Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС дапусьціў падвышэньне кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў да 80 эўра 


Анатоль Глаз

19 сьнежня Рада Эўразьвязу ўхваліла пагадненьне зь Беларусьсю аб рэадмісіі, пасьля чаго было афіцыйна прапанавана падпісаць пакет пагадненьняў аб спрашчэньні выдачы візаў і рэадмісіі ў студзені 2020 году.

Ці гатовы да гэтага беларускі бок? Сытуацыю пракамэнтаваў начальнік упраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

«Мы цалкам гатовыя падпісваць гэтыя пагадненьні з 18 верасьня, ад моманту зьяўленьня адпаведных прэзыдэнцкіх указаў, — адзначаецца на сайце ведамства. — Мы зацікаўлены зрабіць гэта як мага хутчэй, хоць у Менску, хоць у Брусэлі. Важны вынік, а не тэхнічны бок справы. Аднак нашы эўрапейскія партнэры за тры месяцы не змаглі завяршыць свае працэдуры і агучылі прапанову зрабіць гэта ў студзені наступнага году. Што стала прычынай такой доўгай унутранай працы, карэктней спытаць у іх».

Паводле Анатоля Глаза, кансультацыі для ўзгадненьня даты і фармату працэдуры падпісаньня ўжо ідуць. Аднак эўрапейскі бок папрасіў даць яшчэ тры тыдні для тэхнічнай зьверкі тэксту пагадненьня.

У зьвязку з гэтым прадстаўнік МЗС нагадвае, што пагадненьні падлягаюць ратыфікацыі Нацыянальным сходам Беларусі, з боку ЭЗ — Эўрапейскім парлямэнтам. Яны ўступяць у сілу ў першы дзень другога месяца пасьля абмену паведамленьнямі пра выкананьне названых працэдураў.

Паводле Глаза, ужо цяпер відавочна, што ў прапанаваныя Брусэлем тэрміны дамовы не набудуць сілу да пачатку дзеяньня новага Візавага кодэксу ЭЗ, які прадугледжвае павышэньне кошту шэнгенскіх візаў да 80 эўра 2 лютага 2020 году. Гэта значыць, некалькі месяцаў беларускія грамадзяне будуць вымушаныя плаціць за шэнгенскую візу не 35, а 80 эўра.

Анатоль Глаз запэўнівае, што Менск заклікаў эўрапейскі бок адшукаць палітычнае ці юрыдычнае рашэньне з тым, каб «замарозіць» тарыфы да ўваходу ў сілу пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG