Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамову з ЭЗ у Беларусі ратыфікуюць увесну, а пакуль візы будуць па 80 эўра


Ілюстрацыйнае фота

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў плянуюць ратыфікаваць пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам на вясновай сэсіі, перадае БелТА заяву старшыні пастаяннай камісіі міжнародных справаў Андрэя Савіных.

Вясновая сэсія мае пачацца 2 красавіка 2020 году і закрыецца летам. Канкрэтныя даты, у якія могуць прызначыць ратыфікацыю, пакуль не называюцца.

Днём раней, 8 студзеня Беларусь і Эўразьвяз падпісалі пагадненьні аб рэадмісіі (вяртаньні «нелегалаў») і візавым рэжыме — зьніжэньні для беларусаў цаны на шэнгенскую візу да 35 эўра і скарачэньні тэрміну выдачы візаў да 10 дзён.

Але падпісаньне пагадненьняў — яшчэ не апошні крок за візаў па 35 эўра. Пасьля падпісаньня абодва пагадненьні павінны будуць прайсьці працэдуру ратыфікацыі і ў Нацыянальным сходзе Беларусі, і ў Эўрапарлямэнце. Пагадненьні набываюць моц у першы дзень другога месяца пасьля абмену паведамленьнямі пра выкананьне названых працэдураў.

Новыя правілы выдачы шэнгенскіх візаў для ўсіх краінаў, паводле якіх віза падаражэе да 80 эўра, пачнуць дзейнічаць з 2 лютага 2020 году. Чакаецца, што пагадненьні аб «візах па 35» не пасьпеюць набыць моц да 2 лютага, калі пачнуць дзейнічаць правіла аб «візах па 80». МЗС Беларусі дапускала, што некаторы час візы для беларусаў могуць каштаваць 80 эўра, калі ня будзе дадатковых дамоўленасьцей, каб «замарозіць» тарыфы да ўваходу ў сілу пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму.

На сайце Эўразьвязу гаворыцца, што абодва пагадненьні могуць ўступіць у сілу сёлета ў чэрвені.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG