Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне 53-гадовы мужчына памёр ад пнэўманіі. Упраўленьне здароўя: каранавірус ні пры чым


Ілюстрацыйнае фота

У Магілёўскай вобласьці па стане на 24 сакавіка ў тых, хто зьвярнуўся ў мэдыцынскія ўстановы, каранавіруснай інфэкцыі ня выявілі. Гэта адна зь дзьвюх абласьцей Беларусі, апрача Берасьцейскай, дзе лекары не прызналі выпадкаў заражэньня канаравірусам.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Паводле Малілёўскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя, пад мэдыцынскім наглядам у вобласьці знаходзяцца 110 чалавек, а ў стацыянары — 37.

Першая намесьніца начальніка галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму Ірына Ляховіч паведаміла, што ў іхны рэгіён з краінаў, дзе пашырылася пандэмія COVID-19, прыбылі 368 чалавек.

У прыватнасьці, 18 сакавіка зь Нямеччыны пасьля 10-дзённага побыту там прыехаў жыхар абласнога цэнтру, які праз 3 дні памёр у інфэцыйнай лякарні. Ірына Ляховіч настойвае, што прычына сьмерці не каранавірус.

Паводле яе, 53-гадовага мужчыну даставілі ў лякарню 20 сакавіка з арытміяй і прыкметамі ўскладненага дыханьня. Двойчы бралі мазкі на COVID-19, якія далі адмоўны вынік.

«Яго аглядалі спэцыялісты кансыліюмам, — кажа яна. — У яго была пнэўманія; акрамя таго, прысутнічалі астматычныя дыягназы, ад якіх ён і памёр».

Ірына Ляховіч кажа, што росту захворваньняў на пнэўманію ў рэгіёне не назіраецца.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG