Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у «ДНР» выкараняюць украінскую мову


Сьцяг Расеі над кантрольна-прапускным пунктам ўезду і выезду ў Горлаўцы.

На мінулым тыдні ў «ДНР» адмянілі другую дзяржаўную мову, украінскую. Тлумачыць карэспандэнт Радыё Свабода Дзьмітрый Кірылаў.

Мясцовы «народны савет», як заўсёды аднагалосна, прагаласаваў за «ініцыятыву Кіраўніка ДНР па ўнясеньні зьмяненьняў у канстытуцыю» — з 10-га артыкулу прыбралі згадку пра ўкраінскую мову, а заадно ўнесьлі зьмены ў заканадаўства аб адукацыі. Цяпер у бюджэтных адукацыйных установах вучыць у Данецку будуць выключна на расейскай.

Адмена ўкраінскай мовы некалі была адным з «пасланьняў» з Данецку напярэдадні саміту кіраўнікоў дзяржаў «нармандзкага фармату» ў Парыжы. Тады Масква грала ролю добрага паліцыянта, а кіраўніцтва самаабвешчаных рэспублік Данбасу злога — цалкам сынхронна дэманстравала сваю непрымірымасьць і «самастойнасьць». 2 сьнежня 2019 году перад самым самітам адзін з кіраўнікоў «ДНР» Дзяніс Пушылін ў Данецку прапанаваў адмяніць ўкраінскую мову як дзяржаўную. Тады ж на цэнтральнай плошчы Данецку — імя Леніна — спусьцілі сьцяг «ДНР» і паднялі сьцяг Расеі.

Цяпер, у сакавіку, сьцяг Расеі паднялі на новым месцы — побач са сьцягам «ДНР» над кантрольна-прапускным пунктам ўезду і выезду ў Горлаўцы. І менавіта цяпер, праз тры месяцы пасьля «ініцыятывы кіраўніка», падчас падрыхтоўкі новага саміту ў Бэрліне, прызначанага на красавік, і перамоваў аб абмене палоннымі, які павінны адбыцца нібыта ўжо ў сакавіку, мясцовы «народны савет» раптам пачаў галасаваць за зьмены «канстытуцыі» і падымаць новыя сьцягі Расеі пад кананаду на фронце, у тым ліку і на Горлаўскім кірунку.

У так званай «Луганскай Народнай Рэспубліцы» ўкраінская мова фармальна захоўвае статус лругой дзяржаўнай, хоць «афіцыйнай» мовай зьяўляецца толькі расейская.

Мясцовыя жыхары ў «ЛНР», 23 лютага 2020
Мясцовыя жыхары ў «ЛНР», 23 лютага 2020

«У цяперашні час згодна з артыкулам 10 канстытуцыі ДНР дзяржаўнымі мовамі зьяўляюцца расейская і ўкраінская. Аднак ужываньне ўкраінскай мовы як дзяржаўнай не знайшло сваёй практычнай рэалізацыі за пэрыяд з 14 траўня 2014 году да гэтага часу», — гаворыцца ў адмысловай заяве на сайце «народнага савету ДНР» з нагоды рэзананснага галасаваньня.

14 траўня 2014 году, апошні тыдзень перад апошнім званком, у Данецку працавалі 34 школы і 750 клясаў з украінскай мовай навучаньня. Мэр Данецку Аляксандар Лук’янчанка ў 2013 годзе казаў пра амаль 30 працэнтаў дзяцей, якія навучаюцца на ўкраінскай мове ў школах, і 48 працэнтах — у дзіцячых садках. Амаль усе ўкраінскія школы і клясы працягнулі працу, нягледзячы на зьмену ўлады.

Вясной 2015 году ўсе бацькі дзяцей, якія працягвалі навучаньне на ўкраінскай мове, павінны былі напісаць заяву пра тое, ці жадаюць яны гэтага і ў будучыні. Нягледзячы на тое, што пасьля ўсё школы перавялі на расейскую мову, украінскамоўныя клясы захоўваліся.

Увесь 2014-2015 навучальны год вучні і настаўнікі карысталіся школьнымі бібліятэкамі і старымі падручнікамі, пры гэтым было строга забаронена выдаваць на рукі падручнікі па ўкраінскай гісторыі і геаграфіі.

Усе спрэчныя з пункту гледжаньня ўладаў тэмы на геаграфіі і гісторыі былі заменены на ўрокі, зьвязаныя з «родным краем». У верасьні 2015-га двума афіцыйнымі гуманітарнымі канвоямі ў самаабвешчаную «ДНР» завезьлі новыя падручнікі — пад праграмы, уніфікаваныя з расейскімі. У 2016-м перад пачаткам навучальнага году «міністар адукацыі ДНР» Ларыса Палякова адрапартавала пра закрыцьцё ўсіх украінскіх клясаў у сувязі з «адсутнасьцю жадаючых».

Але нават нягледзячы на ўсё гэта ўкраінская мова ў школах прысутнічала. Раз на тыдзень у малодшых клясах, напрыклад, праводзілі адзін урок: 20 хвілін на мову, 20 — на літаратуру. У старэйшых таксама быў адзін сумешчаны ўрок украінскай мовы і літаратуры. На неафіцыйным рынку адукацыйных паслуг рэпэтытары па ўкраінскай мове самыя дарагія — бяз мовы цяжка атрымліваць адукацыю ва ўкраінскіх ВНУ, паток абітурыентаў з Данбасу ў Кіеў, Харкаў і Адэсу па-ранейшаму ёсьць — для такіх хлопчыкаў і дзяўчынак існуюць дзяржаўныя льготныя праграмы.

Цяпер — каб выканаць рашэньне «народнага савету» — гэты адзіны ўрок украінскай ў школах адменяць.

Адмена ўкраінскай мовы як дзяржаўнай прынясе жыхарам «ДНР» пэўныя праблемы. Пра гэта цяпер шмат пішуць у данецкіх групах у сацыяльных сетках. Большасьць дакумэнтаў на кватэры, шлюбы, нараджэньні, сьмерці і зямельныя ўчасткі ў людзей заставаліся з даваенных часоў — гэта значыць на ўкраінскай мове. Дагэтуль такія дакумэнты выкарыстоўваліся без праблем як складзеныя на «другой дзяржаўнай» мове. Цяпер іх давядзецца перакладаць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG