іх амаль 200 хворых, палова зь якіх — мэдыкі. Прычына такога хуткага пашырэньня інфэкцыі ў тым, што мэдсёстры працуюць у некалькіх месцах. Адзін пацыент быў хворы, заразіў мэдсястру, а тая працуе ў трох месцах, яна заразіла рэшту. Такія пункты былі ў аддзяленьні тэрапіі і анкалёгіі, а там, як вядома, ляжаць пацыенты ў вельмі цяжкім стане. Менавіта яны сталі першымі сьмяротнымі ахвярамі».

Наймаладзейшы пацыент, які памёр ад COVID-19 у шпіталі Анастасіі, меў 43 гады. Рэшта — людзі сталага веку зь вялікай колькасьцю сур’ёзных захворваньняў.

«Менавіта таму вялікая колькасьць памерлых, а не таму, што каранавірус забівае ўсіх спрэс. Бо калі ў хворага быў каранавірус, то першым пунктам у пасьведчаньні аб сьмерці трэба пісаць менавіта яго. Нават калі чалавек памірае ад раку, напрыклад, ці іншай хваробы — але калі ён меў каранавірус, хоць і без сымптомаў, ані кашлю, ані тэмпэратуры, то ўсё роўна галоўнаю прычынаю сьмерці мы пазначаем каранавірус».

Пнэўманіяў, як заўважыла Анастасія, стала больш, але не ў разы — на 10–20%. Аднак у большасьці людзей з каранавірусам няма ня толькі пнэўманіі, але і звычайных сымптомаў.

«Пнэўманіі ёсьць у сапраўды хворых і старых. У маладых — вельмі рэдка. Рабіць жа ўскрыцьцё пацыента, які памёр ад каранавірусу, каб выявіць, ці былі ў яго спадарожныя праблемы, забаронена. Бо гэта пагроза для лекара-патолягаанатама».

Лечаць хворых паводле эўрапейскіх і кітайскіх рэкамэндацый, хаця, як кажа Анастасія, мінула яшчэ замала часу, каб сказаць, ці эфэктыўнае такое лячэньне.

Кракаўскае прадмесьце, Варшава
Кракаўскае прадмесьце, Варшава

«Людзям забараняеш выходзіць, дык яны запрашаюць гасьцей да сябе».

Большасьць жа людзей, у якіх тэст на каранавірус паказаў пазытыўны вынік, не застаюцца ў шпіталі, а спакойна лекуюцца дома.

«Мы ім тэлефануем, пытаем пра стан здароўя. Калі чалавек пачуваецца добра, то ён можа быць дома. А калі задышка ці тэмпэратура звыш 39 градусаў, якая не зьбіваецца тры дні, раім прыяжджаць у шпіталь. У канцы хваробы (10–14 дзень) трэба зрабіць яшчэ два тэсты, і можна вяртацца на працу, калі тэст адмоўны».

У 90% выпадкаў у інфікаваных няма ніякай панікі, кажа беларуска. Большасьць лечацца дома. Іначай сытуацыя выглядае ў людзей першага кантакту. Менавіта таму тэст часта паказвае адмоўны вынік, хоць заражэньне ёсьць.

«Нехта прыйшоў і кажа, што ўчора ён кантактаваў з хворым. Але гэты чалавек ня ў стане патлумачыць абставіны, кантакты, дэталі, працягласьць, адлегласьць. Гэта вельмі важна для дыягназу. Мы тлумачым, што вынік будзе адмоўны, бо прайшло замала часу, але яны ўсё роўна хочуць здаць тэст. Гэта выкіданьне грошай на вецер. Вядома, што вынік будзе нэгатыўны. Трэба прыходзіць хаця б на сёмы дзень пасьля кантакту. Ёсьць яшчэ іншыя прычыны, чаму ён можа быць адмоўны: як і хто яго бярэ, як яго транспартуюць у Варшаву, хто будзе аналізаваць. Дзе аналіз будзе там захоўвацца, у якім месцы. І тэхніка, на якой лекар робіць тэст».

Замкавая плошча, Варшава
Замкавая плошча, Варшава

Калі ў шпіталь зьвяртаюцца асобы першага кантакту без сымптомаў хваробы, то лекары пішуць ім рэкамэндацыю — сядзець два тыдні дома. Копію перадаюць у санстанцыю. І тая потым вырашае, у залежнасьці ад інтэрвію з патэнцыйна інфікаваным, што рабіць далей.

«Як доктар я проста рэкамэндую хатнюю ізаляцыю. Лекар ня можа зьмясьціць хворага ў карантын, гэта паўнамоцтвы санстанцыі. Загадаць нічога не магу. Мы раім ім сядзець дома, часьцей прыбіраць, праветрываць пакоі і больш уважліва дбаць пра асабістую гігіену».

Больш эфэктыўным, чым пальчаткі, Анастасія лічыць рэгулярнае мыцьцё рук, асабліва пасьля вяртаньня з вуліцы, і маскі. І, галоўнае, старацца не чапаць твар, вушы, вочы. Тым, у каго быў пацьверджаны каранавірус, цягам двух тыдняў пасьля акрыяньня лекары раяць дбаць пра гігіену, бо вірус можа вылучацца з калам цягам тыдня або двух.

«Людзі, якія мелі кантакт з хворым, мусяць быць у карантыне, ім нельга выходзіць. Але яны робяць па-іншаму, запрашаюць гасьцей да сябе. А потым кажуць: „А мы не выходзілі“. Толькі потым выяўляецца, што ў іх былі хворыя госьці».

«Амаль палова мэдычнага пэрсаналу не прыходзіць на працу»

У горадзе вялікая кадравая праблема. Амаль палова мэдычных работнікаў — на бюлетэнях, у карантыне або даглядаюць дзяцей, якія ня ходзяць цяпер у школу.

Адрэагаваў на гэта ўжо і мазавецкі ваявода: абавязаў спэцыялістаў зь іншых шпіталяў выйсьці на працу ў тыя шпіталі, дзе праблемы з кадрамі. Тыя, хто гэтага ня зробіць, могуць атрымаць штрафы.

«Часам, відаць, і мэдычныя работнікі не да канца разумеюць, што гэта такое, што гэта ня так усё і катастрафічна. Калі працуеш у ахоўным касьцюме, то рызыка захварэць мінімальная. Цэлы месяц мы працуем у інфэкцыйным аддзяленьні і не хварэем. А ў іншых аддзяленьнях хварэюць. Магчыма, ня ўсе выконваюць рэкамэндацыі або робяць гэта памылкова. А вось сярод інфэкцыяністаў пануе спакой, але дактароў гэтай спэцыялізацыі вельмі мала».

Агулам, лічыць Анастасія, польская сыстэма аховы здароўя спраўляецца з эпідэміяй добра. Сярод галоўных адрозьненьняў беларускай сыстэмы ад польскай яна называе лепшую арганізацыю — у Беларусі рэкамэндацыі Міністэрства аховы здароўя маюць большую сілу, чым у Польшчы. На пытаньне, ці не баіцца яна сама працаваць з інфікаванымі, Анастасія адказвае:

«Раней я думала, што перахварэла, і ня раз. Колькі разоў за месяц то горла, то насмарк, то дрыжыкі, але ў выніку ўсё нармальна. І гэта пацьвердзілі тэсты. Калі думаць лягічна, то 60–70% мусяць перахварэць, каб выпрацаваўся групавы імунітэт. Ён не такі моцны, як, напрыклад, пры вятранцы. Але на 3–4 месяцы імунітэт выпрацоўваецца. Кажуць, у Кітаі некаторыя хварэлі двойчы. Але гэтыя людзі маглі проста недалячыцца. Вельмі мала такіх выпадкаў, каб казаць, што людзі хварэюць на каранавірус двойчы».

Анастасія жыве ў горадзе з мужам і дзіцем. Пасьля працы, дома, яна прымае душ і мые сваё адзеньне. Гэтых перасьцярогаў, кажа яна, дастаткова. Міністэрства аховы здароўя ў Польшчы паабяцала застрахаваць усіх мэдыкаў ад каранавірусу. Анастасія кажа, што ў гэтай сытуацыі пра грошы нават няма як думаць.

«Столькі працы, што пра такія рэчы ўжо ня думаеш. Хочацца, каб як мага хутчэй усё вярнулася да ранейшага. А пакуль стараюся ня думаць, як цяжка. Няма выйсьця, трэба, мушу працаваць. Я і раней вучылася не нэрвавацца, а цяпер яшчэ спакайнейшая стала».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG