Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фядута: Лукашэнка зыходзіць з уласнага ўяўленьня: «Ты вірус бачыла? Не. І я не»

абноўлена

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

Свабода задае вядомым інтэлектуалам пытаньні пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека.

Сёньня прапануем вашай увазе адказы габілітаванага доктара гуманітарных навук, чальца Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і ПЭН-цэнтру Беларусі, рэдактара беларускага біяграфічнага альманаху «Асоба і час» Аляксандра Фядуты.

Сьцісла:

  • Лукашэнка, як заўсёды, чуе самога сябе і тых, хто на самай справе зьяўляецца яго рэхам
  • Беларуская ўлада можа толькі прызнаць, што сытуацыя зьмянілася і пагоршылася, нягледзячы на тое, што прымаліся слушныя меры. Хутчэй за ўсё, будзе знойдзены вінаваты
  • Хто перажыве, прасьпіць дома гэтую страшную зіму пад назвай «пандэмія», а потым выберацца зь берлагу — той выжыве
  • Абясцэнілася ўменьне чытаць, думаць, інтэрпрэтаваць. Парадаксальна, але мне здаецца, што зараз каштоўнасьць гэтых уменьняў вернецца
  • Паглядзіце, як імгненна пачалі самаарганізоўвацца валянтэрскія групы, як бізнэс — у першую чаргу, рэальны малы бізнэс — пачаў шукаць шляхі да самавыжываньня. Гэта паводзіны цалкам свабодных людзей
  • Усё будзе добра. Рана ці позна, невядома, зь кім і калі, але — будзе добра

— Беларусь — адна з нешматлікіх краінаў у сьвеце, якая не прыняла жорсткіх мераў супраць пандэміі: не зачыніла межы, не закрыла школы і ВНУ, кіраўнік дзяржавы кажа, што пандэмія — гэта «псыхоз», маўляў, на трактары ніякі каранавірус ня страшны, краіна адзіная ў Эўропе правяла футбольны чэмпіянат. Падобнай жа рыторыкай карыстаецца і прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару. З кіраўнікоў іншых больш менш вядомых краінаў — здаецца, ніхто. Як вы ацэньваеце імавернасьць таго, што Лукашэнка ўсё ж мае рацыю ў сваёй амаль ні на каго не падобнай палітыцы адносна пандэміі?

— Калі я хварэю, я аддаю перавагу таму, каб слухаць лекараў, а не палітыкаў. Мне здаецца, Лукашэнка зыходзіць з уласнага ўяўленьня аб сытуацыі, якое ён жа і сфармуляваў: «Ты вірус бачыла? Не. І я не». Ён не верыць у тое, чаго ён не бачыў і што не можа памацаць рукамі; такой пячорны рацыяналізм. І Лукашэнка, як заўсёды, чуе самога сябе і тых, хто на самай справе зьяўляецца яго рэхам, кажа тое, што, на іх думку, хоча пачуць прэзыдэнт.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Але ён — не прафэсіянал-мэдык. Ён думае не мэдычнымі катэгорыямі. І ў дадзеным выпадку ён павінен быў бы выслухаць і прыслухацца да прафэсійных мэдыкаў. Любы палітык, які прызвычаіўся да дыялягізму ў сваёй паўсядзённай практыцы, так бы і паступіў. Але за дваццаць пяць гадоў здольнасьць Лукашэнкі ўступаць у дыялёг папросту зьнікла. Яго палітыка маналягічная прынцыпова. Не таму, што ён Бахціна і Бубэра не чытаў, а таму, што ён сам па сабе ўжо не прадугледжвае магчымасьць існаваньня іншай ісьціны, акрамя яго ўласнай. Калі б было відавочна, што ён узважвае і аналізуе розныя варыянты, я быў бы гатовы паверыць у яго рацыю. Але ў «рацыю наўгад» паверыць я не магу.

— Многія выказваюць падазрэньні ў тым, што афіцыйныя беларускія дадзеныя пра колькасьць захварэлых на каранавірус і колькасьць памерлых ад яго істотна заніжаюцца. Дарэчы, у Кітаі прынамсі напачатку ўлады таксама хавалі інфармацыю аб маштабах эпідэміі і затыкалі раты дактарам, якія распавядалі пра хваробу. Але потым кітайскія ўлады прызналі і маштабы захворваньня і яго спэцыфічнасьць. Пры якіх умовах гэта можа адбыцца ў Беларусі? І ці адбудзецца наагул хоць пры якіх умовах?

— Беларуская ўлада не можа ні пры якіх умовах прызнаць, што ня мае рацыі. Яна можа толькі прызнаць, што сытуацыя зьмянілася і пагоршылася, нягледзячы на тое, што прымаліся верныя меры. Хутчэй за ўсё, будзе знойдзены вінаваты. І ўсё роўна, ці стане гэтым вінаватым міністар аховы здароўя (кандыдат нумар адзін на ролю ахвярнага ягняці), або абвінавацяць, напрыклад, САЗ, рэкамэндацыі якой былі нявернымі. Галоўнае: вінаватым будзе не той, хто вызначыў рэальную палітыку як барацьбы з эпідэміяй, гэтак і яе асьвятленьня ў мэдыя. Гэта значыць, не тая асоба, якая прымала канкрэтнае рашэньне. Таму што рашэньні ў нас у краіне прымае адзін чалавек, а ён у прынцыпе не можа лічыць сябе ня маючым рацыі.

— Цяперашняя пандэмія на думку некаторых спараджае суровую дылему паміж выжываньнем людзей, уратаваньнем іх ад хваробы, і выжываньнем эканомікі, якая таксама ёсьць умова выжываньня людзей. Пра гэта гаворыць, прынамсі, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ды і палітыкі — прыхільнікі карантыну і локдаўну — таксама гавораць. Ці ёсьць рашэньне гэтай праблемы ў агульным выглядзе, ад чаго залежыць яе рашэньне ў той ці іншай краіне?

— Самы просты варыянт — заняць адзін з бакоў. Сказаць: мы ратуем людзей. Або: мы ратуем эканоміку. Але просты варыянт рашэньня праблемы — заўсёды не самы дакладны варыянт, ён праблему, на самой справе, не вырашае. Палітыкі павінны знайсьці балянс. У багатай краіне такі балянс знайсьці прасьцей. У беднай краіне — практычна немагчыма. У краіне, якой кіруюць папулісты — немагчыма ў прынцыпе, у чым мы пераконваемся на прыкладзе, скажам, Італіі.

Але гаворка бо ідзе не толькі аб выбары палітыкаў. Мы ж разумеем, што структура эканомікі ў розных краінах розная. Ёсьць галіны, якія ў прынцыпе памруць на некаторы час — як турызм у Італіі, але затым непазьбежна адродзяцца, як Фэнікс з попелу. Таму што гэтая сьмерць будзе не ўласна канцом бізнэсу, а анабіёзам: хто перажыве, перасьпіць дома гэтую страшную зіму пад назвай «пандэмія», а потым выберацца зь берлагу — той выжыве. Маманты вымерлі, як мы памятаем, а клапы, іх сучасьнікі, выжылі. Малы бізнэс, пра які ўсе сёньня клапоцяцца, упадзе ў анабіёз раней, але і выберацца раней: мазгі, вопыт працаваць, рукі і ногі фэрмэра, гаспадара дзьвюх-трох крамаў гародніны, невялікі кавярні ў Вэнэцыі або Міляне — яны ў іх і застануцца. І я веру ў тое, што як раз гэтыя людзі змогуць даказаць сваю жыцьцяздольнасьць і жыцьцяздольнасьць свайго бізнэсу.

— Ці не мяняе разуменьне гуманнасьці гэтая дылема? Ці не мяняе разуменьне гуманнасьці пікавыя перагрузкі шпіталёў хворымі, недахоп неабходнага мэдычнага абсталяваньня — калі даводзіцца рабіць выбар — каго лячыць?

— Мы ведаем, што ў некаторых краінах лекарам далі права расстаўляць прыярытэты — самім выбіраць, каго лячыць у першую чаргу. Гэта страшны выбар. Не для нас, не для пацыентаў. Гэта страшны выбар для саміх лекараў. Яны ж давалі клятву Гіпакрата, абяцаючы ратаваць жыцьці ўсіх. А цяпер ім давядзецца выбіраць. І для адных яны будуць збаўцамі, а ў вачах сваякоў іншых стануць забойцамі. Я ім не пазайздрошчу.

Але я і палітыкам не пазайздрошчу. Гаворка зараз нават не пра Лукашэнку, скура якога за дваццаць пяць гадоў знаходжаньня ва ўладзе выдубілася, як скура ў насарога з казкі Кіплінга. Гаворка, напрыклад, пра інтэлігента Наўседу, які стаў прэзыдэнтам Літвы, ці пра зусім маладога палітыка Зяленскага, які ўзначаліў Украіну. Гэта ж не Франклін Рузвэльт, які ўзначаліў ЗША падчас эканамічнага крызісу, і не Ўінстан Чэрчыль, які прыйшоў да ўлады ў часе ўсясьветнай вайны. У тых быў гіганцкі палітычны і кіраўнічы вопыт — у гэтых жа за плячыма толькі народны давер, якое растае па меры крызісу, і гэта растайваньне даверу і падзеньне рэйтынгу абсалютна натуральныя.

Праблема не ў тым, што не хапае мэдычнага абсталяваньня. Праблема ў рэзкім паніжэньні каштоўнасьці чалавечага жыцьця. Апошнія дзесяцігодзьдзі гуманітарная думка — гэта значыць, уласна кажучы, думка пра каштоўнасьць чалавека і чалавечага жыцьця — знаходзілася як бы на задворках веды як такой. Нам казалі: калі вы такія разумныя, чаму вы такія бедныя? Аб ліквідацыі цэлых галін эканомікі казалі як пра нешта непазьбежнае і нават пажаданае, адкідаючы ўсе пытаньні пра лёсы работнікаў. Абясцэнілася ўменьне чытаць, думаць, інтэрпрэтаваць.

Парадаксальна, але мне здаецца, што зараз каштоўнасьць гэтых уменьняў вернецца — прынамсі, у вачах значнай і вельмі ўплывовай часткі грамадзтваў. Лекар, узважваючы на вагах сумленьня жыцьцё асобна ўзятага чалавека, непазьбежна стане філёзафам і пачне шукаць прэцэдэнты для апраўданьня ўласнага выбару ў мастацтве і філязофіі мінулых эпох. Тое ж непазьбежна здарыцца, з майго пункту гледжаньня, і з бізнэсоўцамі, якія пачыналі з нуля. А вось з так званымі «дзяржаўнымі дзеячамі» аўтарытарных рэжымаў я не ведаю, што будзе. Мне здаецца, яны проста ня здольныя вучыцца.

— Ужо зараз эканамічныя экспэрты фіксуюць падзеньне ўсясьветнай эканомікі, прагназуецца і далейшае падзеньне — спрэчкі ідуць толькі наконт таго, наколькі яно будзе глыбокім. Як зьменяцца вагі асноўных геапалітычных гульцоў на міжнароднай арэне — ЗША, Кітай, Эўразьвяз, Расея? Хто ўмацуецца, хто аслабее?

— Давайце не будзем гадаць. Чатыры месяцы таму Эўразьвяз здаваўся магутным і квітнеючым. Штаты былі ўпэўненыя, што адседзяцца ў любым выпадку, акрамя ядзернай вайны. Расея дэманстравала, што ёй напляваць на любыя санкцыі. Прайшло чатыры месяцы. Пачалася «нафтавая вайна» паміж Саудаўскай Арабіяй і Расеяй; невядомая вірусная хвароба пахіснулася магутнасьць Кітаю. Ці маглі мы гэта прадбачыць? Калі так, то пакажыце мне таго аналітыка, які прадбачыў ідыятызм нафтавага магната Сечына або зьяўленьне новага тыпу вірусаў. Мне здаецца, у вашым апытальніку напярэдадні 2020 года было зададзенае пытаньне, колькі будзе каштаваць даляр у беларускіх абменьніках у канцы года. Ужо зараз відавочна, што ўсе гэтыя анкеты можна зьліць у ракавіну, добра вымыўшы рукі. Бо ніхто з нас гэтага прадбачыць не мог.

— І ці чакаеце вы ў выніку крызісу вялікай, усясьветнай вайны?

— Я пэсыміст. Так.

— Як пандэмія ўжо мяняе і яшчэ памяняе сьвет у сэнсе інтэлектуальнай моды? Якія ідэалёгіі, вераваньні набудуць большую папулярнасьць, як сьвет сам сабе будзе тлумачыць, што зь ім адбываецца?

— Калісьці я сказаў (дазвольце працытаваць самога сябе) што ля ўваходу на інтэрнэт-старонку незалежнай дэмакратычнай Польшчы стаялі тры вялікія літары WWW: Валэнса, Вайда, Вайтыла (Папа Ян Павел II, чарговыя ўгодкі зь дня сьмерці якога мы адзначылі як раз 2 красавіка ). Цяпер, як мне здаецца, будуць тры галоўныя трэнды любых відаў мастацтва: Футуралёгія. Фэнтэзі. Факт. Тры вялікія літары Ф. Чалавецтву трэба будзе не столькі аналізаваць, што было зь ім учора, колькі ўявіць, што можа быць у будучыні. Аналіз будзе рабіцца, зрэшты, на падставе сабраных, назапашаных фактаў, так што гісторыя — і гісторыя чалавецтва, і гісторыя ўсіх родаў чалавечай дзейнасьці і кірункаў думкі — нікуды не сыдзе. Але футуролягаў і фантастаў зьявіцца процьма.

— Ці не кідае каранавірус сьвет у новы таталітарызм? Прычым самі грамадзтвы, урады, у тым ліку і ў самых дэмакратычных краінах, усталёўваюць шмат дзе такія абмежаваньні свабоды, якія раней былі ўласьцівыя хіба Паўночнай Карэі. Дзяржава — закрый, дзяржава — абмяжуй, дзяржава — забарані — сёньня гэта не мара купкі экстрэмістаў, а запыт грамадзтва. Юваль Гарары прагназуе ўмацаваньне кантролю дзяржавы над людзьмі. Калі некалі пандэмія скончыцца, ці не застануцца ўсе гэтыя абмежаваньні і ўмацаваны кантроль? Пройдзе пандэмія і ўсё вернецца на колы свае? Ці ня вернецца? Ці можна зараз сказаць, чым сьвет пасьля пандэміі будзе непадобны на сьвет да яе?

— Мяне зараз зноў пачнуць таптаць за прыхільнасьць да цытатаў нямодных сёньня марксісцкіх клясыкаў, але чаму не працытаваць тое, што здаецца табе справядлівым? «Свабода ёсьць усьвядомленая неабходнасьць» — казаў малады яшчэ Энгельс. Потым казалі: вось, ён апраўдвае таталітарызм! Няпраўда. Ён казаў пра тое ж, пра што казаў Кант, — пра маральны закон унутры кожнага з нас. Звароты да дзяржавы як раз і зыходзілі і зыходзяць ад тых, хто працягвае ўнутры самога сябе культываваць рабства. Чаму дзяржава павінна рабіць нешта за цябе самога? Паглядзіце, як імгненна пачалі самаарганізоўвацца валянтэрскія групы, як бізнэс — у першую чаргу, рэальны малы бізнэс — пачаў шукаць шляхі да самавыжываньня. Гэта паводзіны цалкам свабодных людзей.

Вяртаньне да старога немагчымае. Хіба мы вярнуліся ў Савецкі Саюз пасьля краху гарбачоўскай перабудовы? Хіба Украіна вярнулася ў эпоху Януковіча пасьля расчараваньня ва ўладзе, якая прыйшла на хвалі другога Майдану? І нават Сталін не змог пасьля Айчыннай вайны цалкам па-старому кіраваць краінай, як было да таго. Будзе нешта па сьпіралі разьвівацца — але гэта ўсё роўна будзе нешта якасна іншае. І чым мацней будзе шок ад пандэміі, тым мацней будзе рэакцыя на дзеяньні або бязьдзеяньне ўладаў, на сьмерці блізкіх і далёкіх, на перагнутую ў бок жорсткасьці «палку» рэгуліроўшчыкаў нашага палітычнага і эканамічнага жыцьця.

Клясычны прыклад — Вялікабрытанія. Нязломнасьць Чэрчыля дазволіла краіне не толькі не здацца Гітлеру, але і ўвайсьці ў чацьвёрку краінаў, якія вызначалі пасьляваеннае ўладкаваньне сьвету. Але «няўдзячныя» суграмадзяне выбралі Клемэнта Этлі, не чакаючы нават заканчэньня Потсдамскай канфэрэнцыі.

-І Гарары, і Алексіевіч спадзяюцца на адраджэньне чалавечай і міждзяржаўнай салідарнасьці. А вы? Ці не наступае час маралі «кожны за сябе» — дзяржава, сацыяльная група, чалавек?

— Я прывык верыць у лепшае. У тое, што пасьля эпідэміі ўсе, хто выжыве, будуць здаровыя, а пасьля вайны абавязкова наступіць мір. Разумееце, мне давялося пяць месяцаў свайго жыцьця жыць у горадзе Нар'ян-Мар, калі сьветлавы дзень доўжыўся трыццаць восем хвілін, і ты не пасьпяваў зразумець, ці было яно наагул — сонечнае сьвятло.

Але я ведаў: сонца ёсьць, хоць я яго і не бачыў.

Усё будзе добра. Рана ці позна, невядома, зь кім і калі, але — будзе добра. А калі не, то, як пісаў Беранжэ, «гонар вар’яту, які навее чалавецтву сон залаты».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG