Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра амністыю: карупцыянэрам і непаўналетнім распаўсюднікам наркотыкаў скароцяць тэрміны на год


Суд за наркотыкі над падлеткамі, ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб амністыі 16 красавіка заявіў, што патрабуе «ўзважанага падыходу» пры амністыі асуджаных за наркотыкі, піша БелТА.

Ён заявіў, што на ягонае даручэньне Вярхоўны суд падрыхтаваў праект закону аб амністыі як «акт гуманізму» перад 75-годзьдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У дакумэнце адлюстравалі ягоныя падыходы да кола асобаў, якія трапяць пад амністыю.

«Сёлета такі пералік пашыраны, — казаў Лукашэнка. — У яго ўключаныя непаўналетнія распаўсюднікі наркотыкаў у складзе арганізаванай групы і асуджаныя за карупцыю. Для гэтых катэгорыяў злачынцаў прапанавана скараціць тэрмін адбыцьця пакараньня на адзін год».

Як перадае БелТА, Лукашэнка «пацікавіўся ва ўдзельнікаў нарады, ці будзе гэта правільна і ці ня будзе гэтым рашэньнем пастаўленая пад сумнеў уся праца, якая праводзіцца судамі і праваахоўнымі органамі». Што яму адказалі (і ці адказалі хоць нешта), не перадаюць.

Таксама Лукашэнка даручыў «асобна прапрацаваць» магчымасьць памілаваньня маладых людзей, якія адбываюць пакараньне ўпершыню. Паводле яго, «гаворка можа ісьці толькі аб памілаваньні людзей, якія не ўяўляюць небясьпекі для грамадзтва і дзяржавы».

Асуджаныя паводле «наркатычных» артыкулаў раней не падпадалі пад амністыі. Дзякуючы намаганьням рухаў «Маці 328» і «Наша права» летась да маладых людзей упершыню за доўгі час прымянілі амністыю, скараціўшы тэрміны на 1–2 гады.

Амністыя ў сувязі з 75-годзьдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне можа закрануць каля 1,8 тысячы асуджаных за наркотыкі ў Беларусі, казаў раней міністар унутраных спраў Юры Караеў.

Што варта ведаць пра ініцыятыву «Маці 328»

  • Абʼядноўвае 1,5 тысячы бацькоў дзяцей, асуджаных за наркотыкі.
  • Грамадзкую арганізацыю «Маці-328» не дазваляюць зарэгістраваць.
  • Напісалі звыш 3 тысяч зваротаў у Палату прадстаўнікоў, дамагліся сустрэчы з колішняй кіраўніцай Адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай, міністрам унутраных справаў Юрыем Караевым.
  • Зьвярнулі ўвагу, што пішуць у абвінавачваньні іхных дзяцей: «у нявызначаны час, у нявызначаным месцы, нявызначанай асобай; мяркуецца, з мэтай збыту».
  • Ладзілі масавыя галадоўкі дзеля зьменаў.
  • Ажыцьцявілі паломніцкі тур па калёніях з іконай Маці Божай, якую ім падаравалі на гары Афон, ад Менску да Марʼінай Горкі.

Чаго дамагліся «Маці 328»

  • Сёлета ў Беларусі на два гады зьменшылі ніжэйшы парог тэрміну, на які можна пасадзіць за наркотыкі (раней — 8 гадоў, цяпер — 6).
  • Дзякуючы гэтаму ўжо асуджаным, якія абскарджваюць свае выракі, скарачаюць тэрміны.
  • У калёніях асуджаным паводле 328-га артыкулу замянілі зялёныя нашыўкі на робе зь імем і нумарам атраду на звычайныя белыя, як ва ўсіх. Зялёныя нашыўкі зьявіліся ў 2015 годзе, імі адзначалі «наркаманаў». Бацькі іх параўноўвалі з «зоркамі Давіда», якія мусілі насіць габрэі падчас апошняй вайны.
  • Рух «Маці 328» працягне працу, хоць многіх асуджаных ужо вызвалілі.
Актывісткі і прыхільнікі руху «Маці 328» на мітынгу ў Менску, траевнь 2019
Актывісткі і прыхільнікі руху «Маці 328» на мітынгу ў Менску, траевнь 2019

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG