Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Рэчыцы зьняў, як у паліклініцы замкнулі наведнікаў. Яго абвінавацілі ў «хуліганстве»


Цэнтральная раённая паліклініка ў Рэчыца
Цэнтральная раённая паліклініка ў Рэчыца

У раённай паліклініцы ў Рэчыцы 20 сакавіка нечакана зачынілі ўсе выхады, наведнікам забаранілі перасоўвацца па памяшканьнях без усялякіх тлумачэньняў.

Жыхар гораду Павал Мар’еўскі зьняў гэта на відэа. Як расказваюць «Сильные новости», за гэта на яго склалі пратакол паводле артыкулу за хуліганства.

Пасьля таго, што зьнята на відэа, супрацоўнікі паліклінікі перапісалі зьвесткі наведнікаў і адпусьцілі па хатах. Затым высьветлілася, што наведнікаў замыкалі, бо да лекараў зьвяртаўся чалавек, які вярнуўся з Францыі і меў сымптомы, падобныя да тых, якія выклікае каранавірусная інфэкцыя.

31 сакавіка ўчастковы Арцём Нікалаеў склаў на аўтара відэа пратакол паводле арт. 17.1 КаАП («дробнае хуліганства»), за што пагражае штраф ад 54 да 810 рублёў (ад 2 да 30 базавых велічыняў). Цяпер Мар’еўскі чакае суду, але ня лічыць, што нешта парушыў.

У пратаколе запісана, што ён «рабіў відэаздымку, чым перашкаджаў выкананьню мэдыцынскімі работнікамі сваіх службовых абавязкаў пры правядзеньні эпідэміялягічных мерапрыемстваў, чыніў наўмысныя дзеяньні, якія парушаюць дзейнасьць арганізацыі і нармальны рытм яе працы».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG