Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз адмовіўся замарожваць для Беларусі кошт «шэнгену»


Эўразьвяз ня будзе замарожваць для Беларусі кошт шэнгенскіх віз на цяперашнім узроўні ў 60 эўра да набыцьця сілы візавага пагадненьня, паведамілі БелТА ў прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Беларусі.

«Беручы пад увагу абмежаваньні ў часе і працэдурныя патрабаваньні, павышэньне шэнгенскага візавага збору з 2 лютага 2020 году адмяніць (замарозіць) для грамадзян Беларусі немагчыма», — заявілі ў прадстаўніцтве.

З 2 лютага 2020 году пачнуць дзейнічаць новыя правілы выдачы шэнгенскіх візаў для ўсіх краінаў, паводле якіх віза падаражэе да 80 эўра.

8 студзеня Беларусь і Эўразьвяз падпісалі пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму — зьніжэньні для беларусаў цаны на шэнгенскую візу да 35 эўра і скарачэньні тэрміну выдачы візаў да 10 дзён. Але падпісаньне пагадненьняў — яшчэ не апошні крок за візаў па 35 эўра. Пасьля падпісаньня абодва пагадненьні павінны будуць прайсьці працэдуру ратыфікацыі і ў Нацыянальным сходзе Беларусі, і ў Эўрапарлямэнце.

МЗС Беларусі заклікаў Эўразьвяз «замарозіць» кошт шэнгенскіх візаў на ўзроўні 60 эўра для беларусаў да ўступленьня ў сілу пагадненьня. Эўрапейскія ўлады атрымалі просьбу беларускага боку і пацьвердзілі, што будуць рабіць усё магчымае, каб задаволіць просьбу Беларусі, але толькі ў рамках існага заканадаўства. Пытаньне абмяркоўвалася ў структурах Эўрапейскай камісіі.

Пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму набывае моц у першы дзень другога месяца пасьля абмену паведамленьнямі пра выкананьне названых працэдураў. Беларускія парлямэнтары плянуюць ратыфікаваць пагадненьне на веснавой сэсіі ў пачатку красавіка. На сайце Эўразьвязу гаворыцца, што абодва пагадненьні могуць набыць моц сёлета ў чэрвені. Да гэтага часу візы для беларусаў будуць каштаваць 80 эўра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG