Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Чарнобыльскай АЭС набліжаецца пажар


Пажар у зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС, 12 красавіка 2020
Пажар у зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС, 12 красавіка 2020

Пажар у Чарнобыльскай зоне дасягнуў Прыпяці, цяпер ён знаходзіцца за два кілямэтры ад сховішчаў радыяактыўных адкідаў, паведаміў у Facebook Яраслаў Емяльяненка, старшыня ўкраінскай Асацыяцыі турапэратараў па Чарнобыльскай АЭС, чалец грамадзкай рады Агенцтва па кіраваньні зонамі адчужэньня.

«Сытуацыя крытычная. Зона палае. Мясцовыя ўлады паведамляюць, што ўсё пад кантролем, але насамрэч агонь імкліва ахоплівае новыя тэрыторыі», — напісаў ён.

У сваю чаргу Дзяржаўнае агенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня заклікала не паддавацца паніцы. «Можам сказаць галоўнае – пагрозы для атамнай электрастанцыі, сховішча адпрацаванага паліва і іншых крытычных аб'ектаў у зоне адчужэньня няма!»

Пажар у зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС пачаўся яшчэ 4 красавіка. Паводле зьвестак рэгіянальнага Ўсходнеэўрапейскага цэнтру маніторынгу пажараў, агонь прайшоўся па 3,5 тысячы гектараў зоны адчужэньня на ўкраінскай тэрыторыі.

«Гэта толькі паводле папярэдніх ацэнак. Дакладна наступствы можна будзе вызначыць толькі пасьля таго, як пажар ліквідуюць», — сказала Свабодзе прэс-сакратарка Дзяржаўнага агенцтва кіраваньня зонай адчужэньня Ўкраіны Алена Кавальчук.

​Як заяўляюць ва ўкраінскай службе надзвычайных сытуацый, цяпер на тушэньні пажараў працуюць больш як тры сотні чалавек, 80 адзінак тэхнікі. Толькі 12 красавіка пажарная авіяцыя скінула на асяродкі агню больш як 300 тон вады — і гэта адбываецца ў штодзённым рэжыме з пачатку красавіка. Аднак пажарныя пераконваюць, што ў зоне адчужэньня гараць толькі «трава і лясная падсьцілка».

Пажарныя ў чарнобыльскай зоне, 13 красавіка 2020 году
Пажарныя ў чарнобыльскай зоне, 13 красавіка 2020 году

Спэцыялісты ў кіраваньні зонай адчужэньня прызнаюцца, што чарнобыльская зона была не гатовая да такога маштабнага пажару.

«Некаторыя асяродкі ў зоне адчужэньня знаходзяцца ў месцах, дзе няма пад’езду, а значыць, і адсутнічае магчымасьць падвозіць транспартныя сродкі. На разьвіцьцё неабходнай пажарнай інфраструктуры спатрэбіцца некалькі гадоў, але сёньня мы павінны зрабіць першачарговыя захады, бо наперадзе сэзон небясьпечнай гарачыні», — заявіла часовая кіраўніца ўкраінскага Дзяржаўнага агенцтва кіраваньня зонай адчужэньня Кацярына Паўлава.

Полымя зьнішчыла адселеныя пункты

Грамадзкія актывісты паведамляюць, што ад пачатку пажараў зьнішчана 12 сёлаў, і адселеных пасьля чарнобыльскай катастрофы. Полымя ахапіла «руды лес» каля АЭС, вайсковы гарадок Чарнобыль-2 і блізка падышло да самой станцыі.

Агенцтва «Чорнобиль Тур», якое зьяўляецца нацыянальным правайдэрам арганізацыі экскурсій у чарнобыльскую зону, абнародавала відэазапіс, як жывёлы ратуюцца ад пажару.

Галоўны рэдактар часопісу «Енергоатом України» Натальля Дзегцярэнка, якая паходзіць з Чарнобыля, лічыць, што сытуацыя крытычная:

«У апошнія гады ў зоне мала што зроблена для падтрыманьня ўзроўню аховы тэрыторыі на належным узроўні, у тым ліку і захадаў пажарнай бясьпекі. Супрацьпажарная і санітарная высечка праводзілася і праводзіцца толькі „на бачных месцах“. Гэта нягледзячы на тое, што ў зоне існуе вялікая колькасьць дзейных стратэгічных абʼектаў, у тым ліку ядзерных. Аднак у апошні год практычна ўся ўвага была сканцэнтравана на турызьме. Тое, што цяпер адбываецца ў зоне, мяне не зьдзіўляе, але крыху палохае — менавіта з прычыны існаваньня ў зоне стратэгічнай і крытычнай інфраструктуры», — напісала Натальля Дзегцярэнка на сваёй старонцы ў Facebook.

Пажар у чарнобыльскай зоне, 10 красавіка 2020 году
Пажар у чарнобыльскай зоне, 10 красавіка 2020 году

Крыніца пажараў вонкавая

Асноўная вэрсія паліцыі — наўмысны падпал, хаця адмыслоўцы не выключаюць, што агонь мог «прыйсьці» як з Жытомірскай вобласьці, дзе пачаліся першыя пажары, так і ад замыканьняў на лініях электраперадач, якія праходзяць па чарнобыльскай тэрыторыі.

Чарнобыльскі радыяцыйна-экалягічны біясфэрны запаведнік абнародаваў відэазапісы пажараў, якія, на думку адмыслоўцаў, сьведчаць пра вонкавую прычыну пажараў:

«Пажар прыйшоў з-за мяжы зоны адчужэньня. Вецер імгненна падхапіў некіраванае полымя, якое перакінулася на дрэвы і рушыла ў гэты бок. Загараньне ахапіла некалькі дзясяткаў гектараў. Ліквідацыя пажару ўскладняецца павышаным радыяцыйным забруджваньнем тэрыторыі. Аднак за яе межамі радыяцыя ў норме».

«Інфармацыю ня ўтойваем»

Ад чарнобыльскіх пажараў у Кіеве фіксавалі «кароткачасовае мясцовае павелічэньне канцэнтрацыі ў атмасфэры цэзію-137». Гэта прызнала Дзяржаўная інспэкцыі ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны. Але, паводле адмыслоўцаў, гэта не адбілася на агульным радыяцыйным фоне.

«Працягласьць і маштабы пажараў, якія адбываліся з пачатку красавіка ў прыродных экасыстэмах, у тым ліку за межамі зоны адчужэньня, прывялі да выкідаў у высокія атмасфэрныя слаі прадуктаў гарэньня, іх распаўсюду на вялікія адлегласьці і наступнага павольнага асяданьня ў тых канцэнтрацыях, якія не ўяўляюць непасрэдных радыялягічных пагрозаў. Яны ня могуць быць выяўлены радыямэтрамі-дазымэтрамі і, за выключэньнем спэцыяльных дасьледаваньняў, звычайна не выяўляюцца прыборамі радыяцыйнага маніторынгу ня толькі ва Ўкраіне, але і ў іншых тэхнічна прасунутых краінах», — заявілі ў ведамстве.

У Дзяржаўнай інспэкцыі ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны падкрэсьлілі, што абвінавачаньні ва ўтойваньні ўладамі інфармацыі аб павялічанай радыяцыі зьняпраўджваюцца сучаснымі інфармацыйна-аналітычнымі сыстэмамі і тэхналёгіямі аўтаматызаванага кіраваньня, у прыватнасьці такімі, як спадарожнікавыя рэсурсы NASA і радыялягічныя сеткі абмену інфармацыяй Эўрапейскага Зьвязу.

Белгідрамет: Лясныя пажары ў чарнобыльскай зоне не паўплывалі на радыяцыйны фон у Беларусі

Лясныя пажары ў чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Ўкраіны, Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей не паўплывалі на стабільны радыяцыйны фон у Беларусі, заявіў БелаПАН начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамету Міхаіл Каваленка.

Паводле Каваленкі, з 4 па 13 красавіка радыяцыйнае становішча ў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях і ў цэлым па краіне заставалася стабільным: «Ні па дадзеных са стацыянарных пунктаў, ні па дадзеных у аўтаматызаваных пунктах перавышэньня дозы радыяцыі над усталяванымі шматгадовымі значэньнямі не зафіксавана».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG