Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне рыхтуюць новую адседку». Анархісту, які ўжо адбыў у калёніі 5 гадоў, пагражае новы тэрмін


Сяргей Раманаў
Сяргей Раманаў

Аднойчы Сяргею Раманаву выклікалі «хуткую», дактары зафіксавалі гіпэртанічны крыз. Але яго пакаралі 14 суткамі арышту за тое, што ён не знаходзіўся ў кватэры.

Гомельскі анархіст Сяргей Раманаў лічыць, што яго хочуць «ізаляваць яго ў месцах зьняволеньня» да прэзыдэнцкіх выбараў і для гэтага шукаюць любую падставу.

Сяргей Раманаў быў асуджаны паводле артыкулу 295.3 КК РБ «Незаконныя дзеяньні адносна прадметаў з гаручымі рэчывамі» да 5 гадоў зьняволеньня.

Пасьля выхаду з калёніі 3 ліпеня 2019 году ён знаходзіцца пад прэвэнтыўным наглядам.

Паводле рашэньня суду, цягам году Сяргею Раманаву нельга выходзіць з дому з 22 гадзін вечара да 6 раніцы, зьяжджаць і мяняць месца жыхарства, наведваць масавыя імпрэзы і ўстановы, дзе прадаюць алькагольныя напоі.

За гэты час яго двойчы каралі адміністрацыйным арыштам за парушэньне правілаў нагляду. Трэці пратакол, складзены ў лютым, цяпер знаходзіцца на разглядзе ў міліцыі. Калі і гэтым разам яго прызнаюць парушальнікам нагляду, справа можа закончыцца для яго новым тэрмінам. Два парушэньні з трох Сяргей лічыць незаконнымі і спрабуе аспрэчыць.

Раманаў таксама думае, што яго перасьледуюць за прыналежнасьць да анархісцкага руху.

«Хацеў выклікаць хуткую дапамогу»

«Першае парушэньне, у лістападзе мінулага году, я не аспрэчваю. Уначы мяне не было дома, давялося адсутнічаць, а тут прыехалі міліцыянты з праверкай і склалі пратакол. За тое парушэньне я адседзеў 5 сутак, прызнаю, што быў вінаваты», — расказаў Сяргей Раманаў.

Другое парушэньне ў сьнежні 2018 году ён лічыць несправядлівым і пакараньне за яго спрабуе абскардзіць. Са словаў Сяргея, у той дзень позна ўвечары ён выйшаў з кватэры, бо адчуў сябе вельмі дрэнна і хацеў выклікаць хуткую дапамогу. На лесьвіцы яго і сустрэў міліцыянт, які ішоў з уключанай відэакамэрай на мабільным тэлефоне.

Маладому чалавеку выклікалі «хуткую», дактары зафіксавалі ў яго гіпэртанічны крыз і дапамаглі. Але супрацоўнікі міліцыі ўсё ж склалі на Сяргея пратакол пра тое, што ён не знаходзіўся ў кватэры.

«Хаця я стаяў за некалькі мэтраў ад дзьвярэй», — абураецца Сяргей Раманаў.

Чыгуначны раённы суд Гомля пакараў Сяргея 14 суткамі адміністрацыйнага арышту. «Тую пастанову я аспрэчыў у Гомельскім абласным судзе, але яе пакінулі бязь зьменаў. Цяпер скарга чакае разгляду ў Вярхоўным судзе. Да мяне тады паставіліся перадузята», — мяркуе Сяргей Раманаў.

Падазроным Сяргей Раманаў лічыць і выпадак, калі на яго склалі трэці пратакол.

«23 лютага мне пазваніў знаёмы і прапанаваў сустрэцца ў цэнтры гораду пагаварыць. Пагадзіўся, сустрэліся. Але на вуліцы было холадна, мы зайшлі ў кавярню сагрэцца кавай. Там было шмат наведнікаў, і я проста не заўважыў, што ў бары ў іх яшчэ і сьпіртное прадаюць. Раптам зьяўляюцца міліцыянты і складаюць на мяне пратакол. Хіба такое можа быць выпадкова?»

«Альбо падоўжаць прэвэнтыўны нагляд, альбо ўвогуле адправяць за краты»

Раманаў лічыць, што шматгадовы перасьлед зьвязаны зь ягонай прыналежнасьцю да анархісцкага руху. У 2014 годзе Сяргея затрымалі з пакункам, у якім знайшлі тратыл. Раманаў казаў у судзе, што знайшоў пакет, хоць і прызнаў віну ў незаконным перавозе небясьпечнага рэчыва. Прысудзілі 6 гадоў зьняволеньня, пасьля абскарджваньня тэрмін паменшылі на 1 год.

Паводле Сяргея Раманава, у бабруйскай і магілёўскай калёніях, дзе ён адбываў пакараньне, да яго ставіліся беспадстаўна жорстка менавіта за ягоныя анархісцкія погляды. «Чапляліся і зьмяшчалі ў карцэр, арганізоўвалі правакацыі, прызналі схільным да ўцёкаў і злосным парушальнікам рэжыму»,— кажа Сяргей Раманаў.

Паводле Сяргея Раманава, пратакол, складзены на яго за зьяўленьне ў кавярні, разам з матэрыяламі двух ранейшых парушэньняў нагляду інспэктар міліцыі Чыгуначнага РАУС Гомля Дзьмітры Грышчанка перадаў сьледчым. Сяргей з гэтым нязгодны, бо яшчэ не разгледжаная ягоная скарга ў Вярхоўны суд Беларусі.

«Мне адкрытым тэкстам кажуць, што альбо працягнуць прэвэнтыўны нагляд, альбо адправяць за краты. І за што? Нядаўна я знайшоў працу, цяпер працую ў краме, паводжу сябе цалкам як нармальны грамадзянін, каму будзе лепш, калі мяне зноў «закрыюць»? — пытаецца Сяргей Раманаў.

Міліцыянт Дзьмітры Грышчанка, які ажыцьцяўляе прэвэнтыўны нагляд за Сяргеем Раманавым, адмовіўся камэнтаваць праз тэлефон ягоную справу.

«Я ня ведаю, з кім гавару», — адказаў міліцыянт карэспандэнту Радыё Свабода.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG