Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магіляўчанка падазрае, што заразілася каранавірусам у лякарні. Цяпер патрабуе пакараць мэдыкаў


Магілёўскі абласны скурна-вэнэралягічны дыспансэр, дзе знаходзіцца Ірына

Жыхарка Магілёва Ірына Барылава лічыць, што мэдыкі парушалі яе права на самаізаляцыю і, «магчыма, заразілі каранавіруснай інфэкцыяй» у бальніцы.

Сваю гісторыю дзяўчына расказала ў відэароліку у Instagram.

З аповеду вынікае, што ёй тройчы рабілі тэст на COVID-19. Вынікі першых двух былі адмоўныя. Трэці, які зрабілі ў бальніцы пасьля некалькіх дзён у адным боксе з пацыенткай з каранавірусам, даў станоўчы вынік.

Ірына дапускае, што заразілася яна ў лякарні. Ролік жа запісала, каб паказаць «людзям, як зь імі могуць абыходзіцца ў бальніцы».

Кіраўніцтва лякарні лічыць запісанае пацыенткай відэа праявай эмоцыяў.

З чаго пачалося

Ірына Барылава вучыцца ў магістратуры аднаго з магілёўскіх унівэрсытэтаў. Кажа, што на працягу тыдня ў яе былі «шчыльныя стасункі» з аднагрупніцай, якую 3 красавіка шпіталізавалі з сымптаматыкай каранавірусу. Вірус пацьвердзілі 6 красавіка.

Так Ірына стала кантактам першага ўзроўню. 8 красавіка ёй патэлефанавалі з санэпідэмстанцыі і далі гадзіну на зборы ў бальніцу. Яна разьлічвала на тое, што пастанова ўраду аб самаізаляцыі дазволіць застацца дома, але ў гэтым ёй адмовілі, прыгразіўшы шпіталізаваць з дапамогай міліцыі.

Што было ў дыспансэры

Ірына кажа, што яе завезьлі ў Магілёўскі абласны скурна-вэнэралягічны дыспансэр і паклалі ў бокс зь дзьвюх палат. Адна была на тры месцы, а другая на пяць. У яе палаце былі кантакты першага ўзроўню — «бессымптомнікі». Два першыя мазкі далі адмоўны вынік. Па словах суразмоўніцы, тэмпэратуру пацыенты замяралі адным градусьнікам на палату.

«Увечары 8 красавіка ў суседнюю палату паклалі сям’ю зь пяці чалавек, — кажа Ірына Барылава. — Зь імі мы карысталіся адной прыбіральняй і ўмывальнікам. Праз суткі даведаліся, што ў пацыенткі з суседняй палаты паднялася тэмпэратура. Да гэтага яна скардзілася, што не адчувае пахаў. Яе перавялі ў інфэкцыйнае аддзяленьне, а 12 красавіка пацьвердзілі каранавірус. Ува ўсіх іншых пацыентаў боксу абнулілі вынікі папярэдніх тэстаў і паўторна ўзялі мазкі».

Чаму лічыць, што заразілася ў лякарні

Ірына Барылава
Ірына Барылава

Па словах Ірыны, апошні мазок, узяты 14 красавіка, даў станоўчы вынік на каранавірус. Да гэтага яна неаднаразова прасіла лекараў адпусьціць яе на самаізаляцыю, таму што баялася заразіцца каранавірусам ад іншых пацыентаў. Тлумачыла, што ў кватэры ў яе ёсьць усе неабходныя ўмовы, але яе не адпускалі.

«Мне ніхто ня мог дапамагчы, — кажа яна. — Было шмат сьлёз ды эмоцый. Я не разумела, чаму з двума адмоўнымі тэстамі мяне працягваюць трымаць у бальніцы з заражанымі».

Ірына схіляецца да думкі, што заразілі яе ў бальніцы, але не адкідае і той магчымасьці, што ў яе моцны імунітэт, які добра змагаўся з інфэкцыяй, таму інкубацыйны пэрыяд расьцягнуўся на больш як 14 дзён.

Дзяўчына кажа, што яе довады пацьвердзяцца, калі вынікі мужавых тэстаў будуць адмоўныя. Яны стануць вядомыя 16 красавіка. Муж ад 2 красавіка ў самаізаляцыі.

Што напісала ў скарзе ў Міністэрства аховы здароўя

Ад 14 красавіка Ірына Барылава ляжыць у абласной інфэкцыйнай бальніцы. Пад наглядам мэдыкаў прабудзе прынамсі да 28 красавіка.

У інфэкцыйнай бальніцы Ірына напісала скаргу на дыспансэр у Міністэрства аховы здароўя. У ёй адзначае, што тройчы прасілася на самаізаляцыю ў адпаведнасьці з пастановай ураду ад 8 красавіка 2010 году. Таксама даводзіла, што прасіла пазнаёміць яе з мэдычнымі дакумэнтамі — вынікамі аналізаў, але атрымала адмову. З гэтага дзяўчына робіць выснову, што ад яе ўтойвалі інфармацыю пра стан здароўя.

«Прашу правесьці праверку і прыцягнуць да адказнасьці службовых асобаў, вінаватых у сытуацыі, у якой маё жыцьцё паставілі ў небясьпеку і парушылі мае правы чалавека», — напісана ў скарзе.

Што кажуць пра скаргі ў скурна-вэнэралягічным дыспансэры

У дыспансэры паведамілі, што пацыенткі Ірыны Барылавай «у іх больш няма». Ейнае відэа патлумачылі эмоцыямі. Паводле суразмоўцы, які назваўся галоўным урачом (гэтую пасаду займае Аляксандар Адаскевіч), у бальніцы «усё ў парадку» і ў былой пацыенткі таксама. Каб спраўдзіць інфармацыю зь відэа, журналісту параілі прыйсьці ў лякарню разам з былой пацыенткай.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG