Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ 7 краінаў Эўразьвязу зрабілі бясплатныя візы для дзяцей або зьніжку на іх

абноўлена

Шэнгенская віза, ілюстрацыйнае фота

Амбасады 7 краін Эўразьвязу ўсьлед за Польшчай увялі льготы на атрыманьне шэнгенскай візы для беларускіх дзяцей, піша Tut.by.

Што адбылося?

  • Ад 2 лютага консульскі збор на атрыманьне шэнгенскай візы для беларусаў складае 80 эўра.
  • Кіраўнік МЗС Вугоршчыны Петэр Сіярта 3 выказваўся пра нясправядлівасьць таго, што грамадзяне Беларусі павінны плаціць большы візавы збор да ўваходжаньня ў сілу пагадненьня аб палягчэньні візавага рэжыму.
  • Польшча 10 сакавіка ўвяла бясплатныя візы для дзяцей і моладзі, якія зьбіраюцца наведаць адукацыйныя, культурныя ці спартовыя мерапрыемствы, арганізаваныя некамэрцыйнымі арганізацыямі.

Якія краіны акрамя Польшчы пайшлі на саступкі?

У амбасадах Італіі і Вугоршчыны адмянілі консульскі збор з дзяцей да 18 гадоў. Раней, у амбасадзе Італіі шэнгенская віза была бясплатнай толькі для дзяцей да 12 гадоў.

У амбасадах Літвы і Францыі ад консульскага збору вызвалілі дзяцей да 6 гадоў. Шэнген для дзяцей да 12 гадоў будзе каштаваць 40 эўра.

У амбасадзе Латвіі шэнгескую візу для дзяцей да 12 гадоў зрабілі бясплатнай. Для дзяцей ад 12 да 18 гадоў консульскі збор складзе 35 эўра.

У амбасадзе Эстоніі шэнген зрабілі бясплатнымі для дзяцей да 6 гадоў, віза для дзяцей ад 6 да 11 гадоў абыдзецца ў 40 эўра.

Амбасада Нямечыны ня будзе браць консульскі збор з дзяцей да 11 гадоў, іншых выключэньняў на момант публікацыі няма.

Як сказала Свабодзе супрацоўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Паліна Лысюк, падобныя рашэньні краіны падобныя рашэньні консульствы краінаў Эўразьвязу могуць прымаць незалежна ад іншых актараў.

Што важна ведаць пра цэны на шэнген?

З 2 лютага ў Эўразьвязе пачаў дзейнічаць новы візавы кодэкс, які прадугледжвае падвышэньне кошту шэнгенскіх візаў да 80 эўра для шэрагу краін. Сярод іх таксама апынулася Беларусь (грамадзяне Расеі, нагадаем, плацяць за шэнгенскую візу 35 эўра, для украінцаў візы не патрэбныя).

Аднак падаражаньне можа быць непрацяглым. Ужо летам кошт шэнгенскіх візаў для грамадзян Беларусі можа зьнізіцца да 35 эўра. Для гэтага беларуская Плата прадстаўнікоў павінна ратыфікаваць адпаведнае пагадненьне паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, якое было падпісанае 8 студзеня. Бліжэйшая сэсія Палаты прадстаўнікоў пачнецца ў красавіку. Такім чынам калі дэпутаты прагаласуюць за зьніжэньне кошту шэнгенскіх візаў на пачатку сэсіі, то ўжо з чэрвеня іх кошт можа зьнізіцца з 80 да 35 эўра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG