Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча ўвяла бясплатныя візы для маладых беларусаў і ўзмацняе санітарны кантроль на мяжы 

абноўлена

Кансулят Польшчы ў Менску
Кансулят Польшчы ў Менску

Міністар замежных спраў Польшчы, не чакаючы ўступленьня ў сілу Пагаднення аб спрашчэньні візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі, выдаў пастанову аб увядзеньні нулявой тарыфнай стаўкі за прыём і разгляд візавых анкетаў на атрыманьне шэнгенскіх візаў для маладых беларусаў.

Нулявая стаўка для ўдзелу ў культурных імпрэзах

Такім чынам, ад абавязку аплаты за прыём і разгляд візавых анкетаў на атрыманьне шэнгенскіх візаў у польскіх консульскіх установах на тэрыторыі Беларусі вызваляюцца дзеці ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў і моладзь ва ўзросце да 25 гадоў, якая бярэ ўдзел у сэмінарах, канфэрэнцыях, спартовых, культурных або адукацыйных імпрэзах, арганізаваных некамэрцыйнымі арганізацыямі.

Нулявая тарыфная стаўка консульскага збору дзейнічае выключна да 31 сьнежня 2020 году. Заяўнікі не вызваляюцца ад абавязку аплаты ў выпадку паўторнага прыёму і разгляду візавых анкетаў на атрыманьне шэнгенскіх або нацыянальных візаў.

Акрамя Польшчы на саступкі пайшлі яшчэ 7 краін

У амбасадах Італіі і Вугоршчыны адмянілі консульскі збор з дзяцей да 18 гадоў. Раней, у амбасадзе Італіі шэнгенская віза была бясплатнай толькі для дзяцей да 12 гадоў.

У амбасадах Літвы і Францыі ад консульскага збору вызвалілі дзяцей да 6 гадоў. Шэнген для дзяцей да 12 гадоў будзе каштаваць 40 эўра.

У амбасадзе Латвіі шэнгескую візу для дзяцей да 12 гадоў зрабілі бясплатнай. Для дзяцей ад 12 да 18 гадоў консульскі збор складзе 35 эўра.

У амбасадзе Эстоніі шэнген зрабілі бясплатнымі для дзяцей да 6 гадоў, віза для дзяцей ад 6 да 11 гадоў абыдзецца ў 40 эўра.

Амбасада Нямечыны ня будзе браць консульскі збор з дзяцей да 11 гадоў, іншых выключэньняў на момант публікацыі няма.

Як сказала Свабодзе супрацоўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Паліна Лысюк, падобныя рашэньні краіны падобныя рашэньні консульствы краінаў Эўразьвязу могуць прымаць незалежна ад іншых актараў.

Санітарныя працэдуры для спыненьня каранавірусу

Тым часам ад 10 сакавіка на польска-беларускай мяжы ўводзіцца ўзмоцнены санітарны кантроль, паведамляе Polskie Radio.

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы, такое рашэньне павінна спыніць распаўсюд каранавірусу.

На межах зь Беларусьсю, Украінай і Расеяй пачнуць дзейнічаць новыя мэдыцынскія і санітарныя працэдуры. Комплексны кантроль будуць праводзіць польскія памежнікі, пажарныя, мытнікі і інспэкцыя дарожнага транспарту. Калі адмыслоўцы выявяць хворага, яго адразу ж шпіталізуюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG