Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марш гішпанкі. Дагістарычныя мікробы, вайсковая цэнзура і самагубствы хворых — будні эпідэміі 100 гадоў таму


Машыністка за працай. Нью-Ёрк, кастрычнік 1918 году.
Машыністка за працай. Нью-Ёрк, кастрычнік 1918 году.

Арыгінал публікацыі тут.

Публіка ў захапленьні ад фільму «На плячо!». Людзі гатовыя рызыкаваць жыцьцём, каб убачыць яго!» — з гонарам заявіў журналістам у канцы кастрычніка 1918 года кіраўнік нью-ёркскага Strand Theatre Гаральд Эдэль, камэнтуючы прэм’еру новай карціны Чарлі Чапліна.

Прэм’ера адбылася ў разгар эпідэміі гішпанскага грыпу. Для Эдэля бізнэс быў важней, чым заклікі уладаў часова зачыніць забаўляльныя ўстановы. Калі празь некалькі дзён пасьля паказу прэса надрукавала словы прадпрымальніка, Эдэля ўжо не было ў жывых. Яго забіла гішпанка.

Да адрачэньня кайзэра Вільгельма II і да заканчэньня Першай сусьветнай вайны заставалася менш за тры тыдні. Да таго моманту на пяці кантынэнтах лютаваў новы небясьпечны вораг. Сьмяротны вірус разьнесьлі па сьвеце караблі, а вайсковая цэнзура месяцамі замоўчвала «посьпехі» яго крывавага шэсьця.

Ахвярамі эпідэміі, паводле розных падлікаў, у выніку сталі ад 50 да 100 мільёнаў чалавек. Больш за ўсё людзей памерлі ў Індыі і Кітаі. З найбольш разьвітых краін — у ЗША: толькі па афіцыйных дадзеных, ня менш за 675 тысяч чалавек.

Модная хвароба

Гішпанія падчас Першай сусьветнай вайны захоўвала нэўтралітэт. Мясцовая прэса была адносна свабоднай, таму менавіта ў мадрыдзкіх газэтах у канцы мая 1918 году пачалі зьяўляцца першыя паведамленьні аб новым, вельмі заразным грыпе. Журналісты тут жа ахрысьцілі яго «неапалітанскі салдат» — у гонар папулярнай тады і жудасна прычэпістай песенькі, а таксама сталі называць «моднай хваробай».

«Гішпанскім» у Гішпанскім каралеўстве новы грып ніколі не называлі. Гэта імя зьявілася пазьней, калі францускія і брытанскія СМІ перадрукавалі паведамленьні сваіх гішпанскіх калегаў.

«Хвароба выяўляецца ванітамі, тэмпэратурай і дыярэяй. Не падобна, што гаворка ідзе пра нейкае сур’ёзнае захворваньне», — пісала 21 траўня мадрыдзкая вячэрняя газэта La Acción.

Гішпанцы паняцьця ня мелі, што амэрыканскія салдаты пачалі масава хварэць новым грыпам яшчэ пару месяцаў таму. Першы выпадак быў афіцыйна зарэгістраваны 4 сакавіка 198 году ў штаце Канзас. Гішпанка распаўсюджвалася вельмі хутка. Мэдыкі рэкамэндавалі прэзыдэнту Вудру Вільсану часова спыніць перакідку войскаў, але ён іх не паслухаў. З ЗША вайскоўцы прывезьлі вірус у эўрапейскія акопы. Да канца красавіка інфлюэнцай заразіліся французы, ангельцы і немцы.

Салдаты 39-га палку арміі ЗША ў Сыэтле перад адпраўкай у Францыю. Фота: US National Archives
Салдаты 39-га палку арміі ЗША ў Сыэтле перад адпраўкай у Францыю. Фота: US National Archives

Праз тыдзень пасьля першых паведамленьняў грып паклаў у ложак ледзь не палову Мадрыду, уключаючы караля Альфонса XIII. Да восені гішпанцы думалі, што, акрамя іх, «неапалітанскі салдат» больш нікога не наведаў. Сталічныя газэты сталі падазраваць у распаўсюджваньні хваробы кампанію, якая займалася будаўніцтвам мадрыдзкага мэтро. Нібыта пры падземных работах выкапалі нейкія старажытныя мікробы, якія і атакавалі горад.

Паводле іншай вэрсіі, больш інтэрнацыянальнай, прычынай эпідэміі сталі мільёны непахаваных целаў на франтах, якія гнілі і сваімі міязмамі заражалі атмасфэру. Некаторыя бачылі небясьпеку ў аблізваньні паштовых марак.

Да пачатку чэрвеня да масавага грыпу мадрыдцаў далучыліся барсэлёнцы. Улады ненадоўга зачынілі дзяржаўныя школы. З прычыны вялікай колькасьці тых, хто захварэў, здараліся перабоі ў працы пошты, банкаў, трамваяў, цягнікоў і паліцыі.
Адмяняліся спэктаклі і сьвецкія раўты.

Газэты ледзь ні кожны дзень друкавалі мэдычныя рэкамэндацыі, спасылаючыся на вядомых лекараў. Каб не заразіцца, прадпісвалася пазьбягаць людных месцаў, часьцей шпацыраваць за горадам, старанна сачыць за гігіенай рота, ня ёсьць гнілой гародніны, піць толькі кіпячоную ваду, не пераахалоджвацца, налягаць на лімоны, жаваць пласьцінкі на аснове лекавых траў і драўнянай смалы.

Пры першых сымптомах хваробы належала прыняць лёгкае слабіцельнае і ставіць клізмы з адвару эўкаліпту. Ну а калі ўсё ж такі захварэлі — асьпірын. Калі ён падаражэў у некалькі разоў і стаў дэфіцытным, яго спрабавалі замяніць хінінам і кафэінам.

Жыхары Сыэтлу ў чарзе на прышчэпку ад гішпанскага грыпу, лістапад 1918 году. Вакцына аказалася ня дзейснай. Фота: US National Archives
Жыхары Сыэтлу ў чарзе на прышчэпку ад гішпанскага грыпу, лістапад 1918 году. Вакцына аказалася ня дзейснай. Фота: US National Archives

У 1918 годзе мэдыкі мала чым маглі дапамагчы хвораму на гішпанку. Вірус грыпу чалавека вылучылі толькі праз 15 гадоў. Антыбіётыкі яшчэ ня вынайшлі, супрацьвірусныя прэпараты — тым больш. Мэдыкі вымяралі тэмпэратуру, пыталіся пра сымптомы, слухалі лёгкія і ў якасьці гарачкапаніжальнага і абязбольваючага максымум выпісвалі асьпірын, часам падвойную дозу. Пасьлядоўнікі старой школы пускалі кроў. У ход ішлі мыш’як, камфаравы алей, травяныя настоі, алькаголь, асабліва каньяк і ром, і нават ртуць. У адной францускай вэнэралягічнага клініцы заўважылі, што гішпанкай не заразіўся ніводзін пацыент-сіфілітык. Мэдыкі вырашылі, што іх абараняюць ад грыпу штодзённыя ін’екцыі ртуці, і ў якасьці прафіляктыкі распаўсюдзілі практыку на ўсіх хворых. Часта грып наогул не маглі дыягнаставаць і блыталі яго з тыфусам, а ў трапічным клімаце — зь ліхаманкай дэнге.

Улетку 1918-га гішпанка адступіла, фіксаваліся толькі асобныя выпадкі. Новы грып працягвалі ўспрымаць як нешта вельмі заразнае, непрыемнае, але ня больш за тое. Ніхто ня ведаў, што гэта была толькі першая хваля.

Да пачатку верасьня 1918 гады вірус вярнуўся зусім іншым і ператварыўся ў сэрыйнага забойцу. У якасьці ахвяр ён абраў самую працаздольную і здаровую групу насельніцтва: ад 20 да 40 гадоў. У цяжарных жанчын гішпанка выклікала спароны і заўчасныя роды.

Бостан. Валанцёры Чырвонага Крыжа вырабляюць мэдычныя маскі. Фота: US National Archives
Бостан. Валанцёры Чырвонага Крыжа вырабляюць мэдычныя маскі. Фота: US National Archives

Пазнака грыпу

Праз вайсковую цэнзуру ў Парыжы да канца жніўня ня ведалі пра тое, што новы грып лютуе н толькі ў Гішпаніі, Нямеччыне і Ангельшчыне, але ўжо дабраўся да гарадоў на поўдні Францыі. Да верасьня хвароба гаспадарыла ў сталіцы.

Гарадзкія службы апрацоўвалі станцыі мэтро, цягнікі і тэатральныя залі лугам. У шпіталях крытычна бракавала лекараў і мэдсясьцёр. Францускія газэты былі больш вынаходлівыя за гішпанскія і, акрамя прамываньня носа гарачай вадой і нашэньня мэдычных масак, прапаноўвалі сваім чытачам амаль вядзьмарскіяя рэцэпты. Напрыклад, Le Petit Parisien надрукавала такі:

«Зьмяшаць асьпірын, кафэін цытрат, бэнзаат натрыю, чай зь ячменю, журавіны, вішню, настойку карыцы, хіннага дрэва і сыроп з горкай апэльсінавай скарынкі».

У лістападзе гішпанкай заразіўся знакаміты паэт, аўтар тэрміну «сюрэалізм» 38-гадовы Гіём Апалінэр. 8 лістапада наведаць яго ў кватэры на парыскім бульвары Сэн-Жэрмэн прыйшоў пісьменьнік Блез Сандрар. «Апалінэр ляжаў на сьпіне і быў цалкам чорны», — успамінаў пазьней наведвальнік. Паэт памёр на наступны дзень.

Моцнае пачырваненьне твару, праблемы з дыханьнем і жар былі відавочнымі прыкметамі гішпанкі. Пакуль скура захоўвала чырвоны колер, заставалася надзея на выздараўленьне. Ліловае адценьне сьведчылаы аб рэзкім пагаршэньні, чорны колер быў прадвесьнікам хуткай сьмерці. У некаторых пацыентаў выпадалі зубы. Ад першых сымптомаў да сьмерці магло прайсьці менш за суткі.

Заражаныя часта трызьнілі, іх даводзілася прывязваць да ложкаў. Нярэдкімі былі самагубствы. Звар’яцелыя пацыенты, каб спыніць пакуты, выскоквалі з вокнаў. Некаторыя мэдыкі адзначалі, што ў палатах стаяў рэзкі пах зацьвілай саломы. Ускрыцьці целаў паказвалі, што распухлыя лёгкія ахвяр гішпанкі былі перапоўненыя крывёю і ружаватай вадзяністай пенай. Сьмерць наступала ў выніку ўдушша.

Сэнт-Луіс, штат Місуры. Праца Чырвонага Крыжа падчас эпідэміі гішпанкі. Кастрычнік 1918 году. Фота: US National Archives
Сэнт-Луіс, штат Місуры. Праца Чырвонага Крыжа падчас эпідэміі гішпанкі. Кастрычнік 1918 году. Фота: US National Archives

Той страшнай восеньню 1918-га ў Лёндане захварэць гішпанкай панічна баяўся зорка «Рускіх балетаў» Сяргей Дзягілеў, харэограф і танцоўшчык Леанід Мясін. 5 верасьня ў Coliseum Theatre ён выступаў у аднаактавым балеце «Клеапатра». «На мне была толькі набедраная павязка. Пасьля „сьмерці“ я павінен быў паляжаць на ледзяной сцэне яшчэ некалькі хвілін. Холад прабіраў да касьцей. На шчасьце, нічога дрэннага са мной не адбылося, але на наступны дзень я даведаўся, што паліцэйскі, які заўсёды стаяў на ўваходзе ў тэатар, здаравенны мужык, памёр ад грыпу », - успамінаў Мясін.

У ахопленую Грамадзянскай вайной Расею гішпанка трапіла з ваеннапалоннымі, якія сталі вяртацца на радзіму пасьля заключэньня Берасьцейскай мірнай дамовы. Акрамя грыпу ў краіне ў той час лютавалі сыпны тыфус і дызэнтэрыя. У Адэсе, каб спыніць эпідэмію гішпанкі, габрэйская абшчына 1 кастрычніка 1918-га зладзіла старажытны рытуал «чорная хупа» — вясельны абрад на могілках. Жаніх і нявеста, па традыцыі, былі зь беднякоў і сірот. На цырымоніі прысутнічалі некалькі тысяч чалавек. Вірус, на жаль, чорнае вясельле спыніць не змагло. Самай вядомай яго ахвярай стала ўсеагульная улюбёнка — 25-гадовая зорка нямога кіно Вера Халодная. У лютым 1919-га яе хавала ўся Адэса.

Гішпанка ў ЗША

У Нью-Ёрку эпідэмію гішпанскага грыпу афіцыйна абвясьцілі 4 кастрычніка 1918 году. У той момант у горадзе кожныя суткі фіксавалася каля тысячы новых выпадкаў. Відавочнай крыніцай заражэньня быў порт, празь які перапраўлялі салдат у Эўропу і ў які прыбывалі заражаныя грыпам замежныя караблі.

Аднак жыхары Нью-Ёрка прытрымліваліся іншых вэрсій. Паводле першай, інфэкцыя прыйшла зь нямецкіх падводных лодках з бактэрыялягічнай зброяй ля берагоў ЗША. Другая вэрсія сьцьвярджала, што грыпам быў заражаны асьпірын нямецкай кампаніі «Баер».

Паліцэйскі рэгуліроўшчык ў Нью-Ёрку. Кастрычнік 1918 году. Фота: US National Archives
Паліцэйскі рэгуліроўшчык ў Нью-Ёрку. Кастрычнік 1918 году. Фота: US National Archives

Гарадзкую ахову здароўя узначальваў зусім нядаўна прызначаны на гэты пост акуліст і гамэапат Роял С. Коўплэнд. Адразу пасьля абвяшчэньня эпідэміі ён распарадзіўся, каб фабрыкі, крамы і кінатэатры не адкрываліся ў адзін час. Стварыў 150 цэнтраў неадкладнай мэдычнай дапамогі, якія зьбіралі інфармацыю па захварэлых і каардынавалі працу бальніц.

Яшчэ Коўплэнд прынцыпова не зачыніў дзяржаўныя школы, патлумачыўшы гэта тым, што дзеці ў іх знаходзяцца пад лепшым наглядам, чым дома, і па выніках эпідэміі аказалася, што ён меў рацыю. Чыноўнік адчайна змагаўся з тэатрамі і кінатэатрамі, якія хацеў зачыніць як галоўныя агмені заражэньня, але змог гэта зрабіць толькі часткова.

Мацней за ўсё ад гішпанкі пацярпелі раёны Бруклін і Ўсходні Гарлэм, дзе сяліліся імігранты з Італіі. Большасьць зь іх ня ўмелі чытаць і не размаўлялі па-ангельску. Горад быў літаральна абчэплены плякатамі аб мерах абароны ад грыпу. Але многія італьянцы не разумелі, што на іх напісана. Яны жылі скучана, недаядалі, цалаваліся пры сустрэчы, карысталіся вельмі спрэчнымі мэтадамі народнай мэдыцыны і не адчынялі памяшканьні, баючыся пусьціць злых духаў. Лекарам, тым больш амэрыканскім, не давяралі.

Сан-Францыска «накрыла» гішпанскім грып крыху пазьней за Нью-Ёр. Мэрыя закрыла танцавальныя залі і загадала кіроўцам трамваяў ўвесь час трымаць вокны адкрытымі. Далей на жыхароў паступова сталі апранаць медычныя маскі. Спачатку абавязковым іх нашэньне стала для цырульнікаў, клеркаў, пэрсаналу гасьцініц, касіраў, аптэкараў і прадаўцоў. А з 25 кастрычніка — для ўсіх. За зьяўленьне на публіцы з адкрытым тварам штрафавалі на суму да 10 даляраў і садзілі на некалькі дзён пад арышт.

Мэдыцынскіх масак на ўсіх не хапіла, і людзі сталі шыць іх сабе самі. Некаторыя жанчыны імкнуліся ператварыць ахоўны сродак ў модны аксэсуар, выкарыстоўваючы шыфон, мусьлін і лён. Хтосьці наогул майстраваў нешта падобнае на маску чумнага лекара і ў такім выглядзе выходзіў на вуліцу.

Калі апоўдні 21 лістапада прагучаў спэцыяльны сыгнал, які адмяніў ўказ закрываць твар, усе вуліцы Сан-Францыска былі абсыпаныя «рэліквіямі пакутлівага месяца», як назвала маскі мясцовая прэса.

Пасяджэньне суду ў Сан-Францыска падчас эпідэміі гішпанкі — пад адкрытым небам, каб пазьбегнуць вялікай колькасьці людзей у душным памяшканьні. Фота: US National Archives
Пасяджэньне суду ў Сан-Францыска падчас эпідэміі гішпанкі — пад адкрытым небам, каб пазьбегнуць вялікай колькасьці людзей у душным памяшканьні. Фота: US National Archives

У Паўднёвай Амэрыцы

У Рыа-дэ-Жанэйра вірус прывёз брытанскі паштовы карабель. Спачатку грып распаўсюдзіўся на трушчоб — фавэлы, а ў сярэдзіне кастрычніка 1918 году перакінуўся на багатыя раёны.

Бразыльская сталіца аказалася цалкам не гатовая да эпідэміі. Усьлед за імклівым каляпсам гарадзкой аховы здароўя прайшла чутка, што ў Рыа перастануць дастаўляць прадукты харчаваньня. Заможныя сем’і пачалі скупляць у крамах усё, што там было. Беднякі адказалі галодным бунтам і масавымі рабункамі.

Памерлых было так шмат, што целы не пасьпявалі вывозіць і хаваць.

«На маёй вуліцы з акна можна было бачыць цэлае мора трупаў. Сваякі выстаўлялі ногі нябожчыкаў на падваконьні, каб рытуаьшчыкі маглі лёгка забраць іх. Але пахавальная служба працавала вельмі павольна. У нейкі момант мерцьвякі пачыналі распухаць і раскладацца, тады шмат хто проста выкідваў іх на вуліцу», — распавядала адна з жыхарак Рыа-дэ-Жанэйра.

У Чылі лекары і чыноўнікі да апошняга ня верылі ў грып і лічылі, што адбываецца эпідэміяй сыпнога тыфусу. У яго распаўсюджаньні абвінавацілі беднякоў і рабочых. Улады ладзілі сапраўдныя аблавы на бедныя раёны. Дзеля зьнішчэньня вошай выганялі людзей з дамоў, сілком распраналі, мылі, стрыглі, спальвалі асабістыя рэчы. Гэтыя жорсткія рэйды, натуральна, толькі пагаршалі сытуацыю і павялічвалі сьмяротнасьць.

Другая, найбольш сьмертаносная, хваля гішпанкі скончылася ў сьнежні 1918-га. Трэцяя бушавала увесну 1919 году. У сакавіку 1920-га, роўна праз два гады пасьля свайго зьяўленьня, новы вірус зьнік. За гэты час ён пасьпеў паразіць траціну тагачаснага чалавецтва — каля 550 мільёнаў чалавек. Вакцыны, як і эфэктыўнага леку ад гішпанскага грыпу так і не змаглі вынайсьці. Яго генную структуру навукоўцы змаглі ўзнавіць толькі ў 2002 годзе.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаная дакумэнтальная кніга Лауры Сьпіні «Pale Rider: The Spanish Flu of 1918 and How It Changed the World» (у гішпанскім перакладзе), архіў гішпанскай газеты La Acción, праект Influenza Encyclopedia (University of Michigan Center for the History of Medicine and Michigan Publishing, University of Michigan Library), агляд францускай прэсы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG