Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці Пуцін назаўсёды і пры чым тут Беларусь? Карбалевіч разьбірае абнуленьне ў Крамлі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін

Такім чынам, галоўная інтрыга праекту зьмены Канстытуцыі РФ разьвязалася. Ніякага транзыту ўлады не будзе. Пуцін застаецца яшчэ на два тэрміны.

Сьцісла:

  • Прапанаваўшы рэформу палітычнай сыстэмы РФ, Пуцін напачатку загадаў шмат загадак. Цяпер яны адгаданыя.
  • Рашэньне Думы абнуліць прэзыдэнцкія тэрміны ня мае праўных падставаў, бо гэта ня новая Канстытуцыя, а ўсяго толькі папраўкі ў дзейны Асноўны закон.
  • Пуцін не пайшоў простым шляхам, каб прыбраць з Канстытуцыі артыкул аб двух прэзыдэнцкіх тэрмінах. Бо гэта выклікала б масавае незадаволеньне ў грамадзтве. Ён пайшоў складаным шляхам, каб схаваць галоўны пункт сярод іншых папулісцкіх артыкулаў Канстытуцыі.
  • Папраўка ў Канстытуцыю аб замацаваньні прынцыпу прыярытэту нацыянальнага права над міжнародным дае Расеі юрыдычныя падставы адмовіцца ад любых сваіх міжнародных абавязаньняў, у тым ліку ў рамках ЭАЭС і АДКБ.

Спачатку рэформа палітычнай сыстэмы РФ, прапанаваная расейскім лідэрам у яго чарговым пасланьні Фэдэральнаму сходу 15 студзеня, паставіла ўсіх у тупік. Пуцін загадаў шмат загадак. Дыскусіі пра сэнс ягоных прапановаў ішлі сярод як праўладных, так і апазыцыйных расейскіх экспэртаў. Усе варажылі, якую пасаду зойме Пуцін пасьля 2024 году.

Насамрэч усё атрымалася да прымітыўнага проста. Танны спэктакль, разыграны ў Думе 10 сакавіка, наўрад ці каго ўвёў у зман. Раптоўная прапанова Церашковай, тэрміновы прыезд Пуціна у Думу з гатовым тэкстам выступу, папраўкі ў праект Канстытуцыі, якія раздалі дэпутатам літаральна за 20 хвілін да галасаваньня — ўсё гэта загадзя падрыхтаваны экспромт.

Строга кажучы, з праўнага гледзішча прапанова Церашковай, падтрыманая Думай, няслушная. Фармальная падстава абнуліць прэзыдэнцкія тэрміны была б тады, калі б прымалася новая Канстытуцыя. Тады ўсё можна пачынаць з нуля. Аднак Пуцін настойліва падкрэсьлівае, што гэта ня новая Канстытуцыя, а ўсяго толькі папраўкі ў дзейны Асноўны закон. У такім разе юрыдычных падставаў для абнуленьня няма. Але каго сёньня ў Расеі цікавіць юрыдычны бок справы?

Узьнікае яшчэ адно лягічнае пытаньне. Навошта Пуціну спатрэбілася гарадзіць такі складаны плот? Чаму ён не пайшоў шляхам Лукашэнкі ды іншых постсавецкіх лідэраў і не прапанаваў прыбраць з Канстытуцыі артыкул, паводле якога адзін чалавек ня можа займаць пасаду прэзыдэнта больш за два тэрміны запар? Здавалася б, проста і зразумела.

У свой час, калі Пуцін памяняўся пасадамі зь Мядзьведзевым, Лукашэнка, мякка крытыкуючы расейскага лідэра, казаў журналістам з РФ: маўляў, навошта гэтыя хітрыкі, трэба быць шчырым з народам. І ў якасьці прыкладу прывёў сябе. Маўляў, вось я адкрыта зьвярнуўся на народу, прапанаваў на рэфэрэндуме прыбраць артыкул Канстытуцыі аб двух тэрмінах. То бок не хаваў, што хачу ўладарыць вечна.

Але рэч у тым, што такі ход расейскага прэзыдэнта выклікаў бы масавую незадаволенасьць у грамадзтве. Вяртаньне Пуціна ў 2012 г. спарадзіла ў Расеі палітычны крызіс, масавыя пратэсты (Балотная плошча). Нават нерэгістрацыя незалежных кандыдатаў у Маскоўскую гарадзкую думу летась прывяла да пратэстных акцыяў у Маскве.

Таму Пуцін вырашыў гуляць уцёмную. Ён прапанаваў зьмены Канстытуцыі, мала зразумелыя абываталю. Была пушчана своеасаблівая дымавая заслона. Афіцыйныя асобы і дзяржаўныя мэдыя шмат разважалі, што папраўкі ў Канстытуцыю, маўляў, арыентуюцца на разьвіцьцё парлямэнтарызму, умацаваньне дзяржаўных інстытутаў. А каб народ на рэфэрэндуме прагаласаваў, яму прапанавалі пернік у выглядзе палажэньняў аб пастаяннай індэксацыі пэнсіяў, заробку ня менш за пражытковы мінімум. Гэтая дымавая заслона была заклікана зрабіць папраўкі ў Канстытуцыю прывабнымі для насельніцтва і замаскаваць праўдзівы сэнс рэформы.

Якія наступствы гэтых расейскіх падзеяў для Беларусі?

Найперш — праект Саюзнай дзяржавы, з дапамогаю якога мелася на ўвазе працягнуць паўнамоцтвы Пуціна, адкінуты. І гэта добра.

Другі момант, на які, дарэчы, менш зьвярталі ўвагу экспэрты. У новым варыянце Канстытуцыі РФ мяркуецца замацаваць прынцып прыярытэту нацыянальнага права над міжнародным. І гэтая перамена вельмі важная для беларуска-расейскіх адносінаў.

Рэч у тым, што дасюль Лукашэнка, патрабуючы льготных цэнаў на энэргарэсурсы, апэляваў да дакумэнтаў ЭАЭС, падпісаных усімі чальцамі арганізацыі. Дык вось цяпер гэтая папраўка ў Канстытуцыю дае Расеі юрыдычныя падставы адмовіцца ад любых сваіх міжнародных абавязаньняў, у тым ліку ў рамках ЭАЭС і АДКБ. У прыватнасьці, Расея можа адмовіцца ад сваіх абавязаньняў перайсьці ў 2025 годзе да агульнага рынку энэргарэсурсаў і прадаваць Беларусі газ і нафту па ўнутрырасейскіх цэнах.

І, нарэшце, сёньняшняе рашэньне Дзяржаўнай думы рэзка зьмяншае імавернасьць зьмены Канстытуцыі Беларусі.

А ўвогуле ўсё сумна. Як у песьні Цімура Шаава:

«И в перспективе — всё один и тот же дядька,

И говорят, что девять жизней у него».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG