Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлях Лукашэнкі для Пуціна. Аглядальнік разважае пра сцэнары ўлады да 2036 году


Выступ Уладзіміра Пуціна ў Дзяржаўнай Думе РФ, 10 сакавіка 2020
Выступ Уладзіміра Пуціна ў Дзяржаўнай Думе РФ, 10 сакавіка 2020

Што азначае прапанова аб абнуленьні прэзыдэнцкіх тэрмінаў Уладзіміра Пуціна і яго рэакцыя на гэтую прапанову? У сьвятле сёньняшніх падзеяў у Дзярждуме Расеі які сэнс папярэдніх прапановаў Пуціна аб зьмене Канстытуцыі? Чаму Пуцін банальна не прапанаваў скасаваць абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для адной асобы?

Свае адказы на гэтыя пытаньні дае аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў.

Сьцісла:

  • У Пуціна ёсьць такая дзіўная якасьць, як павага да літары закону, чыста юрыдычных фармальнасьцяў
  • Падыход Лукашэнкі, калі ён у 2004 годзе скасаваў абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў, падаецца больш адпаведным духу аўтарытарнага рэжыму
  • Зроблены чарговы уяўна легалісцкі манэўр, ад якога ў мяне, як у гледача, засталося адчуваньне агіды
  • У сёньняшнім выступе Пуцін ідэю Дзяржсавету проста перакрэсьліў
  • Калі Канстытуцыйны суд прызнае прапанову Церашковай неадпаведнай Канстытуцыі, гэта будзе спэктакль ужо трэцяга ўзроўню

— Што азначаюць апошнія падзеі ў Дзярждуме Расеі? Дэпутатка Валянціна Церашкова, былая савецкая касманаўтка, прапанавала ўнесьці ў Канстытуцыю зьмену — абнуліць усе прэзыдэнцкія тэрміны Ўладзіміра Пуціна і даць яму магчымасьць балятавацца ў прэзыдэнты прынамсі яшчэ два разы. Дума большасьцю падтрымала гэтую прапанову. Сьпікер Вячаслаў Валодзін запрасіў у Думу прэзыдэнта. Пуцін даволі хутка прыехаў і даў даволі дзіўны адказ. Ён сказаў, што супраць скасаваньня абмежаваньня па колькасьці тэрмінаў, маўляў, два тэрміны — гэта сьвятое. А што тычыцца абнуленьня яго ўласных тэрмінаў, то ён заявіў, што Кастытуцыйны суд павінен вызначыць, ці адпавядае гэтая прапанова духу Асноўнага закону РФ.

Што азначае гэтая бізантыйшчына? Яе варта параўнаць зь беларускім досьведам. Аляксандар Лукашэнка яшчэ ў 2004 годзе вынес на рэфэрэндум няхітрую і наўпроставую прапанову аб скасаваньні абмежаваньня на колькасьць тэрмінаў прэзыдэнцтва для адной асобы. Што азначаюць гэтыя расейскія складанасьці?

Яраслаў Шымаў
Яраслаў Шымаў

— На мой погляд, гэта працяг таго дзіўнага дзяржаўна-прававога спэктаклю, пачатак якога мы бачылі яшчэ ў 2008 годзе, калі Пуцін сышоў пасьля свайго другога тэрміну кіраваньня і на 4 гады перадаў прэзыдэнцкі фатэль Дзьмітрыю Мядзьведзеву, праз 4 гады вярнуўся, прэзыдэнцкі тэрмін быў тады падоўжаны. Зараз ён знаходзіцца ў сярэдзіне свайго другога-другога тэрміну — агулам чацьвёртага.

Гэта тая камбінацыя, калі стала зразумела, што Пуцін вярнуўся, што гэта быў манэўр, каб фармальна не парушаць артыкулы Канстытуцыі.

Варта нагадаць, што ён выпускнік юрыдычнага факультэту. У яго ёсьць такая дзіўная якасьць, як павага да літары закону, чыста юрыдычных фармальнасьцяў. Лукашэнка ў 2004 годзе дзейнічаў больш проста і больш шчыра, у нейкім сэнсе больш сумленна. Перашкаджаюць прэзыдэнту канстытуцыйныя абмежаваньні — трэба іх прыбраць, правядзем рэфэрэндум без ніякай палітычнай дыскусіі. І ў 2020 годзе можна балятавацца ў шосты раз. Мне, шчыра кажучы, такі падыход падаецца больш адпаведным духу аўтарытарнага рэжыму.

Пуцін увесь час лявіруе, хоча паказаць, што ён фармальна паважае Канстытуцыю. Таму спатрэбілася такая дзіўная камбінацыя, калі мяняецца Канстытуцыя, і гэта выкарыстоўваецца як нагода для таго, каб першая касманаўтка Зямлі прапанавала папраўку пра абнуленьне тэрмінаў прэзыдэнцтва для Пуціна.

Па сутнасьці гэтая папраўка лукашэнкаўская — гэта скасаваньне абмежаваньня на колькасьць пераабраньняў. І вось прыяжджае высакародны прэзыдэнт і адмаўляецца. Ва ўсім гэтым ёсьць элемэнт спэктаклю. Але на мой погляд спэктаклю вельмі таннага.

Калі б Пуцін сказаў — я адмаўляюся ад такой папраўкі, я не прымаю яе, я сыходжу ў 2024 годзе — вось гэта была б сэнсацыя. А так зроблены чарговы уяўна легалісцкі манэўр, ад якога ў мяне, як у гледача, засталося адчуваньне агіды.

— Яраслаў, вы сказалі пра легалізм, юрыдычны фэтышызм Пуціна. Але некаторыя аглядальнікі бачылі ў гэтым працяг расейскай традыцыі, прыгадвалі, як цар Іван Жахлівы нібыта адмаўляўся ад улады, каб народ і баяре «упрасілі» яго не пакідаць свой народ без улады. Цяперашні спэктакль з прапановай Церашковай — гэта ня тое самае? А можа гэта наагул уласная ініцыятыва Церашковай? Ці там усё расьпісана, як па нотах?

— Пуцін прыехаў вельмі хутка на запрашэньне Валодзіна. І свой выступ ён хоць і рабіў не па паперцы, але часткова чытаў. Так што яго выступ быў падрыхтаваны. Я тут элемэнт сюрпрызу зводжу да мінімуму.

Яшчэ калі ў сярэдзіне студзеня пачаўся ўвесь гэты «варушняк» — адстаўка ўраду Мядзьведзева, фармаваньне ўраду Мішусьціна, прапановы аб папраўках у Канстытуцыі — большасьць назіральнікаў казалі, што гэта робіцца для працягу паўнамоцтваў Пуціна пасьля 2024 году. Адзінае, што там заднім лікам было дзіўны — гэтая тая колькасьць туману, якую ён навёў. Пуцін тады казаў пра рост вагі Дзяржсавету. А ў сёньняшнім выступе ён гэты Дзяржсавет проста перакрэсьліў, сказаўшы, што ня трэба пераносіць на гэты орган частку паўнамоцтваў прэзыдэнта, бо гэта прывядзе да двоеўладзьдзя.

Сёньня ён ізноў вярнуўся да даўняй ідэі аб моцнай прэзыдэнцкай уладзе. Мяркуецца пашырыць паўнамоцтвы Думы, але відавочна, што калі Пуцін застаецца ў Крамлі неабмежавана доўга, то ўсё гэта будзе шырмай для яго адзінаўладзьдзя. Там было вельмі шмат туману. Навошта было яго напускаць — цяжка сказаць. Пуцін — выхадзец са спэцслужбаў. Зь іншага боку, пры ўсёй яго добрай фізычнай форме ён чалавек немалады. Напэўна, узьнікаюць моманты, калі хочацца разыграць нейкую камбінацыю, увесьці ўсіх у зман, каб усе гадалі, чаго ж ён хоча. Напэўна, гэта нават прыемна.

— Многія меркавалі, што Пуцін хоча скапіяваць казахстанскую схему: ён — елбасы, ён нацыянальны лідэр на чале Дзяржсавету, які кіруе з-за кулісаў. Але ён сам тлумачыў, што гэта — двоеўладзьдзе, пагроза смуты. Калі так, то навошта наагул ішлося пра той Дзяржсавет? Гэта яшчэ адно згушчэньне таго туману?

— Зараз Пуцін фактычна праклаў сябе шлях, каб з 2024 году кіраваць яшчэ 12 гадоў. У 2036 годзе будзе 83 гады. Можа ён і пратрымаецца да такіх гадоў, але гэта будзе ўзрост вельмі сталы, скажам так. Магчыма, ён хоча гэтае доўгае кіраваньне хоча абставіць гэта нейкімі інстытутамі, якія дапамагалі б прэзыдэнту, які старэе. Яны былі б пад яго поўным кантролем, але нейкую руцінную працу ім можна было б перадаць.

— А вас вельмі зьдзівіць, калі Канстытуцыйны суд скажа, што прапанова аб абнуленьні тэрмінаў Пуціна не адпавядае Канстытуцыі?

— Мяне гэта вельмі зьдзівіць. Тады гэта будзе спэктакль другога ці нават трэцяга ўзроўню. Першы — прапанова з Дзяржсаветам і роляй нацыянальнага лідэра ў духу Назарбаева. Другі — сёньняшні адказ на прапанову Церашковай. Мне Пуцін не падаецца чалавекам настолькі складаным, каб ладзіць трэці акт гэтага спэктаклю. Калі КС прыме такое рашэньне, гэта будзе ўжо нейкая касьмічная рэальнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG