Прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта ЗША назвалі непраўдзівай інфармацыю агенцтва Reuters пра тое, што Белы Дом загадаў чыноўнікам у сфэры аховы здароўя засакрэціць інфармацыю высокага ўзроўню пра каранавірус.
У сераду Reuters паведаміла гэта са спасылкай на чатырох неназваных чыноўнікаў з адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. У артыкуле казалася, што ад сярэдзіны студзеня адбылося шмат нарадаў у адмысловым памяшканьні, куды не маглі ўвайсьці людзі без адмысловага допуску да сакрэтнай інфармацыі.
Пасьля публікацыі прэсавы сакратар Нацыянальнай рады бясьпекі ЗША Джон Альет напісаў Reuters па электроннай пошце: «Белы Дом ніколі не загадваў ніякаму агенцтву "ставіцца да нарадаў высокага ўзроўню па каранавірусе як да сакрэтных", што сьцвярджаецца ў артыкуле».
«Гэты артыкул — фэйкавая навіна», — напісаў ён.
Робэрт Рэдфілд, кіраўнік амэрыканскага агенцтва, якое займаецца кантролем і прафіляктыкай хваробаў, заявіў у чацьвер у паказаньнях Кангрэсу ЗША, што інфармацыя пра каранавірус шмат разоў абмяркоўвалася ў памяшканьнях для сакрэтных нарадаў, але саму інфармацыю не рабілі сакрэтнай.
Офіс віцэ-прэзыдэнта ЗША даслаў супольную заяву міністра аховы здароўя і сацыяльных службаў Алекса Эйзара і дарадцы ў нацыянальнай бясьпецы Робэрта О’Браена, якія выказалі «зьдзіўленьне» артыкулам Reuters. Паводле іх, нарады працоўнай групы, якія склікаў віцэ-прэзыдэт Майк Пэнс, не былі сакрэтнымі. Аднак, як адзначае Reuters, артыкул ня тычыўся працоўнай групы Пэнса, якую той узначаліў у канцы лютага.
Прэсавы сакратар Reuters заявіў у чацьвер, што агенства не адмаўляецца ад свайго артыкулу.