Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліенку не пусьцілі ў Вярхоўны суд на разгляд ягонай справы — за нашыўку і бірку на турэмнай робе


Зьміцер Паліенка прыйшоў у Вярхоўны суд у турэмнай робе з чырвонай налепкай і надпісам на бірцы «Свабоду Емяльянаву»

Вярхоўны суд Беларусі пакінуў бязь зьменаў прысуд анархісту Паліенку. Самога актывіста на разгляд скаргі не пусьцілі.

Калегія Вярхоўнага суду Беларусі не задаволіла апэляцыйнай скаргі актывіста анархісцкага руху Зьмітра Паліенкі на прысуд Менскага гарадзкога суду, паводле якога актывіст атрымаў 2 гады так званай «хатняй хіміі» за асабліва злоснае хуліганства. Прысуд пакінуты бязь зьменаў. Пры гэтым Зьмітра Паліенку не пусьцілі ў суд на разгляд справы. Зьміцер расказаў Свабодзе, як усё было.

«Я прыйшоў у суд у турэмнай робе з чырвонай нашыўкай і надпісам на бірцы „Свабоду Емяльянаву“. Але мяне не прапусьцілі, сказалі, альбо здымаю кашулю, альбо не праходжу. Гэта незаконна, вядома, але давялося застацца на ўваходзе. Шкада, што не прагучала мая прамова ў судзе. Хацеў сказаць, што ў нас любы суд у палітычнай справе — Вярхоўны, гарадзкі ці раённы, — гэта канвэер расправы над апанэнтам улады. У гэтым я перакананы — як і ў тым не сумняваўся, што пакінуць мой прысуд бяз зьменаў».

Паліенка сказаў, што будзе падаваць скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН, каб працягнуць ціск на беларускія ўлады за тое, што парушаюць правы грамадзян. Пра міліцыянтаў сказаў, што побач зь ім знаходзяцца супрацоўнікі ў цывільным, ён нават ведае іх прозьвішчы, але пакуль не чапаюць.

Актывіст анархісцкага руху Мікіта Емяльянаў 12 лютага быў асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня за тое, што 20 кастрычніка кінуў кактэйль Молатава ў ізалятар на вуліцы Валадарскага, дзе на той момант сядзеў Зьміцер Паліенка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG