Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сыравіну набываюць у Кітаі і Індыі». Чаму з продажу зьніклі некаторыя замежныя і беларускія лекі


З продажу зьніклі некаторыя замежныя лекі ад ціску, беларускі «Флустоп» і парацэтамол. Мы даведаліся, з чым гэта можа быць зьвязана і ці хопіць усім лекаў і сродкаў засьцярогі.

«Паставак сыравіны з Кітаю няма ўжо паўгода»

Аптэкарка Алена, якая працуе ў горадзенскай прыватнай сетцы аптэк, кажа, што замежныя лекі пакуль ёсьць, але прадбачыць, што бліжэйшым часам зь імі можа пачацца праблема. На яе погляд, перадусім могуць зьнікнуць лекі для сардэчнікаў і гіпэртонікаў замежнай вытворчасьці: са Славеніі, Нямеччыны, Індыі.

«Паціху яно ўсё „вымываецца“. Закрыліся ўсе межы. Некаторыя прэпараты былі на перарэгістрацыі, цяпер яшчэ тыя паступаюць. Сыравіна закупляецца ў пэўнай краіне. Асноўны пастаўшчык сыравіны — Кітай. З гэтай сыравіны робяцца прэпараты. Праблема ў Кітаі ўжо паўгода ідзе. Адтуль увогуле няма паставак, няма сыравіны. Зь Індыі таксама пачалі кепска паступаць прэпараты», — тлумачыць аптэкарка.

«Парацэтамол пачалі па пяць упаковак набываць»
«Парацэтамол пачалі па пяць упаковак набываць»

Што да беларускага набору «маскі, антысэптыкі, парацэтамол», то ён прысутнічае ў продажы часткова. Па словах Алены, найбольшы ажыятаж на яго назіралі 1–2 тыдні таму. Тады плянавалася, што гэтыя пазыцыі будуць пастаўляцца толькі ў дзяржаўныя аптэкі. Ажно некалькі дзён таму і ў прыватныя аптэкі прывезьлі маскі і антысэптыкі, парацэтамол — не.

«Многія раней асьпірын, ібупрафэн прымалі. А тут ужо парацэтамол, і ўсё. Пачалі па пяць упаковак набываць... Ён не раскупляўся так раней... Антысэптыкі ў літрах [з дазіроўкай 1 літар] паступалі. Мы іх прадалі за дзень... Учора атрымалі вагон, і ўжо нікому ня трэба. Якія хочаш, маленькія, большыя. Літровых няма. 60% сьпірту. Маскі разабралі два тыдні таму. З маскамі нацярпеліся мы», — расказвае Алена.

Шматразовыя павязкі, што нядаўна паступілі, разабралі за дзень. Цэны на іх вагаліся ад 1,2 да 1,65 рубля. Аднаразовыя маскі яшчэ ёсьць у продажы. На іх цана на пачатку эпідэміі падскочыла ў 2,5 раза: з 56 капеек да 1,41 рубля.

«Антысэптыкі ў літрах мы прадалі за дзень»
«Антысэптыкі ў літрах мы прадалі за дзень»

Аптэкары прытрымліваюцца распараджэньня прадаваць ня больш за 40 таблетак парацэтамолу, ня больш за 10 масак. Кажуць, кліенты па два разы ў чаргу не становяцца.

Цяжкасьці з замежнымі лекамі былі заўсёды

Яшчэ адзін горадзенскі аптэкар, які пажадаў застацца ананімным, расказаў, што праблемы з замежнымі лекамі існавалі падчас усёй ягонай шматгадовай працы. Ён назваў на тое некалькі прычын.

Па-першае, рэгістрацыя прэпаратаў, безь якой лекі нельга ўвозіць з-за мяжы і прадаваць. Яе трэба пэрыядычна падаўжаць, і з гэтай прычыны могуць быць затрымкі.

Па-другое, рэгістрацыя цаны на лекі, якую вызначае Міністэрства гандлю. Упершыню ўказ прэзыдэнта аб рэгістрацыі цэнаў на лекі выйшаў улетку 2018 году, быў зьменены і дапоўнены напрыканцы 2019 году. Паводле яго, нельга прадаваць пэўныя лекі даражэй за вызначаную цану. Некаторыя фірмы вырашылі, што ім тады нявыгадна прывозіць такія прэпараты, і спынілі пастаўкі. Некаторыя лекі зьніклі летась пасьля першага ўказу, іншыя — сёлета з 1 сакавіка ў сувязі з другім указам.

Так, па ягоных словах, раней зьнікла славенская «Ларыста», якую дагэтуль пытаюцца ў аптэках, а цяпер індыйскі «Прэзартан». Абодва прэпараты маюць гіпатэнзіўнае дзеяньне.

Аптэкар расказаў, што сёлета з сакавіка нельга прадаваць яшчэ шэраг лекаў, якія прымаюцца пры ціску, стэнакардыі, сардэчнай недастатковасьці, бо на іх не зарэгістравалі цану: «Прэнэса», «Равэл», «Ампладын», «Аторыс», «Ліпразід», «Манасан», «Траван».

Ён прадбачыць, што сёлета ў чэрвені могуць быць праблемы з рэгістрацыяй цаны на групу лекаў для страўнікавай сыстэмы.

«Антысэптыкі ў літрах мы прадалі за дзень»
«Антысэптыкі ў літрах мы прадалі за дзень»

Трэцюю прычыну зьнікненьня некаторых лекаў аптэкар бачыць у кітайскім карантыне праз каранавірус.

«Часам эўрапейскія пастаўшчыкі пішуць, што ў іх праблемы з вытворчасьцю, бо яны большасьць сыравіны набываюць у Кітаі і Індыі», — тлумачыць ён.

Да таго ж, кажа суразмоўца, беларускі «Флустоп» зьнік у аптэках цягам апошніх тыдняў з прычыны празьмернага попыту. На ягоную думку, сытуацыя са сродкамі індывідуальнай засьцярогі ўжо стабілізавалася: прадпрыемствы пачалі вырабляць больш масак, гарэлачныя заводы — выпускаць антысэптыкі.

Праўда, у продажы засталося вобмаль тэрмомэтраў, попыт на якія апошнім часам таксама рэзка павялічыўся.

«Флустоп» неўзабаве зьявіцца ў продажы

Намесьніца генэральнага дырэктара Горадзенскага РУП «Фармацыя» Марына Ляпешка сказала БелаПАН, што на зьнікненьне некаторых гіпатэнзіўных лекаў паўплывалі ўказы прэзыдэнта Беларусі № 345 ад 22.08.2018 і № 499 ад 31.12.2019 аб рэгістрацыі цаны на лекавыя сродкі.

Яна дадала, што неўзабаве «Флустоп» зьявіцца ў продажы.

«Беларуская кампанія „Акадэмфарм“ увозіць дадатковую сыравіну, бо ўсё, што ў іх было, яны ўжо напрацавалі. Бліжэйшым часам ён зьявіцца ў аптэках. Але я не лічу „Флустоп“ выключным прэпаратам. Людзі і парацэтамолам цікавяцца, зьбіраюцца ім каранавірус рэгуляваць. Усё гэта зьявіцца з часам», — запэўніла Марына Ляпешка.

«Недахопу жыцьцёва важных замежных лекаў сёньня няма»

Кіраўнік арганізацыі «Віватон плюс» Ігар Васіленка расказаў БелаПАН, што недахопу жыцьцёва важных замежных лекаў сёньня няма.

«Я прагнозамі займацца ня буду, а статус-кво на сёньня нічым ня горшы, чым на пачатак году. Няма ніякіх дадзеных па дэфіцыце пазыцый, якія зьяўляюцца жыцьцёва важнымі. У мяне няма практычнага адчуваньня, каб звужаўся асартымэнт, узьнікаў дэфіцыт. Пакуль рэальна гэтага няма, каб нешта „вымылася“ [з аптэк]... Ажыятаж па іншых рэчах», — пракамэнтаваў ён.

«Дэфіцыту павязак бліжэйшым часам ня будзе»
«Дэфіцыту павязак бліжэйшым часам ня будзе»

Што да папулярных пазыцый беларускай вытворчасьці, то Ігар Васіленка ўпэўнены, што іх усім хопіць. Па ягоных назіраньнях, высокі попыт на маскі прывёў да таго, што невялікія швейныя прадпрыемствы перапрафіляваліся на шыцьцё масак.

«Я абсалютна ўпэўнены, што дэфіцыту павязак бліжэйшым часам ня будзе. Тое самае можна экстрапаляваць на беларускі парацэтамол. Ажыятажны попыт вымыў ягоную патрэбу. Ён будзе напрацоўвацца, і бліжэйшым часам будзе ляжаць у належнай колькасьці, бо гэта прэпарат супраць тэмпэратуры, які павінен быць у кожнай хатняй аптэчцы. Адначасна парацэтамол ёсьць у розных формах, суспэнзіях, распушчальных парашках», — кажа Васіленка.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG