Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі і іншых краінах будзе сьвяткавацца праваслаўны Вялікдзень ва ўмовах пандэміі


Праваслаўныя хрысьціяне 19 красавіка сьвяткуюць Вялікдзень. Як у розных краінах сёлета будзе праходзіць сьвяткаваньне ва ўмовах пандэміі каранавірусу?

Усяленскі патрыярх Варфаламей заклікаў праваслаўных вернікаў заставацца на Вялікдзень дома. Аднак, да гэтых рэкамэндацыяў Канстантынопальскага патрыярха прыслухаліся ня ўсе.

Беларусь

Удзел вернікаў у набажэнствах уладамі не абмежаваны. Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ня будзе забараняць беларусам на Вялікдзень наведваць царкву і сам туды пойдзе. Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел заклікаў вернікаў устрымацца ад наведваньня цэркваў і маліцца дома.

Расея

Уладзімір Пуцін упершыню ад 2000 году прапусьціць велікодную службу і, як паведамляе ягоная прэс-служба, запаліць сьвечку ў капліцы сваёй рэзыдэнцыі ў Нова-Агарове. Патрыярх Кірыл публічна зьвярнуўся да вернікаў з заклікам, «строга выконваць нормы», устаноўленыя санэпідэміёлягамі, і ўстрымлівацца ад наведваньня цэркваў і маліцца дома. Паводле РБК, у велікодную ноч у 43 з 89 рэгіёнаў Расеі храмы будуць адчыненыя. Галоўны санітарны ўрач Масквы рэкамэндаваў праводзіць набажэнствы з 13 па 19 красавіка без прыхаджан. У цэрквах змогуць прысутнічаць толькі асобы, чый удзел неабходны для правядзеньня набажэнстваў і анляйн-трансьляцый.​

Украіна

Самыя вялікія цэрквы будуць у асноўным закрытыя для вернікаў, а набажэнствы трансьлявацца вядучымі тэлеканаламі. У ПЦУ і УПЦ (МП) дэманструюць розныя падыходы. ПЦУ (праваслаўная царква Ўкраіны) заклікае вернікаў знаходзіцца дома, глядзець набажэнствы ў інтэрнэце ці на тэлебачаньні. УПЦ (украінская праваслаўная царква) Маскоўскага патрыярхату ня супраць набажэнстваў у царкве пры захаваньні 2-мэтровай дыстанцыі паміж вернікамі. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў вернікаў сьвяткаваць дома.

Ля ўваходу зачыненай на карантын Кіева-Пячэрскай лаўры, у якой дзясяткі манахаў заразіліся каранавірусам
Ля ўваходу зачыненай на карантын Кіева-Пячэрскай лаўры, у якой дзясяткі манахаў заразіліся каранавірусам

Сэрбія

Урад забараніў наведваць набажэнствы, уведзеная камэнданцкая гадзіна. Цэрквы будуць зачыненыя для прыхаджан. Жыхарам забаронена пакідаць дамы да 5 гадзін раніцы 20 красавіка.

Грэцыя

Урад усталюе спэцыяльныя блёкпасты, каб людзі ня ехалі сьвяткаваць Вялікдзень да сваякоў у сельскай мясцовасьці, дзе карантынныя меры слабейшыя, чым у Атэнах і Салёніках. Штраф за парушэньні складае 300 эўра. Набажэнствы дазволеныя за зачыненымі дзьвярыма і з трансьляцыяй для вернікаў.

Паўночная Македонія

Тут уведзеная камэнданцкая гадзіна — зь вечара пятніцы па панядзелак, каб пазьбегнуць масавага ўдзелу вернікаў у парафіяльных набажэнствах.

Румынія

Урад, нягледзячы на супрацьдзеяньне некаторых царкоўных герархаў, забараніў наведваць набажэнствы.

Баўгарыя

Урад заклікаў не наведваць набажэнствы, хацяі не забараніў іх. Дазваляюцца абмежаваныя велікодныя набажэнствы, большая частка набажэнстваў будзе праводзіцца ля цэркваў. Вернікі павінны захоўваць двухмэтровую дыстанцыю.

Санітарны работнік дэзынфікуе адну з праваслаўных цэркваў у Грузіі.
Санітарны работнік дэзынфікуе адну з праваслаўных цэркваў у Грузіі.

Грузія

У Грузіі царкоўныя лідары і ўлады пасьля вірлівых дэбатаў дамовіліся дазволіць вернікам наведаць усяночную. Неабходна прыйсьці ў царкву да дзявятай вечара, а вярнуцца дадому пасьля шостай раніцы. У Тбілісі, дзе дзейнічае камэнданцкая гадзіна, можна наведваць толькі вялікія саборы, дзе неабходна захоўваць дыстанцыю ў два мэтры паміж вернікамі, а каля маленькіх цэркваў вернікі будуць стаяць на вуліцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG