Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Закрыты на карантын». Каранавірус знайшлі ў санаторыі «Пад’ельнікі» Ўзьдзенскага раёну


Санаторый «Пад’ельнікі», фота з афіцыйнага сайта санаторыя

Пра тое, што ў санаторыі «Пад’ельнікі» выявілі 4 выпадкі інфікаваньня каранавірусам, Свабода даведалася з уласнай крыніцы. Паводле яе, каранавірус знайшлі ня толькі ў адпачывальнікаў, але і ў супрацоўнікаў санаторыя. Гэтыя зьвесткі часткова пацьвердзіў галоўны доктар і дырэктар установы Андрэй Грудзіна.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Так, у санаторыі знайшлі каранавірус. Ад нас вывозілі аднаго з каранавірусам дакладна, а ці выявілі яшчэ выпадкі, мне невядома», — сказаў Андрэй Грудзіна.

Паводле іншай супрацоўніцы, якая не назвалася, у санаторыі выяўлена да 4 выпадкаў заражэньня каранавірусам.

«Нас закрылі на карантын. Завёз хваробу нехта з адпачывальнікаў, але хто дакладна, мне невядома. З Расеі адпачывальнікаў у нас няма, гэта быў нехта зь беларусаў», — сказала супрацоўніца.

Галоўны доктар санаторыю «Пад’ельнікі» Андрэй Грудзіна не назваў даты, калі ў санаторыі быў выяўлены каранавірус. Паводле яго, прыём новых наведнікаў спынілі яшчэ 4 красавіка.

«Новых не прымаем. Тыя, хто ёсьць, заканчваюць карантын і паедуць дамоў», — сказаў Андрэй Грудзіна.

Пра сытуацыю ў калектыве супрацоўнікаў санаторыя Андрэя Грудзіна сказаў наступнае:

«Санаторый працягвае працаваць, праводзіцца комплекс антыэпідэміялягічных захадаў. Цэнтар гігіены робіць дэзынфэкцыю, ва ўсіх бяруць мазкі».

На пытаньне, ці ёсьць зьвесткі пра захварэлых на COVID-19 сярод супрацоўнікаў санаторыя, адказ галоўнага доктара быў такі:

«Мы ўсе здалі аналізы і чакаем вынікаў. Усе мэдработнікі лічацца кантактамі першага ўзроўню».

Санаторый «Пад’ельнікі» знаходзіцца паміж Уздой і Нясьвіжам, непадалёк ад вытоку Нёмана. Тут могуць адначасова адпачываць да 200 чалавек. У санаторыі лечаць парушэньні зроку, сыстэмы кровазвароту, дыханьня ды іншых хвароб. Санаторый — адно з унітарных прадпрыемстваў Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.

У санаторыі нядаўна выступала з канцэртам заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч, якая пасьля захварэла і цяпер ляжыць у шпіталі з двухбаковай пнэўманіяй і станоўчым тэстам на каранавірус.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG