Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар Insider: сярод абвінавачаных у справе «Боінга» будуць Суркоў і Шайгу. Магчыма, і Пуцін


Кіраўнік ФСБ Расеі Аляксандр Бортнікаў, расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін і міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу падчас параду ў Севастопалі 9 траўня 2014 году.
Кіраўнік ФСБ Расеі Аляксандр Бортнікаў, расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін і міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу падчас параду ў Севастопалі 9 траўня 2014 году.

Галоўны рэдактар выданьня The Insider Раман Дабрахотаў (ягонае выданьне прымала ўдзел у зборы інфармацыі пра катастрофу «Боінга» на аснове адкрытых дадзеных) упэўнены, што сьпіс абвінавачаных на судзе па справе аб катастрофе малайзійскага «Боінга» можа быць істотна пашыраны.

У гутарцы з тэлеканалам «Настоящее время» Дабрахотаў сказаў:

— Ужо можна, я думаю, гаварыць з дастатковай ступеньню ўпэўненасьці, што сярод абвінавачаных будуць экс-дарадца прэзыдэнта Пуціна Ўладзіслаў Суркоў, а таксама кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шайгу і кіраўнік ФСБ РФ Аляксандр Бортнікаў. Ёсьць нават імавернасьць, хоць і невялікая, што Вярхоўны галоўнакамандуючы Расеі (Ўладзімір Пуцін — РС) таксама будзе названы абвінавачаным у гэтым працэсе. Паколькі ўсе мы разумеем (і ў Нідэрляндах, і ў сьвеце таксама гэта разумеюць), што пытаньне аб пастаўцы цяжкіх ўзбраеньняў на тэрыторыю іншай дзяржавы не магло вырашацца без санкцыі Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Гэта проста фізычна і юрыдычна немагчыма.

Таму, я думаю, нам варта чакаць сур’ёзных навін на гэтую тэму. Я думаю, што дзесьці ў траўні могуць з’явіцца новыя сведкі і новыя абвінавачаныя. Працэс толькі пачынаецца. І тое, што мы чулі сёння ад суддзі, — гэта толькі працэдурныя пытанні і тлумачэння, як будзе адбывацца працэс. Але на працягу вясны, я ўпэўнены, будзе шмат яркіх навін».

— Гэта значыць вы не выключаеце, што ў Нідэрляндах будуць судзіць Пуціна?

— Вядома, гэта не азначае, што Пуціна даставяць у кайданках у Нідэрлянды, пасадзяць на лаву падсудных і ён там будзе даваць паказаньні. Усе разумеюць, што даставіць у суд хоць каго-небудзь з абвінавачаных, нават не генэралаў ГРУ, а хаця б простых салдат, якія сядзелі ў экіпажах ЗРК «Бук», немагчыма без палітычнай волі Расеі. А гэтай палітычнай волі ня будзе, ну прынамсі пакуль Пуцін знаходзіцца ва ўладзе.

Але тым ня менш калі Пуцін апынецца сярод абвінавачаных і калі будзе сабрана дастаткова паказаньняў і дастаткова матэрыялаў сьледзтва, каб паказаць што існаваў у справе МН17 ланцужок кіраваньня і загадаў, якія прывялі да таго, што «Боінг» быў зьбіты, то, вядома, гэта можа прывесьці да новых санкцыяў у дачыненьні да Крамля і да сур’ёзны’ палітычных мераў. І я ня думаю, што нейкаму Макрону або іншаму палітыку будзе пасьля гэтага так жа лёгка, як цяпер, прыяжджаць у Маскву і ціснуць руку Пуціну — пасьля таго, як усё гэта будзе агучана ў судзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG