Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведка ў справе малайзійскага «Боінга» расказаў пра супрацоўнікаў ФСБ, якія знаходзіліся побач з «Букам»


Побач з ракетнай устаноўкай «Бук», зь якой 17 ліпеня 2014 году зьбілі «Боінг» «Малайзійскіх авіяліній», знаходзіліся супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў. Пра гэта на судзе ў справе аб катастрофе самалёта рэйсу MH17 заявілі прадстаўнікі абвінавачаньня.

Пракуратура спасылаецца на паказаньні сьведак, атрыманыя Міжнароднай сьледчай групай (JIT), якая займалася гэтым здарэньнем.

Сьведка, на якога спасылаецца бок абвінавачаньня, засакрэчаны пад кодавым абазначэньнем М58. Сьцьвярджаецца, што гэта былы баец атрадаў так званай «ДНР». Сьведка таксама паведаміў, што экіпаж «Бука» гаварыў «з расейскім акцэнтам» — магчыма, маецца на ўвазе, што размова не ішла аб ураджэнцах Украіны.

Абвінавачваньне таксама заявіла, што ў яго ёсьць сьведкі, якія непасрэдна бачылі запуск ракеты з «Бука».

Адкрытыя слуханьні ў справе аб катастрофе MH17 пачаліся ў Гаазе 9 сакавіка. Раней JIT прадʼявіла абвінавачаньні ў дачыненьні да катастрофы тром грамадзянам Расеі, у тым ліку былому палкоўніку ФСБ Ігару Гіркіну (Стралкову), і грамадзяніну Ўкраіны Леаніду Харчанку. На судзе ніхто зь іх не прысутнічае.

Як чакаецца, на судзе заслухаюць паказаньні больш як 10 сьведак катастрофы. Пракуроры тлумачаць, што многія сьведкі засакрэчаныя — гэта зроблена для таго, каб засьцерагчы іх ад магчымага перасьледу з боку сэпаратыстаў, якіх падтрымлівае Расея.

Пракуратура Нідэрляндаў таксама абвінаваціла Расею ў спробах перашкодзіць расьсьледаваньню катастрофы «Боінга». У прыватнасьці, зробленыя пасьля катастрофы заявы Мінабароны Расеі былі названыя «маніпуляцыяй». Пракуроры заявілі аб дэзынфармацыі, якую, паводле іх, пачалі распаўсюджваць расейскія ўлады і дзяржаўныя тэлеканалы, каб заблытаць расьсьледаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG